Лукашэнка незадаволены сваімі галоўнымі ідэолягамі больш, чым іншымі чыноўнікамі. Таму мяняе намесьнікаў кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта па ідэалёгіі даволі часта, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.
Фота Аляксандра ГусаваПрызначаны 19 жніўня Андрэй Кунцэвіч — ужо чацьвёрты галоўны ідэоляг краіны з 2016 году. Тры папярэднія (Ігар Бузоўскі, Натальля Эйсмант, Уладзімер Жаўняк) ня справіліся, пра што казаў Лукашэнка, прызначаючы Кунцэвіча. Маўляў, ня трэба «паўтараць памылкі папярэдніх начальнікаў». Лукашэнка адзначыў, што «сапраўднымі ўладарамі чалавечых душ і сэрцаў не становяцца, імі нараджаюцца». І сьціпла прывёў у прыклад сябе. Як ён заявіў, «пакуль больш за ўсё гэтым займаецца прэзыдэнт». Якая цяжкая доля выпала чалавеку — даводзіцца самому займацца ўсім, і бруднымі каровамі, і ідэалёгіяй, бо няма каму даручыць, вакол адны нікчэмнасьці.
Ідэалягізаванасьць рэжыму Лукашэнкі
Беларускі палітычны рэжым — вельмі ідэалягізаваны ў параўнаньні з падобнымі аўтарытарнымі рэжымамі. Лукашэнка паспрабаваў аднавіць савецкую прапагандысцкую машыну практычна ў першапачатковым выглядзе, з ідэалягічнай вэртыкальлю (ва ўсіх працоўных калектывах уведзеная пасада намесьніка кіраўніка па ідэалягічнай рабоце), з БРСМ замест камсамолу. У ВНУ замест гісторыі КПСС і навуковага камунізму ўвялі навучальны курс «Асновы ідэалёгіі беларускай дзяржавы». Узнавілі дошкі гонару, сьцягі працоўнай славы, штабы ідэалягічнага забесьпячэньня ўборкі ўраджаю і г.д.
Сам Лукашэнка нейкі час таму тлумачыў неабходнасьць усяго гэтага прапагандысцкага мэханізму досыць шчыра: «Каб вы зразумелі, для чаго патрэбная ідэалягічная праца. Трэба ўмець трымаць уладу. І ня толькі ўтрымліваць, але і абараняць. Лепш за ўсё гэта рабіць ідэалягічнымі сродкамі».
Прапаганда дзяржаўнай ідэалёгіі ёсьць, а ідэалёгіі няма
Парадокс сытуацыі ў тым, што машына прапаганды дзяржаўнай ідэалёгіі дзейнічае ва ўмовах, калі самой гэтай ідэалёгіі няма. Замест яе ёсьць эклектычны набор тэзаў, якія мала спалучаюцца, часта супярэчаць адна адной — гэткі сьветапоглядны вінэгрэт. У практычнай ідэалягічнай працы ўся разнастайнасьць высокіх слоў зводзіцца да аднаго простага патрабаваньня: трэба хваліць Лукашэнку і ягоную палітыку.
Інакш кажучы, дзяржаўная ідэалёгія ў беларускім варыянце носіць прыкладны, інструмэнтальны характар. Яе функцыя палягае ў падвышэньні легітымнасьці дзейнага рэжыму, забесьпячэньні ляяльнасьці грамадзтва да ўлады.
А адсутнасьць сапраўднай ідэалёгіі нават выгадная рэжыму. Бо гэта дазваляе яму манэўраваць, маніпуляваць, ажыцьцяўляць палітычныя павароты, не ствараючы сьветапоглядных крызісаў у масавай сьвядомасьці.
Мэсіянскія амбіцыі патрабавалі ідэалягічных імітацый
Тым ня менш празьмерная ідэалягізацыя палітыкі вынікала з самой філязофіі лукашэнкаўскага кіраваньня. Звычайнаму кіраўніку дзяржавы не патрэбная свая дактрына. Але Лукашэнка — палітык з мэсіянскімі амбіцыямі. Таму ён увесь час высоўваў нейкі ідэалягічны канструкт. Ці то гэта ідэя «народнага прэзыдэнта», «усенароднаабранага» (80% галасоў на выбарах), ці вынаходніка і архітэктара альтэрнатыўнай мадэлі посткамуністычнай трансфармацыі, якой зайздросьцяць усе суседзі. Аляксандру Лукашэнку мала займаць сьціплае месца правадыра сярэдняй эўрапейскай дзяржавы і праводзіць зьнешнюю палітыку адпаведна міжнароднай вазе краіны. Яго вялізным амбіцыям цесна ў рамках Беларусі, ён увесь час хоча быць вяршыцелем усясьветных лёсаў, прэтэндуе на глябальную ролю. Таму ўвесь час высоўваюцца канцэпты кшталту «Менск — новая Жэнэва», «Хэльсынкі-2» і інш. І гэта стварала пэўнае поле для нейкіх ідэалягічных канструкцый.
Аднак цяпер усе гэтыя ідэі ціха паміраюць, а заклікі да больш эфэктыўнай ідэалягічнай працы ня маюць вялікага сэнсу.
Чаму ўся сыстэма ідэалягічнай працы — анахранізм
Бурбалка ідэалягемы «народнага прэзыдэнта», які адлюстроўвае інтарэсы ўсяго народу і таму, маўляў, тут няма нішы для апазыцыі, даўно лопнула. Бо адбылося радыкальнае падзеньне даверу да ўлады. Беларуская сацыяльная мадэль як альтэрнатыўны варыянт посткамуністычнай трансфармацыі — у глыбокім крызісе. Няма чым ганарыцца, хіба толькі адной «стабільнасьцю».
Але справа ня толькі ў гэтым. Па-першае, ідэалягічная праца можа быць больш-менш эфэктыўнай толькі ў закрытым грамадзтве, дзе існуе манаполія на інфармацыю. У эпоху інтэрнэту гэта немагчыма.
Па-другое, навязваць народу нейкія прапагандысцкія клішэ магчыма толькі ў спалучэньні з палітычнымі рэпрэсіямі, грубай нэўтралізацыяй іншадумства. Без канцлягераў, ГУЛАГу гэта не працуе.
Таму ня дзіва, што, як у позьнім СССР, уся сыстэма ідэалягічнай працы дзейнічае ўхаластую. І праблема тут ня ў дрэнных кіраўніках ідэалягічнай вэртыкалі, як лічыць Лукашэнка. Замена шыла на мыла ні на што не ўплывае.
Але тады ўзьнікае лягічнае пытаньне: чаму ж рэжым Лукашэнкі захоўвае сваю моц і пакуль, здаецца, яму нішто не пагражае? Можна адказаць, што і савецкі рэжым трымаўся ў падобным стане прыкладна два дзесяцігодзьдзі. Тут і сіла інэрцыі любой сыстэмы, і рэпрэсіўны апарат, і спэцыфіка масавай сьвядомасьці (апалітычнасьць, фаталізм). Але гэта — асобная і вялікая тэма.