Чэрыкаў на сённяшні дзень з’яўляецца невялікім раённым цэнтрам, насельніцтва якога складае менш за 8 тысяч чалавек і з кожным годам яно значна змяншаецца. Не дзіва, бо прадпрыемстваў у горадзе мала, а малы і сярэдні бізнэс у горадзе як і па ўсёй Магілёўшчыне выжывае як хто можа.
Гэтым і тлумачыцца змяншэнне гарадскога насельніцтва, унутранную эміграцыю маладых і актыўных. Буйные прамысловыя прадпрыемствы ў Чэрыкаве адсутнічаюць, да і не былі іх пабудаваны нават за савецкім часам.
Уся мясцовая прамысловасць прадстаўлена прадпрыемствамі харчовай, будаўнічых матэрыялаў, лесанарыхтоўчай прамысловасці. Спіс прадпрыемстваў вельмі сціплы: Чэрыкаўскае унітарнае камунальнае прадпрыемства “Бытпаслугі” (займаеца вытворчасцю швейных, жалезабетонных вырабаў); вытворчы ўчастак Чэрыкаўскага РАЙСПа (выпускае хлеб і хлебабулачныя вырабы, каўбасныя вырабы, мясныя паўфабрыкаты); унітарнае камунальнае вытворчае прадпрыемства “Чэрыкаўская жыллёва-камунальная гаспадарка”; дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова “Чэрыкаўскі лясгас”.
Неяк нават сорамна становіцца пасля такога сціплага спіса прадпрыемстваў, кожны з якіх спрабуе выжыць у цяжкіх эканамічных умовах. Праўда на сайце райвыканкама не толькі не саромяцца, а пэўна нават ганарацца гэтымі арганізацыямі, бо ў хуткім часе некаторыя з іх могуць знікнуць.
Можна толькі ўявіць сабе, што ў 1900-х гг. у Чэрыкаве працавалі 23 дробныя прадпрыемствы і 162 рамеснікі. Акрамя таго працавалі вінны і лесапільна-мукамольны заводы, было некалькі млыноў. Капіталістычныя адносіны вельмі хутка прыходзілі ў беларускія гарады і мястэчкі напачатку ХХ стагоддзя, а мясцовые жыхарства актыўна праяўляла ініцыятыву.
Заканамерна, што насельніцтва горада актыўна расло. Згодна перапісу 1897 года ў Чэрыкаве было ажно 5,2 тысяч насельніцтва. Для параўнання крыху больш ў горадзе жыло ў 1979 годзе (каля 5,4 тыс. чал.). На сённяшні дзень насельніцтва падрасло не так шмат, а мясцовая прамысловасць (калі яе так можна назваць) у сумным стане, ініцыятыва ў людзей заціснута, адбываецца адток жыхароў. І хоць у цэнтры горада можна сустрэць шэраг павільёнаў індывідуальных прадпрымальнікаў, аднак выглядае гэта даволі сціпла і дае толькі прывідную надзею на будучае развіццё горада.
Алесь Крыжэвіч
фото: pda.ekskursii.by