Беларусь зноў б’е тэмпературныя рэкорды. Прытым самая высокая тэмпература фіксуецца на поўначы Беларусі – ажно да 6 градусаў цяпла. Ды што тут простая статыстыка – у сярэдзіне студзеня палі зелянеюць.
Агулам падвышэнне сярэдняй тэмпературы ў Беларусі назіраюць ужо даволі працяглы перыяд, аднак сёлета атрыманыя найвышэйшыя паказнікі за ўвесь час метэаназіранняў. У Берасці слупок тэрмометра сягаў нават плюс 8 градусаў.
Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:
Міхаіл Кадыраў
, былы дырэктар Інстытуту земляробства і селекцыі, кажа:
«Вось зараз што самае небяспечнае? Што калі да гэтага 15 лютага, а то і не дай Бог раней, рэзка: вось мы кладземся спаць, бачым мінус 3, а прачынаемся ранкам – мінус 20. А палі не закрытыя снегам».
Недахоп снегу небяспечны не толькі для азімых, але і засухаю пасля зімы, бо можа не быць веснавога разліву рэк. Гэта між іншага пагражае некаторым відам птушак, бо пакідае іх без месцаў для гнездавання. І гэта яшчэ не ўсе праблемы. Аляксандр Вінчэўскі з «Аховы птушак Бацькаўшчыны» тлумачыць:
«Пардва – ёсць такая белая курапатка, жыве на некалькіх балотах на поўначы Беларусі. І яны знікаюць, як і заяц-бяляк, дарэчы. Яны знікаюць, бо на зіму яны белыя, а снегу няма, і іх знішчаюць драпежнікі. Але 100 гадоў таму пардва жыла нават на Палессі».
Адсутнасцю традыцыйнай зімы ды снегу незадаволеныя і шмат якія жыхары Менску:
«Хацелася б снегу, бо ўжо прывыклі мець навагодні настрой, але ў прынцыпе цяпло мяне задавальняе».
«Зіма мусіць быць са снегам. А гэта не зіма нейкая, а як восень».
«Падабаецца, добрае надвор’е, як вясна!»
«Я люблю снег! Каб зіма, каб катацца. А так… Клімат змяніўся!»
«Хочацца снегу, хочацца пакатацца на лыжах – такое яўнае жаданне».
На небывала цёплае надворʼе па-свойму рэагуе і айчынная фаўна. Ды не толькі дзікая: чарапашка не проста не спіць, а нават даволі бадзёра пачуваецца. Хоць звычайна ў зімовы час гэтыя земнаводныя мусяць упадаць у спячку аж да вясны.
Цёплая зіма ўплывае на паводзіны некаторай жывёлы. Каля Берасця ад цеплыні абудзіліся пчолы, не спяць і такія жывёліны як, напрыклад, мядзведзі або суслікі.
«Яны маюць запас тлушчу, тыя жывёлы, што спяць узімку, млекакормячыя. І калі гэты тлушч канчаецца, яны выходзяць, як цяпер. А ежы няма. Ці ўвогуле, будзе заўтра снег і мароз – і для іх гэта смерць», – гаворыць Аляксандр Вінчэўскі, «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
Праз цеплыню вяртацца ў Беларусь пачалі некаторыя пералётныя птушкі, напрыклад, журавы і белагаловыя гусі. Аднак Аляксандр Вінчэўскі кажа, што для гэтых птушак небяспекі ў выпадку раптоўнага прыходу маразоў няма. Звычайна яны зімуюць недалёка ад Беларусі, таму пры патрэбе хутка змогуць вярнуцца ў месца зімоўкі.
Зміцер Міцкевіч, belsat.eu