Пакуль “вялікі гісторык зямлі Магілеўскай” і падтрыманец “Дэкрэта аб дармаедстве” спадар Марзалюк гаворыць пра бел-чырвона-белы фашызм і цалкам падтрымлівае забойствы і збіццё людзей, незаконныя арышты рэжымам Лукашэнкі, у галіне гісторыі Магілёўшчыны засталося шмат нявырашаных пытанняў і нават праблем.
Відавочна, што Марзалюка яны зусім не турбуюць, бо чалавек з высокай пасадай не будзе апускацца да вырашэння гістарычнай праўды ў Магілёўскай вобласці. Каньюктура не тая, ды й гэтым хай займаюцца аматары і няўдачнікі, а ён чалавек са статусам і пасадай вырашае “глабальныя” задачы. Ну да ладна, халера з ім!
А між іншым у паветры даўно завісла пытанне наконт таго, ці будуць вернуты ў бліжэйшы час гарадам і мястэчкам іх сапраўдныя назвы? Пытанне даволі актуальнае, асабліва з надыходзячымі зменамі ў нашай краіне. Напрыклад, ці стане сённяшні Слаўгарад ганарліва называцца Прапойскам? Пасожскі горад меў назву Прапойск ажно восем стагоддзяў і толькі савецкая ўлада змяніла назву паселішча. Адразу пасля заканчэння вайны, загадам ад 23 мая 1945 года старадаўні Прапойск быў перайменаваны ў Слаўгарад. Прычым афіцыйная фармулёўка была наступная: “Удовлетворить ходатайство трудящихся города Пропойска и Пропойского района и переименовать город Пропойск в город Славгород и Пропойского района в Славгородский район”. Дарэчы, перайменаванне адбылося адначасова з вяртаннем Прапойску статуса горада і было звязана з прысваеннем 324-й дывізіі, якая вызваляла горад, звання гвардзейскай. Пры гэтым савецкія ўлады палічылі словазлучэнне “Прапойская дывізія” немілагучным і вырашылі змяніць назву горада.
Савецкія манкурты не цікавячыся старадаўняй гісторыяй Прапойска прыдумалі яму “алкагольную” этымалогію. Найменне Прапойск, па іх меркаванню, пайшло ад дзеяслова “піць, прапіваць”, адсюль назва паселішча азначала – “месца, дзе шмат п’юць”. Аднак усё значна складаней і цікавей. Выбітны беларускі дыялектолаг і ўраджэнец Прапойшчыны Іван Якаўлевіч Яшкін расшыфроўвае назву Прапойск як “горад пры ўпадзенні р. Проня (у гістарычных крыніцах Пропасць, Пропань) у р. Сож. Такім чынам можна лічыць, што назва горада адлюстроўвае геаграфічныя, а лепей сказаць рэльефныя асаблівасці. Больш за тое, вусце ракі Проні пры ўпадзенні ў Сож стварае моцны вір, які ў мясцовым дыялекце называўся прапой. З гэтага вынікае, што назва горада пайшла ад наймення рэчкі Проня і ніякага іншага прачытання наймення не можа быць.
Альбо возмем роднае мястэчка дэпутата Марзалюка – Краснаполле. Калі ўжо перастануць назву паселішча асацыяваць з падзеямі Паўночнай вайны? Увогуле такая назва характэрна для беларускага тапанімікона і з’явілася ў розных частках нашай краіне без уплыву ваенных падзей. Аднак ці з’яўляецца найменне Краснаполле для паселішча аўтэнтычным трэба яшчэ высвятляць, бо з вялікай верагоднасцю першапачаткова яно ўзнікла пад назвай Маластоўка (па назве рэчкі, якая працякае праз мястэчка).
Яшчэ адна паказальная гісторыя мястэчка (афіцыйна – пасёлак гарадскога тыпу) Кіраўска, назва якога паўстала таксама ў савецкія часы. Гісторыя гэтага паселішча сягае ў ХІХ стагоддзе, калі на месцы Кіраўска быў маёнтак Качэрычы ў Качэрыцкай воласці Бабруйскага павета. У склад маёнтка таксама ўваходзіла вёска Старцы, якая ў далейшым стала цэнтрам Кіраўскага раёна, што быў утвораны ў 1935 годзе. Пазней на месцы маёнтка Качэрычы каля вёскі Старцы і быў пабудаваны новы паселак, які быў названы ў гонар Сяргея Кірава – сакратара Ленінскага абкома ВКП(б). Пры гэтым Кіраў не мае адносінаў да дадзенай мясцовасці і наогул да Беларусі. Вядома, каб аднавіць гістарычную справядлівасць, раённы цэнтр Кіраўск павінен мець найменне Качэрычы – назва маёнтка, на грунце якога ўзнікла сённяшняе паселішча.
Алесь Крыжэвіч