Заснежаны снежань, марозны студзень і суровы люты, гурбы снежнага срэбра і лядовыя дыяменты – чароўныя зімовыя краявіды Магілёва і яго ваколіцаў можна пабачыць на выставе фотамастака Мікалая Хацяінцава.
“Дыханне зімы” – менавіта так называецца выстава, якая адкрылася ў мастацкім музеі імя Масленікава ў Магілёве. І сапраўды, калі трапляеш на экспазіцыю пасля хмурага і слякотнага надвор’я, быццам адчуваеш марозны зімовы подых, рыпенне свежага іскрыстага снега пад нагамі, а позірк цешыць карункавая белізна інею і фантастычны ледзяныя фігуры. А галоўнае – усё гэтае хараство Мікалай Хацяінцаў адшукаў літаральна побач – у самім горадзе, на беразе Дняпра, у навакольных лесапарках. Звыклыя, на першы погляд месцы, але з незвычайнага ракурсу, у яскравым сонечным святле, альбо ў чароўных вячэрніх фарбах, выглядаюць як чароўныя казачныя дэкарацыі.
Мікалай Хацяінцаў – магілёўскі фатограф, сябра магілёўскага Народнага фотаклубу “Радуга” з 1983 году, сталы ўдзельнік межклубных выставаў і конкурсаў. Лаўрэат другога Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці, былы прызёр гарадскога конкурсу на лепшую фотасерыю аб Магілёве. Мікалай адзін з пераможцаў у сёлятнім фотаконкурсе на лепшую навагоднюю паштоўку «PF – 2020». Працы фатографа экспануюцца ў фотасалонах Польшчы, Іспаніі, Ганконга і Бельгіі.
Фотавыставу можна наведаць да 16 лютага, музей імя Масленікава працуе з 11:00 па 19:00, выходныя – панядзелак і аўторак.
Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара