Брудныя пад’езды, яміны на дарогах, непрыбраныя вуліцы – вельмі часта ў нашых гарадах добраўпарадкуюць толькі цэнтр, а ўскрайкі прадастаўленыя самі сабе. Улады не толькі не робяць там рамонту, але часам і спрыяюць пагаршэнню сітуацыі, як гэта здарылася ў Магілёве.
Да вуліцы гэтае балотца мала падобнае, але месціцца яно ў межах гораду, за тры кіламетры ад гарвыканкаму. Жыхары 3-га Калужскага завулку ў Магілёве адзначаюць, што яшчэ нядаўна дарога тут была. Раскапалі яе працаўнікі Будаўніча-мантажнага ўпраўлення нумар 6.
«Да перакопкі яны клалі кабель, электрыкі, дарога была такая, як тут, не вельмі выдатная, але прайсці можна было. Тыдзень таму праклалі кабель, сказалі, што вернуць дарозе першапачатковы выгляд. І бачыце, як яны вярнулі», – распавядае жыхар завулку Уладзімір Лашкевіч.
Разбураная электрыкамі дарога – не адзіная праблема гэтага завулку. Дамы стаяць у нізкім месцы, і вада пасля дажджу сцякае ў лёхі. Спраўляцца з затапленнем даводзіцца самастойна. Праблема адсутнасці ліўневай каналізацыі не развязваецца гадамі, скардзіцца жыхарка завулку Ніна Хамюк:
«Усе казалі, што трэба нешта дапамагчы, зрабіць, каб людзі маглі прайсці, дзеці, дарожкі нейкія, трубы пакласці на сцёкі на гэтыя, ну што гэта такое? Казаць, казалі, але ўсё толькі словы».
Дыспетчарка дарожна-маставога прадпрыемства, куды пазваніў Уладзімір Лашкевіч з пытаннем пра падсыпанне дарогі, жыхароў завулку не абнадзейвае:
– Ну, калі вы хочаце пакінуць заяўку на падсыпку, я яе запішу.
– І што далей? Пяць гадоў ужо звонім, і толку ніякага няма.
– Ну, мы заяўку перадамо, і, калі будзе магчымасць, яе падсыплюць. Я не думаю, што ў гэтым годзе ў вас будзе падсыпка.
– І ў наступным таксама?
– Пра наступны гэтай інфармацыі няма ні ў каго.
Дырэктар Магілёўскага праваабарончага цэнтру Уладзімір Краўчанка адзначае, што з праблемамі добраўпарадкавання гараджане звяртаюцца ў арганізацыю даволі часта.
«Людзі, што жывуць і ў дзяржаўных, і кааператыўных кватэрах, і ў прыватных дамах, плацяць падаткі. Падаткі ідуць у дзяржаўны бюджэт, і дзяржава абавязаная рамантаваць не толькі цэнтр, але і там, дзе людзі жывуць», – адзначае Уладзімір Краўчанка.
Праваабаронца раіць магілёўцам быць актыўнымі, звяртацца да дэпутатаў, а галоўнае – абʼядноўвацца, каб разам дабівацца развязання сваіх праблемаў.
Ірына Дарафейчук, belsat.eu