У Магілёве 22 снежня адбылася рэгіянальная канферэнцыя па бяспецы, арганізаваная мясцовымі сябрамі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
У канферэнцыі прынялі ўдзел больш за трыццаць журналістаў і грамадскіх актывістаў з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны.
Удзельнікі абмеркавалі два блокі пытанняў. Спачатку намеснік старшыні ГА “БАЖ” Алег Агееў распавёў пра новыя пагрозы, якія ўзнікаюць перад журналістамі, блогерамі і сродкамі масавай інфармацыі ў сувязі са зменамі ў беларускім заканадаўстве і прыняццём новай рэдакцыі Закона “Аб СМІ”.
Пасля абмеркавання гэтага пытання эксперт па лічбавай бяспецы Мікалай Кванталіані зладзіў прэзентацыю на тэму “Лічбавая, каммунікацыйная, асабістая бяспека. Як абараняцца?” Эксперт азнаёміў прысутных з асноўнымі правіламі, якіх патрэбна прытрымлівацца, каб забяспечыць асабістую бяспеку пры карыстанні рознымі гаджэтамі і працы ў інтэрнэце.
Выступы абодвух экспертаў выклікалі вялікую цікавасць у ўдзельнікаў канферэнцыі. Алегу Агееву і Мікалаю Кванталіані давялося адказваць на шматлікія пытанні магілёўцаў, выслухаць іх меркаванні пра тое, чым пагражаюць журналістам змены ў заканадаўства аб СМІ, распавесці пра асаблівасці працы з сацыяльнымі сеткамі і г. д. Магілёўскіх бажаўцаў непакоіла тое, што змены ў Закон “Аб СМІ”, якія пагаршаюць сітуацыю з забеспячэннем права на свабоду слова ў краіне, не выклікалі шырокага рэзанансу ў беларускім грамадстве.
Свае меркаванне наконт узнятых праблем падчас канферэнцыі выказалі Дзяніс Васількоў, Уладзімір Лапцэвіч, Барыс Бухель, Галіна Будная, Алесь Асіпцоў, Зміцер Салаўёў, Аляксандр Буракоў (малодшы), Міхаіл Аршынскі, Барыс Вырвіч і іншыя ўдзельнікі мерапрыемства.
Па завяршэнні канферэнцыі кіраўнік праекта Mogilev.Report Дзяніс Васількоў павіншаваў калег з надыходзячымі святамі і ўручыў Падзякі ды невялікія падарункі журналістам, якія актыўна асвятлялі і ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці Магілёва. Свае заслужаныя ўзнагароды атрымалі магілёўскія сябры ГА “БАЖ” Аліна Скрабунова, Алесь Сабалеўскі і Аляксандр Буракоў (малодшы).
Ужо традыцыйна арганізаваная магілёўскімі сябрамі ГА “БАЖ” канферэнцыя прайшла ў гасцінных сценах Грамадскага цэнтра “Кола” ў Магілёве.
Фота: Алесь Сабалеўскі, Барыс Вырвіч
Крыніца: baj.by