Каронавірус ставіць пад пагрозу правядзенне папулярных фэстаў на Магілёўшчыне з прыгожай лічбай “2020”
“Магілёўскі рэгіён” зазірнуў у дзяржзаяўку на правядзенне “Рыцарскага фэсту Мсціслаў-2020”, які запланаваны на 1-2 жніўня. Арганізатарам глабальнай імпрэзы выступіла цэнтралізаваная клубная сістэма Мсціслаўскага раёна. Яна запрасіла грашовую падтрымку ў 100 долараў ЗША.
Грошы мусяць пайсці на набыццё відэаабсталявання – светадыёднага вулічнага экрана, на якім усё яшчэ плануецца круціць інфармацыйныя ролікі пра гістарычныя падзеі, звязаныя з Мсціславам. Таксама ў планах падсвяціць спецабсаляваннем усю Замкавую гару, якая мае статус гісторыка-археалагічнага помніка. Гэта дало б магчымасць праводзіць імпрэзы нават уначы.
Асобна ў заяўцы адзначана, што Мсціслаўскі раён стаіць на мяжы з Расеяй, таму мэтазгодна запрашаць сюды турыстаў і ўдзельнікаў свята з краіны-суседкі. Такія планы былі ў раённай адміністрацыі яшчэ ў верасні-кастрычніку мінулага года.
Але, як вядома, Расейская Федэрацыя ад 18 сакавіка зачыніла мяжу з-за пандэмііі каронавіруса. Па сведчаннях месцічаў, упершыню расейскія памежнікі арганізавалі такі татальны кантроль, калі нават пешшу па другасных сцяжынках перасці мяжу гэта праблема.
Да таго ж невядома, ці адбудзецца фэст у прынцыпе. Усе старонкі ў сацсетках, датычныя прадрыхтоўкі да свята проста замёрлі. Апошняе паведамленне з анонсам і запрашэннем паўдзельнічаць у рыцарскіх баях, спаборніцтвах лучнікаў, конным турніцы і штурме замка датаваныя 21 студзеня. У пачатку сакавіка сваю заяўку пакінуў апошні гурт, які плануе паўдзельнічаць у свяце.
А далей актыўнасць спынілася, калі ў Беларусі афіцыйна былі пацверджаныя выпадкі смерці ад каронавіруса. Пакуль што арганізатары не заяўляюць пра адмену фэста, але і дакладна пацвердзіць, што ён будзе немагчыма. Усё залежыць ад таго, ці спыняць медыкі распаўсюд іфекцыі. Аднак ужо можна сказаць, што нават пры добрым развіцці падзеяў шмат людзей, як у ранейшыя часы, фэст не збярэ з-за перасцярогі.
Нагадаем, яшчэ адзін буйны фэст Магілёўшчыны – байк-фестываль “Асіповічы-2020” ужо перанесены і таксама пад пагрозай закрыцця.
Аляксандр Весялоўскі