15 лістапада 1867 года ў Магілёве пры губернскім статыстычным камітэце быў адкрыты музей. Сёння гэта абласны краязнаўчы музей імя Еўдакіма Раманавіча Раманава.
У губернскім музеі налічвалася каля 1500 экспанатаў. Сярод іх – кальчуга і ўпрыгожванні з раскопак Анелінскага кургана Быхаўскага павета; арыгінальныя граматы польскіх каралёў Жыгімонта ІІІ і Станіслава Аўгуста; рукапіснае Евангелле XV ст.; Лексікон Славянароскі, надрукаваны ў друкарні Куцеінскага манастыра ў 1654 г.; калекцыя манет (больш за 500 адзінак) X-XIX стст., троннае крэсла Кацярыны II з магілёўскага дарожнага палаца; сані Напалеона, якія ён кінуў падчас уцёкаў з Расіі.
Музей носіць імя Еўдакіма Раманавіча Раманава, беларускага этнографа, фалькларыста і археолага. Раманаў займаўся ўсебаковым вывучэннем Магілёўскай губерні і астатніх рэгіёнаў Беларусі, у 1897-1903 узначальваў неафіцыйную частку «Могилевских губернских ведомостей». Пад яго рэдакцыяй выйшлі тры выпускі «Магілёўскай даўніны» (1900, 1901, 1903), выпуск «Крыніц для гісторыі Магілёўскага краю» (1916). У 1886-1894 займаўся археалагічнымі раскопкамі. Зараз ідзе грамадскае абмеркаванне наконт неабходнасці ўстаноўкі помніка Е.Р. Раманаву ў Магілёве.
18 снежня 1904 годзе ў Магілёве адбылося ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі іншага магілёўскага музея: царкоўна-археалагічнага. Размяшчаўся музей у былым Бернардынскім касцёле (не захаваўся).
Абласны краязнаўчы музей мае экспазіцыі: “Прырода краю”, “Археалогія і старажытная гісторыя”, “Гісторыя краю з IX ст. да 1917г.», «Гісторыя краю з 1917г. да 1945г.», «Магілёў губернскі», «Зямлі родны кругазварот». Фонды музея налічваюць больш за 136 000 экспанатаў асноўнага фонду і падзелены на 26 калекцый.
Самыя шматлікія калекцыі – гэта “Археалогія”, “Нумізматыка”, “Рукапісы і друкаваныя выданні”, “Дакументы”.
Асноўныя напрамкі навуковых даследаванняў у музеі: «Старажытнасці жалезнага веку і ранняга сярэднявечча Усходняй Беларусі», «Этнаграфія Падняпроўя (касцюм, ручнік, кулінарныя традыцыі і інш.)», «Абарона г. Магілёва, 1941 г.», «Партызанская і падпольная антыфашысцкая барацьба і яе адлюстраванне ў экспазіцыях дзяржаўных музеяў”, “Гісторыя Магілёўскіх музеяў” і інш.
Выдадзена 12 выпускаў гісторыка-краязнаўчага зборніка “Магілёўшчына”, шэраг кніг. Праводзяцца навуковыя і навукова-практычныя канферэнцыі.
15 лістапада 1997 года, да 130 гадавіны адкрыцця краязнаўчага музея, была падпісана ў друк кніга «Памяць. Магілеў. Гісторыка-дакументальная хроніка».
Яўгіння Грамашчанка