Прайшло ўжо 34 гады з таго сумнага дня 26 красавіка 1986 года, калі адбылася катастрофа на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. У выніку аварыі больш чвэрці тэрыторыі Рэспублікі Беларусь падвергнулася радыёактыўнаму забруджванню. Сотні тысяч беларусаў вымушаны былі пакінуць родныя мясціны і перасяліцца ў іншыя месцы.
У нашай Магілёўскай вобласці радыёактыўныя выкіды накрылі 489 тысяч гектар зямлі, на 42,9 тысячах га быў цалкам пакінуты сяўбазварот. Радыёактыўнаму забруджванню падвергнулася амаль палова тэрыторыі Бялыніцкага раёна, шэраг населеных пунктаў раёна (40,2 % ад агульнай колькасці іх) апынулася ў зонах радыяцыйнай забруджанасці. У вёсках Лісаўка, Малатоўкі, Курганьне забруджанасць цэзіем -137 склала больш 5 кюры на кв. км., у 80 населеных пунктах – ад 1 да 5 кюры на км. кв., у 101 населеным пункце – да 1 кюры.
Факт катастрофы і яе магчымыя наступствы замоўчваліся. Афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі паведамілі пра аварыю толькі праз некалькі дзён. Людзі, якія не ведалі пра адбыўшуюся аварыю, працягвалі жыць звычайным жыццём.
Я добра памятаю, якое цудоўнае цёплае і сонечнае надвор’е стаяла той парой. Шмат хто з моладзі, няведаючы пра небяспеку, загараў пад цёплымі прамянямі веснавога сонца. А дарослае вясковае насельніцтва, радуючыся добраму надвор’ю, корпалася ў агародах, не прымаючы ніякіх мер для забеспячэння ўласнай бяспекі.
Нягледзячы на страшную небяспеку для здароўя, тагачасная бялыніцкая раённая ўлада ў ясны сонечны дзень выгнала народ на першамайскую дэманстрацыю. І такія дэманстрацыі праходзілі па ўсёй Беларусі.
Пасля катастрофы прайшло 34 гады, вырасла новае пакаленне, але яе наступствы яшчэ доўга будуць нагадваць аб сабе: усё больш людзей, не дажыўшы да старэчых гадоў, паміраюць ад анкалагічных захворванняў; нараджаюцца хворыя дзеці.
Па-ранейшаму ў нашых лясах растуць радыёактыўна забруджаныя грыбы і ягады, па-ранейшаму даволі часта сустракаецца перавышэнне дапушчальных норм утрымання радыёнуклідаў у сельскагаспадарчай прадукцыі. Пройдзе многа гадоў і зменіцца некалькі пакаленняў беларусаў, пакуль закончыцца распад радыёактыўных элементаў і забруджаныя тэрыторыі стануць цалкам небяспечнымі для пражывання людзей.
Наступствы катастрофы будуць пагаршаць якасць жыцця беларусаў яшчэ шмат гадоў. Таму а ні ў якім разе нельга казаць, што Чарнобыль застаўся ў мінулым. Ён з намі! Чарнобыль – у нас! Чарнобыль – побач!
Па статыстыцы, у Беларусі на 1 студзеня 2020 года на забруджаных пасля Чарнобыля тэрыторыях пражывалі 1 103608 чалавек, у тым ліку 217 тысяч дзяцей да 18 гадоў. Удзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС і іншых радыяцыйных аварый на сёння налічваецца 71159 чалавек.
Таксама ў Беларусі пражываюць 9106 інвалідаў у выніку катастрофы на ЧАЭС, з іх 6,5 тысячы – гэта тыя, хто ліквідоўваў наступствы Чарнобыльскай аварыі. Сярод інвалідаў – 157 непаўналетнія.
Іван Барысаў