Магілёўскі журналіст Уладзімір Лапцэвіч 6 чэрвеня звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН з просьбай рэкамендаваць ураду Рэспублікі Беларусь адмяніць пастанову суда Ленінскага раёна Магілёва ад 29 чэрвеня 2017 года. Згодна гэтаму рашэнню суда журналіст быў пакараны штрафам за публікацыі ў газеце “Ніва” — тыднёвіку беларусаў Польшчы.
Уладзімір Лапцэвіч
Суддзя Ленінскага райсуда Магілёва Алена Літвіна 29 чэрвеня 2017 пастанавіла пакараць Уладзіміра Лапцэвіча штрафам у памеры 45 базавых велічынь (1035 рублёў) за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ паводле ч. 2 арт 22.9 КаАП. Падставай для вынясення пастановы сталі складзеныя супрацоўнікамі міліцыі сем асобных пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні за матэрыялы журналіста, якія былі апублікаваныя ў польскай штотыднёвай газеце “Ніва”. На думку міліцыянтаў, парушэннем з’яўлялася ўжо тое, што Лапцэвіч публікаваўся ў “Ніве” без акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі.
Журналіст спрабаваў абскардзіць рашэнне раённай суддзі ў вышэйшай інстанцыі, але 15 жніўня 2017 года суддзя Магілёўскага абласнога суда Ігар Зямцоў пакінуў пастанову суда Ленінскага раёна Магілёва па справе Лапцэвіча без зменаў, а скаргу без задавальнення.
“Высновы судоў абедзвюх інстанцый парушаюць маё права на свабоднае выказванне меркаванняў, супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які наша дзяржава падпісалася выконваць. Я вычарпаў магчымасці па абскарджванні пастановы суда Ленінскага раёна Магілёва ў Беларусі і зараз вымушаны звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН”, — сказаў Уладзімір Лапцэвіч карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ”.
Лапцэвіч просіць КПЧ ААН прызнаць яго скаргу абгрунтаванай, разгледзець яе па сутнасці і ўстанавіць факт парушэння з боку Рэспублікі Беларусь яго правоў, гарантаваных артыкулам 19 у сукупнасці з артыкулам 2 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Таксама журналіст звяртаецца да КПЧ ААН з просьбай рэкамендаваць беларускаму ўраду адмяніць пастанову суда Ленінскага раёна Магілёва аб прыцягненні яго да адказнасці і вярнуць яму ў вызначаным заканадаўствам парадку фінансавыя выдаткі на штраф.
Нагадаем, што Уладзімір Лапцэвіч быў першым беларусам, які падаў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН у 1997 годзе. Яна была зарэгістраваная пад нумарам №780/1997. 20 сакавіка 2000 года трынаццаць чальцоў КПЧ ААН разгледзелі заяву Лапцэвіча “супраць Беларусі”. Яны прызналі, што заканадаўства перашкаджала праву Уладзіміра Лапцэвіча распаўсюджваць інфармацыю і што Рэспубліка Беларусь парушыла правы свайго грамадзяніна. Гэта было першае падобнае рашэнне.
Крыніца: baj.by