Нерэгістрацыя ініцыятыўных груп Ціханоўскага і каманды Статкевіча сьведчыць пра тое, што на старце кампаніі жорстка адсякаецца радыкальная частка ўдзельнікаў выбарчага працэсу. Яна дэлегітымізуецца, заганяецца ў андэграўнд, ставіцца па-за межы закону.
Сьцісла:
- Хуткасьць адмовы сьведчыць пра дамінаваньне ў дзеяньнях ЦВК палітычнай мэтазгоднасьці над законам.
- Як толькі абвясьцілі дату выбараў, стала зразумела, чаму за некалькі дзён да таго Сяргея Ціханоўскага і каля 100 ягоных паплечнікаў пасадзілі за краты. Каб такім спосабам адсекчы ад удзелу ў выбарчай кампаніі.
- З гэтых першых крокаў улады на старце выбарчага працэсу вынікае, што яна будзе дзейнічаць жорстка, ня надта зважаючы на законы і фармальны бок справы.
- Адсячэньне радыкальнай часткі ўдзельнікаў выбарчага працэсу сьведчыць пра тое, што галоўнае, чаго баяцца ўлады, — вуліца, Плошча.
Сяргею Ціханоўскаму і васьмі асобам з каманды Міколы Статкевіча адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп. ЦВК зрабіў гэта даволі штучна, не абцяжарваючы сябе важкімі аргумэнтамі. Маўляў, заяўнік не прысутнічае, няма ягонага подпісу. Аляксандар Лукашэнка таксама сам не прыносіў дакумэнты на рэгістрацыю, але яго зарэгістравалі пад № 1.
Чальцам каманды Статкевіча ставілі ў віну, што яны запісалі сябрамі ініцыятыўнай групы людзей бязь іхнай згоды. Заяўкі падалі ўчора, калі ў ЦВК быў час праверыць? Хоць бы дзеля праўдападобнасьці адмовілі ў рэгістрацыі празь некалькі дзён. Тады маглі б сказаць, што дасканальна праверылі, знайшлі парушэньні. А такая хуткасьць сьведчыць пра дамінаваньне ў дзеяньнях ЦВК палітычнай мэтазгоднасьці над законам.
Такое рашэньне ЦВК было чаканым. Як толькі абвясьцілі дату выбараў, стала зразумела, чаму за некалькі дзён да таго Сяргея Ціханоўскага і каля 100 ягоных паплечнікаў пасадзілі за краты. Каб адсекчы ад удзелу ў выбарчай кампаніі. А што спосаб ня вельмі элегантны, — то ўлады робяць тое, што ўмеюць лепш за ўсё. Проста, груба і пакуль эфэктыўна.
З гэтых першых крокаў уладаў на старце выбарчага працэсу вынікае, што яны будуць дзейнічаць жорстка, ня надта зважаючы на законы і фармальны бок справы. І гэта адрозьнівае сёлетнюю кампанію ад выбараў 2015 году. Тады ўлады працавалі танчэй, бо не было вялікай неабходнасьці ўжываць сілу.
Цяпер усё інакш. Нерэгістрацыя ініцыятыўных груп Ціханоўскага і каманды Статкевіча сьведчыць пра тое, што на старце кампаніі жорстка адсякаецца радыкальная частка ўдзельнікаў выбарчага працэсу. Яна дэлегітымізуецца, заганяецца ў андэграўнд, ставіцца па-за межы закону. Ёй не дазволяць легальна камунікаваць з насельніцтвам. Адсюль вынікае, што галоўнае, чаго баяцца ўлады, — гэта вуліца, Плошча. Іншыя небясьпекі яны ведаюць як нэўтралізаваць, мэханізмы адпрацаваныя. А вось вуліца — гэта заўсёды рызыка. Лукашэнка хацеў бы правесьці выбары ціха, паважна, рутынна, без скандалаў. Ціханоўскі ж і Статкевіч якраз апэлююць да вуліцы. Таму іх і прыбіраюць.
Аднак паміж прыхільнікамі Статкевіча і Ціханоўскага ёсьць вялікая розьніца. Статкевіч арыентуецца на палітызаваную публіку, ідэйную апазыцыю, радыкальную яе частку.
А вось прыхільнікі Ціханоўскага — гэта непалітызаваныя абывацелі, раззлаваныя сваім дрэнным сацыяльным становішчам. Фэномэн вядомага блогера палягае ў тым, што ён ня мае пазытыўнай праграмы, але яна і не патрэбная ягонаму, скажам так, электарату. Ён гучна выгукнуў адзін экспрэсіўны і добра зразумелы абывацелю лёзунг «Далоў!» — і адразу стаў кумірам. Так бывае, калі народнае абурэньне дасягае даволі вялікіх памераў. Гэта таксама пэўны сымптом стану сёньняшняга беларускага грамадзтва. Улада гэта інстынктыўна разумее, аднак дзейнічае адзіным вядомым ёй спосабам.
ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ
Крыніца: Радыё Свабода