Ініцыятыва “Грамадскі магістрат” Магілёва 20 верасня правяла грамадскія слуханні па захаванні тэрыторыі і будынка былога Хлебазавода №2.
Сустрэча адбылася ў офісе інфапартала 6tv.byУдзельнікі Магістрату і зацікаўленыя магілёўцы абмеркавалі інвестпраект, які зараз рэалізуецца на прылеглай тэрыторыі (былой тэрыторыі прадпрыемства “Горсвятло”), і магчымыя вынікі яго рэалізацыі. Там зараз ідуць падрыхтоўчыя працы для стварэння “Асветніцкага цэнтру для моладзі”, праект якога рэалізуе кампанія “Сервалюкс” на замову і сродкі дабрачыннага асветніцкага фонду “Ор Авнер”. Па факце – гэта будзе габрэйскі рэлігійны аб’ект з адпаведнымі адукацыйнымі ўстановамі і памяшканнямі для малітваў. З аднаго боку, у гэтым варыянце забудовы і выкарыстання тэрыторыі гістарычнага цэнтру горада няма нічога кепскага, але ўзнікаюць пытанні, чаму менавіта тут вырашылі будаваць такі рэлігійны цэнтр, ці былі нейкія іншыя прапановы, ці не трэба было правесці грамадскія слуханні і абмеркаванні па будаўніцтву падобнага аб’екту. Ну і яшчэ адну акалічнасць, звязаную с забудовай у ахоўнай гістарычнай зоне горада, узгадаў старшыня грамадскага аб’яднання “Ахова помнікаў гісторыі і культуры” Антон Астаповіч – такая забудова, згодна закону, мусіць у першую чаргу аднаўляць былую гістарычную забудову, а не быць цалкам дадуманым навадзелам. Прысутныя на паседжанні магілёўцы падтрымалі прапанову даслаць запыты на гэты конт у адпаведныя кантрольныя органы.
Пра планы забудовы тэрыторыі і акалічнасці праекту ад кампаніі “Сервалюкс” распавядае Ігар Пушкін – сябра Грамадскага магістрату, удзельник архітэктурна-горадабудаўнічага Савету Антон Астаповіч – старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культурыАдной з найбольш прывабных, па меркаванні ўсіх прысутных, варыянтаў выкарыстання будынку Хлебазаводу №2 – стварэнне на гэтай пляцоўцы грамадска-культурнага аб’екту з адпаведнай рэканструкцыяй навакольнай тэрыторыі. Нават калі будзе рэалізаваны праект фонду “Ор Авнер”, і з улікам усіх існуючых пабудоў у гэтым раёне – а тут месцяцца і музеі, і дзіцячыя мастацкія школы, а сама тэрыторыя прылягае да пешаходнай зоны, падобны варыянт вельмі ўпішацца ў агульную канцэпцыю тэрыторыі. Ну а галоўнае – па магчымасці захаваць ужо існуючы будынак, бо ў любым выпадку, гэта наша гісторыя, зруйнаваць якую лёгка, але вярнуць былое будзе ўжо немагчыма. Адзначым, што з Хлебазаводам звязаны і гераічныя старонкі гісторыі Магілёва – на прадпрыемстве пад час Другой сусветнай вайны дзейнічала падпольная арганізацыя. Па рашэнні ўдзельнікаў слуханняў, так сама будзе актывізаваны збор неабходных дакументаў па наданню будынку статусу “гістарычнай каштоўнасці”.
Знешні выгляд аднаго з апошніх варыянтаў запланаванага “Асветніцкага цэнтру для моладзі з дзіцячым садком і школай” (праектаванне будынка асветніцкага цэнтра знаходзіцца на пачатковай стадыі) Агульны план забудовы тэрыторыі былога прадпрыемства “Горсвятло” і “Хлебазавод №2”. Згодна гэтага, папярэняга плану, на месцы будынку хлебазавода будзе месціцца зялёная зона і невялікі будынак “грамадскага прызначэння”Напрыканцы сустрэчы выкладчык сацыялогіі ўніверсытэту Юрый Бубнаў распавёў пра вынікі даследавання сярод студэнтаў па пытанях адносінаў да гістарычных будынкаў. Галоўны вынік даследаванняў – хоць моладзь і схіляецца ў асноўным да думкі, што захаваннем і аднаўленнем гістарычных будынкаў мусіць у большай ступені клапаціцца дзяржава, але вялікая частка апытаных гатовая дапамагаць, пры чым нават фінансава, у аднаўленні нашай гістарычнай спадчыны.
Доктар сацыялогіі Юрый Бубнаў распавядае пра даследванне сярод студэнтаўПа выніках грамадскіх слуханняў “Грамадскі магістрат” Магілёва падрыхтуе і агучыць рэзалюцыю, будуць напраўленыя запыты ў кантрольныя і дзяржаўныя ўстановы наконт адпаведнасці рэалізуемага праекта “Асветніцкага цэнтру для моладзі” усім законным патрабаванням, і ў тым ліку прапанова правесці грамадскае абмеркаванне праекту сярод гараджанаў.
Нагадаем, што наш партал ужо закранаў тэму і пра лёс старога хлебазавода, і пра грамадскія і культурныя прасторы ў Магілёве, Новая хваля актыўнасці ў гэтым накірунку сведчыць аб тым, што гэтая тэма ўсё яшчэ цікавіць магілёўцаў, якім неабыякава далейшае развіццё горада, а менавіта – пашырэнне агульнагарадскіх культурных прастораў і захаванне нашай гістарычнай спадчыны.
Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара