Галоўная » “Что нам стоит дом построить, нарисуем – будем жить”

“Что нам стоит дом построить, нарисуем – будем жить”

Выніковыя лічбы развіцця розных галін эканомікі Беларусі ўсё часцей і часцей сталі залежыць не ад дасягненняў прадпрыемстваў, а ад жаданняў і ўказілак кіраўніка краіны.

Так і на гэты раз, 27 ліпеня 2020 года, у час працоўнай паездкі ў Нясвіжскі раён, А.Лукашэнка агучыў чарговую ўстаноўку для чынавенства на ураджай зернявых культур з улікам збору зерня кукурузы ў бягучым 2020 годзе.

Згодна яго ўстановак, мінімум, які належыць узяць хлебаробам краіны ў бягучым годзе, павінен скласці 9,5 млн. тон. З іх – 8 млн. тон зерня і 1,5 млн. тон. кукурузы.

Нават тэму выбарчай кампаніі А.Лукашэнка адсунуў на другі план. “Выборы выборами, а кушать все хотят. Поэтому главное должно быть сосредоточено здесь. Выборы – это уже вторично”, – акцэнтаваў ён увагу чынавенства.

І тут жа міністр сельскай гаспадаркі і харчавання І.Крупко ад імя ўсіх прысутных па прынцыпу “что нам стоит дом построить, нарисуем – будем жить» запэўніў, што сёлетняя ўраджайнасць у 37,6 ц/га дазволіць сабраць, нават, 8,1 млн. тон зерня, а прыбаўка бягучага года ў параўнанні да мінулага складзе 1,5 млн. тон.

Прынцып “намалюем – будзем жыць” у сельскай гаспадарцы працуе ўжо колькі год.

Жыць-то будзем, толькі як? Бо ад таго, які збор ураджаю хлеба намалююць чыноўнікі на паперы, узровень і якасць жыцця грамадзян краіны не палепшыцца.

Напрыклад, 10-га жніўня 2017 года ў час падобнай паездкі ў Брэсцкую вобласць ад кіраўніка краіны паступіла ўстаноўка на збор 10 млн. тон бункернай вагой. І як у нас бывае, патрэбна 10 – будзе 10.

У 2016 годзе ад устаноўкі на збор зернявых і зернебабовых культур па краіне ў памеры 9 млн. тон бункернай вагой пасля перапрацоўкі і сушкі засталося рэальна толькі 7,5 млн. тон.

Была спроба замахнуцца і на 12 мільёнаў. Яшчэ згодна “Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця сяла на 2011-2015 гады” аграпрамысловы комплекс краіны павінен быў дасягнуць вытворчасць зернавых і зернебабовых культур у  памеры 12 млн. тон. яшчэ ў 2015 годзе.

Ад такіх прыпісак, нават, папера не магла вытрымаць – пачынала чырванець. Таму на самым высокім узроўні былі праведзены карэктыроўкі.

І ўжо згодна Дзяржаўнай праграмы на 2016-2020 гады былі закладзены больш нізкія паказчыкі і арыенціры ў памеры 10 млн. тон.

Закласці то заклалі, але ж нічога путнага для гэтага ў сельскагаспадарчай галіне так і не зрабілі.

Таму і прыходзіцца Лукашэнку што год даваць устаноўкі чыноўнікам па ўраджайнасці і валаваму збору хлеба, выязджаючы са сваёй світай на прыроду ў розныя рэгіёны краіны, растрачваючы бюджэтныя фінансавыя сродкі, тоны паліва, так неабходнага на той жа уборачнай кампаніі.

Але ж прыпіскамі людзей не накорміш, узровень жыцця не падымеш.

Ад неабходных рэформаў на сяле кіраўніцтва краіны адмаўляецца, што прыводзіць да далейшага пагаршэння стану сельгаспрадпрыемстваў, да збяднення сяльчан.

Рыгор Кастусёў