Яшчэ вясной 2020 года ў старой частцы горада, каля Свята-Уваскрасенскай царквы, пачаліся будаўнічыя работы. Тады можна было толькі меркаваць, што збіраюцца будаваць на прыцаркоўнай тэрыторыі, аднак цяпер ужо становіцца дакладна вялома – царкоўную лаўку. Прылеглая тэрыторыя да царквы не так даўно была часткай невялікай паркавай зоны з парослымі дрэвамі і ў прынцыпе да культавай пабудовы ніяк не адносілася. У апошнія ж часы адна траціна парка была далучана да тэрыторыі царквы і адгарожана жалезным плотам. З гэтага часу пайшло паступовае ўладкаванне новай прыцаркоўнай тэрыторыі. Прыборка на тэрыторыі прывяла да таго, што былі спілены і выкарчаваны дрэвы. Аднак гэта з’яўляецца толькі невялічкай бядой. Далей – болей, як кажуць. Большай праблемай з’яўляецца тое, што на цяперашняй прыцаркоўнай тэрыторыі вядуцца актыўныя будаўнічыя работы. Пытанні да будаўніцтва ўзнікаюць таму, што мясціна, на якой размешчана царква, з’яўляецца гістарычным цэнтрам горада з багатым культурным слоем. Менавіта гэта тэрыторыя з’яўлялася рынкавай плошчай Крычава. Пагэтаму перад тым, як пачаць работы, варта было б перадусім звярнуцца да гісторыкаў, а лепш археолагаў, каб сумесна абследваць тэрыторыю. Нічога падобнага айцом Сергіем, які з’яўляецца протаіерэем у царкве, зроблена не было. Больш за тое, калі год таму сітуацыя была некрэтычнай і можна было спакойна абследваць тэрыторыю, то цяпер сцены будучай царкоўнай лаўкі ўжо ўзведзены і наогул тэрыторыя каля царквы завалена будаўнічымі матэрыяламі, што сведчыць пра амбіцыйнасць мясцовага бацюшкі ў справе будаўніцтва. Яшчэ горш тое, што прылеглая тырэторыя паркавай зоны таксама была ўзарана і пашкоджаны культурны слой.
Такое абыякавае стаўленне да гісторыі горада духоўнай асобы з’яўляецца працягам сумнай гісторыі, якая адбылася ў 2020 годзе на крычаўскім дзядзінцу – Замкавай гары, пра што пісаў Магілёўскі рэгіён – https://old.6tvby.media/fenomen-ljubovi-da-maloj-radzimy-krychave/. Айцей Андрэй Ігнатушка, які з’яўляецца настаяцелем Свята-Мікалаеўскай царквы, што лакалізуецца на старадаўнім гарадзішчы, па-шкодніцку павёў сябе ў адносінах да ўнікальнага археалагічнага аб’екта. Гаспадарчая драўляная пабудова, якая прыбудавана была да хрысцільні ці баптыстэрыя была знесена. Бацюшка Андрэй вырашыў замест яе размясціць цагляную царкоўную лаўку. Аднак месца для лаўкі аказалася мала, пагэтаму было зруйнавана пару метраў вала гарадзішча Замкавая гара.
Такім чынам, дзейнасць айца Сергія і Андрэя шкодзяць унікальнай гісторыі і археалогіі Крычава. Прычым зразумела, што ні ў першым, ні ў другім выпадку будаўнічыя работы не ўзгадняліся з прафесійнымі гісторыкамі ці археолагамі. Не прыцягваліся да абмеркавання і мясцовыя краязнаўцы, якія б маглі быць для бацюшак крыніцай ведаў, добрымі памочнікамі і дарадцамі.
Алесь Крыжэвіч