Адкрыццё філіялу кафедры юрыспрудэнцыі на базе ўпраўлення Следчага камітэта ў МДУ імя А.А. Куляшова – натуральны крок у звычайных умовах, у сённяшні складаны час выглядае, з улікам іншых дзеянняў рэктарату, як далейшая спроба мілітарызацыі навучальнай установы.
У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А. Куляшова адбылося ўрачыстае адкрыццё філіяла кафедры юрыспрудэнцыі на базе ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці з падпісаннем мемарандума аб супрацоўніцтве. Свае подпісы пад ім паставілі рэктар універсітэта Дзяніс Дук і начальнік упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці, генерал-маёр юстыцыі Уладзімір Шалухін.
Пасля падпісання Уладзімір Васільевіч выступіў перад студэнтамі факультэта эканомікі і права з інфармацыяй аб сучасным стане следчай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь і перспектывах яе развіцця. Асобна ён прыпыніўся на магчымасці сённяшніх студэнтаў універсітэта ўладкавацца ў будучыні на працу ў сістэму праваахоўных органаў, распавёў пра асаблівасці службы ў Следчым камітэце Рэспублікі Беларусь.
Студэнты надзіва актыўна задавалі пытанні, у тым ліку праблемныя. Асаблівую цікавасць студэнтаў, аб чым сведчыць нават афіцыйнае паведамленне на сайце МДУ імя А.А. Куляшова, выклікалі “практычныя складанасці і прыёмы работы супрацоўнікаў Следчага камітэта па раскрыцці і выяўленні злачынстваў на сучасным этапе”. Па візантыйску дыпламатычная фармулёўка не можа прыхаваць таго факту, што некаторыя са студэнцкіх пытанняў відавочна мелі востры палітычны падтэкст, але генерал, які выглядаў хранічна стомленым чалавекам, не стаў абвастраць сітуацыю, умела абыходзіў падводныя камяні.
Адкрыццё філіялу кафедры – натуральны крок па набліжэнню адукацыйнага працэсу да практычнай сферы ў звычайных умовах. Але сёння падпісанне мемарандума не можа не выклікаць насцярожанасці, бо беларускае заканадаўства адно з самых жорсткіх у свеце, а практыка прымянення заканадаўчых нормаў на думку супольнасці міжнародных экспертаў у краіне проста жахлівая. Не апошнюю ролю ў складанні гэтай сітуацыі іграе і Следчы камітэт.
Калі дадаць да гэтага з’яўленне ў корпусах універсітэта побач з вахцёрамі міліцыянераў з табельнай зброяй, дзейнасць прарэктара па бяспецы, біяграфія якога засякрэчана нават на сайце ўстановы, а фотаздымак яго твару сведчыць пра тыповае мілітарысцкае мінулае гэтага чалавека, які ўсё жыццё выконваў і аддаваў загады, то пра былую атмасферу хай сабе і адноснай універсітэцкай свабоды ў МДУ імя А.А. Куляшова ўсе даўно пазабыліся. Многія выкладчыкі перасталі ладзіць нават простае сумесныя чаяванне на кафедрах, прыпыніліся нязмушаныя размовы з-за боязі таго, што іх могуць праслухоўваць, ці хтосьці скажона перадасць самі ведаеце каму сэнс гэтых размоў.
А студэнты, як больш вольныя і летуценныя маладыя людзі, адкрыта кажуць, што сумуюць па былых выкладчыках, якіх пазвальнялі “за палітыку” на ўсіх факультэтах.
Яшчэ некалькі падобных крокаў і былы ўніверсітэт канчаткова ператворыцца ў казарму. Вось толькі хто ў ёй захоча вучыцца?
Наш кар.
фото: vestnikmogileva.by