Перш, чым адказаць на пытанне, які змяшчаецца ў загалоўку, вызначымся што гаворка пойдзе, у асноўным, пра «новую дыяспару» – людзях, якія прыехалі ў Львоў пасля вядомых падзей, звязаных з прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года.
Як паведаміла Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны, за мінулы год ва Украіну заехала амаль 160000 грамадзян Беларусі. Не ўсе яны прыбылі, ратуючыся ад палітычных рэпрэсій, і не ўсе засталіся ў Украіне. Але можна сказаць, што тысячы беларусаў прынялі рашэнне заставацца на тэрыторыі суседняй краіны па палітычных матывах. Дакладна палічыць іх немагчыма, бо большасць з іх нідзе не рэгіструецца, карыстаючыся магчымасцю знаходзіцца ва Ўкраіне да 180 дзён на год. Гэты тэрмін павялічылі ўдвая ўказам Прэзідэнта Украіны менавіта зыходзячы з палітычнай сітуацыі ў Беларусі.
Большасць з тых, хто прыехалі асядае ў Кіеве. Гэта і зразумела – сталіца забяспечвае больш магчымасцяў, як у плане заробку, так і ў плане працягу дзейнасці на карысць дэмакратычных пераменаў – органы, што прымаюць палітычныя рашэнні, знаходзяцца ў Кіеве.
Львоў займае другое месца па колькасць прыехаўшых беларусаў, прыцягваючы іх старадаўняй архітэктурай, спецыфічнай атмасферай, размяшчэннем ля мяжы з ЕС.
У некаторыя моманты 2020 года, беларуская супольнасць налічвала да трох сотняў чалавек. Зараз пастаянна знаходзіцца ў горадзе каля 50-і грамадзянаў Беларусі. Асноўная ж маса прыбылых пасля некалькіх месяцаў знаходжання ў Львове пераязджае на захад.
Чаму мы гаворым менавіта пра «новую дыяспару»? Справа ў тым, што частка прадстаўнікоў так званай «старой дыяспары», аб’яднанай вакол беларускага пасольства, арыентавана на рэжым Лукашэнкі, публічна выказвае яму падтрымку і настальгуе па часах СССР. Спробы наладзіць з імі якую-небудзь сувязь былі беспаспяховымі. Таму можна казаць пра тое, што цяпер абедзьве дыяспары існуюць «паралельна», практычна не перасякаючыся.
Дык хто яны – прадстаўнікі новай беларускай дыяспары ў Львове? Гэта абсалютна розныя людзі, але ў іх ёсць некаторыя агульныя рысы. Абсалютная большасць тых, хто пераехаў у Львоў, былі пад пераследам, альбо небезпадстаўна баяцца пераследу па палітычных матывах. Большая частка маюць адміністрацыйную судзімасць па «народным артыкуле» 23.34 КоАПП РБ. Шмат хто праходзіць па крымінальных справах. Ёсць фігурант вядомай справы аб «дзяржаўным перавароце». Многія падвяргаліся гвалту з боку сілавікоў, былі звольненыя з работы. Частка перасяленцаў маюць фізічныя і псіхалагічныя траўмы.
21-гадовая Ксенія працавала ў адной з кавярняў Мінска. Ўдзельнічала ў акцыях пратэсту. Аўтобусам прыехала ў Львоў адна. Ўзяла свае рэчы і 350 даляраў. Жыла да нядаўняга часу ў хостэле, уладальнік якога, даведаўшыся, што яна з Беларусі, зрабіў зніжку на пражыванне. Цяпер пераехала да двух сябраў з Беларусі, якія арандуюць кватэру. Яна шукае працу і псіхалагічна ёй цяжка ад таго, што мама яе не разумее. Яе маці жыве ў маленькім горадзе. Яна супраць гвалту, незадаволеная тым, што адбываецца, але ў яе савецкае мысленне: маўляў, маўчы і сядзі, бо ёсць праца, а больш нічога і не трэба.
Ксенія распавядае, што ў Беларусі пастаянна хадзіла па лязу брытвы. Аднойчы ўцякла навпрост з аўтазака. У кафэ, дзе працавала, падчас адной з акцый, схавала чатырох хлопцаў. Яны проста стаялі на вуліцы са сьцягам. Спыніўся аўтобус, з якога выйшлі амапаўцы. У яе быў выбар: аддаць людзей, якія ні ў чым не вінаватыя, альбо адчыніць ім дзверы. Тады сілавікі ня выбілі дзверы кафэ. Затым цікавіліся ёй ва ўладальніка ўстановы.
Ксенія не гатовая вяртацца ў Беларусь. Толькі нядаўна перастала баяцца людзей у форме.
Яна хоча застацца ў Львове. Зараз у яе ўжо шмат знаёмых украінцаў, яны падтрымліваюць і прапануюць дапамогу. І, нарэшце, яна стала спакойна спаць …
Іншая дзяўчына – Вольга, займалася арганізацыйнай працай у Свабодным прафсаюзе медыкаў «Панацэя». Нічога асаблівага – проста тэлефанавала людзям, запрашала іх на мерапрыемствы. У выніку крымінальная справа была ўзбуджана на таварышаў па арганізацыі, кіраўнічку ячэйкі – грамадзянку Расіі, дэпартавалі, а сама Вольга, не чакаючы арышту, была вымушаная пакінуць маці-інваліда з псіхічным захворваннем на апеку сваякоў і з’ехаць у Львоў …
Пра студэнта Арцёма пісалі і ўкраінскія СМІ. Хлопец арганізоўваў акцыі пратэсту ва ўніверсітэце, быў арыштаваны і збіты сілавікамі пры арышце і ў ізалятары, трапіў пад крымінальны перасьлед і збег у Украіну, нелегальна перайшоўшы мяжу …
І такія гісторыі можа расказаць практычна кожны другі перасяленец …
Ўзрост асноўнай масы беларусаў – ад 20 да 35. Па прафесіі, асноўная частка – прадстаўнікі так званага «крэатыўнага класа» – «айцішнiкi», менеджэры, дызайнеры, псіхолагі, лекары …
Нехта прыехаў на некалькі дзён, каб атрымаць польскую гуманітарную візу. Яна дае права знаходзіцца ў Польшчы і працаваць на працягу года. Хтосьці жыве дазволеныя для беларусаў 180 дзён і толькі затым пераязджае. Тым жа, хто вырашае застацца надоўга, трэба будзе прасці цяжкі марафон па розных дзяржаўных установах.
Працэс легалізацыі ў Украіне можа расцягнуцца на доўгія месяцы і нават гады.
Галоўная праблема ў тым, што ва Украіне грамадзяніну Беларусі легалізавацца і ўладкавацца няпроста. Больш за ўсіх пашанцавала «айцішнiкам» – для іх прадугледжана спрошчаная працэдура атрымання дазволаў на праживанне і працу. Для астатніх, як варыянт, гэта аформіцца валанцёрам у грамадскае аб’яднанне, што дасць магчымасць знаходзіцца ва Украіне год.
А вось, нават, калі чалавек мае падставы падавацца на атрыманне палітычнага прытулку, то скарыстацца такім правам спяшаюцца ня шмат хто. Справа ў тым, што ўкраінская міграцыйная служба (ДМСУ) не лічыць Беларусь небяспечнай краінай. Адпаведна, пра «аўтаматычнае» прызнанне бежанцам чалавека, нават які мае на гэта ўсе падставы, размовы не ідзе. Працэдура разгляду заявы можа доўжыцца, па законе, да 6 месяцаў. На практыцы ж, яна можа расцягнуцца і на гады. ДМСУ вельмі неахвотна дае грамадзянам Беларусі статус палітычнага ўцекача. За ўсю гісторыю міждзяржаўных адносін яго атрымалі ўсяго 17 чалавек.
Пасля падачы заявы ў суіскальніка статусу бежанца адбіраюць дакументы, якія засведчуюць асобу, і выдаюць наўзамен даведку «Аб звароце за абаронай ва Ўкраіне». Але з ёй чалавек не можа здзяйсняць фінансавыя аперацыі, атрымліваць паслугі органаў дзяржаўнага кіравання або дзяржаўнага медыцынскага абслугоўвання. Гэтага дакумента няма ні ў адной электроннай форме, неабходнай для рэгістрацыі на розных сайтах дзяржпаслуг. Атрымаць з такой даведкай у падатковай інспекцыі індывідуальны нумар плацельшчыка – той яшчэ квэст, там патрабуюць пасведчанне бежанца і арыгінал пашпарта (які канфіскаваны ДМСУ). А без ІНП немагчыма падпісаць дэкларацыю з лекарам і атрымаць прышчэпку ад COVID-19 …
Таксама суіскальніку статусу бежанца немагчыма уладкавацца легальна на працу. Акрамя адсутнасці дакументаў, сітуацыя ўскладняецца тым, што працадаўца павінен плаціць замежніку 5-10 мінімальных заробкаў, што ў разы перавышае ўзровень заробкаў рэальных.
Таму знаходзіцца доўгія месяцы ў падобнай сітуацыі жадаючых няшмат. У цяперашні час у ДМСУ Львова знаходзіцца ўсяго 2 заявы ад грамадзян Беларусі аб прадастаўленні статусу бежанца. А трое беларусаў нядаўна забралі свае заявы, бо стаміліся знаходзіцца ў такім становішчы.
Але на дапамогу, прызначаную уцекачам ад Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, могуць прэтэндаваць толькі тыя, хто падаў заяву і знаходзіцца ў працэдуры разгляду. Атрымліваецца сітуацыя, што людзі, якія па факце з’яўляюцца палітычнымі ўцекачамі, фармальна такімі не прызнаюцца і не могуць атрымаць прадугледжаную для іх дапамогу.
Абагульняючы, можна сказаць, што галоўнымі цяжкасцямі для беларускай дыяспары Львова з’яўляюцца цяжкасці пераадолення бюракратычных перашкод у справе легалізацыі і ўладкавання свайго знаходжання ў Украіне. На сёння ўкраінскае заканадаўства не адаптавана да сітуацыі, якая склалася і не спрыяе прыцягненню беларускіх эмігрантаў ва Украіну. Большасць з іх, як гаварылася раней, разглядаюць Украіну як краіну часовага знаходжання перад пераездам у краіны ЕС. Тым не менш, у органах дзяржаўнай улады спее разуменне таго, што заканадаўства варта мяняць, адаптуючы яго да патрабаванняў часу.
Тым больш, што беларусы разглядаюцца як каштоўны чалавечы рэсурс, ва ўсіх суседніх краінах. Напрыклад, Польшча, Літва, Латвія, змяняюць міграцыйную палітыку для таго, каб аблегчыць ім пераезд і даць магчымасці для адаптацыі на сваёй тэрыторыі. У тым ліку і Расея стымулюе беларусаў атрымліваць від на жыхарства і падаваць дакументы на атрыманне грамадзянства па спрошчанай працэдуры.
Але не толькі з праблем і барацьбы з бюракратыяй складаецца жыццё новай беларускай дыяспары Львова. Яна арганізуецца для правядзення палітычных акцый і акцый салідарнасці, якія праходзяць штотыдзень у цэнтры горада.
З апошніх мерапрыемстваў найбольшы рэзананс мелі прысвечаныя гадавіне пачатку масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі, а таксама Дню беларускай вайсковай славы 8 верасня.
Актыўны зносіны адбываюцца ў телеграм-чаце «Беларусы ў Львове» https://t.me/bellviv. Створана спартыўная супольнасць, якае арганізуе гульні ў валейбол і футбол. Людзі дапамагаюць адзін аднаму парадамі, кансультацыямі і, у тым ліку матэрыяльна. Прадстаўнікі дыяспары сустракаюць прыязджаюых, дапамагаюць з жыллём, падачай дакументаў у дзяржаўныя органы, атрыманнем медыцынскай дапамогі, уладкаваннем дзяцей у сады і школы. Для маючых патрэбу збіраецца харчовая гуманітарная дапамога.
Створаны «Беларускі крызісны цэнтр», валанцёры якога займаюцца праблемамі бежанцаў, дапамагаючы ім вырашаць ўзнікаючыя пытанні і прадстаўляючы іх інтарэсы пры зносінах з органамі дзяржаўнай улады. БКЦ удалося наладзіць працоўныя сувязі з паліцыяй, міграцыйнай службай, гарадской Радай, СМІ, каб максімальна хутка і эфектыўна дапамагаць беларусам у розных жыццёвых сітуацыях.
Д ля многіх беларусаў нацыянальныя каштоўнасці сталі адыгрываць важную ролю толькі тады, калі яны апынуліся ў эміграцыі. Будучы адарванымі ад радзімы, людзі сталі больш цікавіцца роднай мовай і гісторыяй. Таму пры падтрымцы ўкраінскай скаўцкай арганізацыі «Пласт» http://www.lviv.plast.org.ua/ былі арганізаваны курсы беларускай мовы. Яны праходзяць кожную нядзелю і збіраюць каля 2-х дзесяткаў чалавек, у тым ліку і ўкраінцаў, якія цікавяцца беларускай культурай. Запрацавалі курсы і ўкраінскага мовы для беларусаў Львова.
Беларуская дыяспара Львова становіцца той супольнасцю, дзе беларусы могуць захоўваць свае нацыянальна-культурныя асаблівасці, не расчыняючыся ў навакольным свеце, дапамагаючы ўладкоўвацца адзін аднаму на новым месцы і праяўляць сваю грамадзянскую актыўнасць.
Віталь Макаранка