У Магілёве адчыніўся 5-ы Форум рэгіёнаў Расеі і Беларусі. Будуць плянарныя паседжанні, сустрэча Пуціна і Лукашэнкі ды безліч традыцыйных заяваў пра братэрства ды інтэграцыю. Форум цягнецца ажно да пятніцы. Сёння ж «Белсат» высвятляў, як падрыхтоўка да мерапрыемства паўплывала на жыццё гаспадароў – жыхароў Магілёва.
Фота Радыё СвабодаМы будавалі-будавалі, і нарэшце пабудавалі. Трыумфальная арка на ўездзе ў Магілёў з менскага кірунку адкрылася якраз пад Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі. Магілёўцы задаволеныя…
Жыхары Магілёва:
«Арка прыгожая… Магілёву патрэбная была такая фішачка».
«Гэта будзе прыцягваць больш турыстаў. Таму трэба такія аб‘екты».
…але не ўсе.
Жыхары Магілёва:
«Ускраіны закінутыя, а цэнтр шыкоўны. Усё кінутае на Падміколле, усе грошы сышлі туды. А на ўскрайкі няма».
«Я так разумею, не адзін дзясятак мільёнаў долараў уклалі ў гэтую лухту».
«Пры Савецкім Саюзе адзін суботнік на год быў, а цяпер іх вельмі шмат. І яшчэ грошы здаём».
Сапраўды, Трыумфальная арка – ці не самы спрэчны аб‘ект Магілёва. Бо каштавала $ 2 млн – частку грошай некалькі разоў прымусова-добраахвотна забіралі з заробкаў магілёўцаў. Мясцовыя ўлады мусілі адчыніць арку яшчэ летась, на 750-годдзе Магілёва, але не змаглі. І з усіх трыумфаў са старажытнай гісторыі гораду – толькі перамога ў Вялікай Айчыннай вайне і ордэн Леніна.
Уладзімір Шанцаў, кіраўнік Аб‘яднанай грамадзянскай партыі па Магілёўскай вобласці:
«Грошы падаткаплатнікаў выдаюцца не на патрэбы насельніцтва, а на тое, каб не лаялі нашае гарадское кіраўніцтва вялікія начальнікі з Менску, і каб спадабацца Пуціну».
Пры гэтым, калі збочыць з цэнтральных вуліцаў у двары, то ўсё выглядае іначай. Ёсць і дамы, што год стаяць з разабранымі балконамі, і разбітыя дарогі. Пратэставаць супраць дарагой паказухі для Пуціна забаронена. Кіраўнік Аб‘яднанай грамадзянскай партыі па Магілёўскай вобласці падаваў заяўку на мітынг пратэсту – яму адмовілі, бо заяўка аформленая не на дазволенае месца. Усе пратэсты ў Магілёве цяпер ціхія, максімум – налепка на слупе.
Станіслаў Паўлінковіч, магілёўскі актывіст:
«Мяне асабліва абурае, што ў горадзе развешаныя расейскія трыкалоры, па ўсіх праспектах. Мы ж не калонія нейкая».
Але ёсць і пазітыў! Да прыезду Пуціна ўлады Магілёва дабудавалі корпус Беларуска-Расейскага ўніверсітэту, самы вядомы і самы дарагі даўгабуд гораду. Вось толькі давялося разабраць амаль пабудаваны спартовы корпус і замяніць яго адкрытымі пляцоўкамі. Шэраг сустрэчаў Форуму рэгіёнаў Расеі і Беларусі пройдзе менавіта ў новым корпусе БРУ.
Аляксей Паўлоўскі, магілёўскі актывіст Прафсаюзу РЭП:
«Замест таго, каб за 2 гады яго пабудаваць – 25 гадоў. Віна на 100%, як я лічу, ляжыць на Аляксандры Лукашэнку, бо сваймі ўказамі ён замарожваў будаўніцтва ў парушэнне нарматыўных актаў. Сотні тысячаў студэнтаў даўно маглі б карыстацца гэтым аб’ектам, ён мог быць упрыгожваннем краіны і гораду».
Раённыя ўлады прыспешылі і адлоў безнаглядных жывёлінаў. Камунальнікі актыўна ловяць, а ў горадзе ідуць чуткі пра адстрэл катоў і сабакаў проста на вуліцах.
Фота: БелсатСяргей Калтуноў, кіраўнік Аддзелу адлову безнаглядных жывёлінаў «Спецаўтапрадпрыемства»:
«Нам загадалі, што мусіць быць парадак. Вось і будзе цяпер парадак заўсёды і паўсюль! Нікога мы не адстрэльвалі, бадзяжных забіраем, а пасля ўсыпляем… Калі ваш кот ці сабака ўцёк, то гэта вашая праблема. У кожнага павінен быць чып, рэгістрацыя, ашыйнік. Чыпаваных мы не чапаем».
І такі аўрал – ва ўсім. Нават паказальны парк у мікрараёне Падміколле, куды магілёўцаў звозілі на суботнікі, зрабілі спехам. Прыгожа, але цяпер выявілася, што вецер залівае вадой з фантану прыступкі сходаў да Дняпра.
Яраслаў Сцешык, belsat.eu