Галоўная » Ці будзе адзначацца час пачатку ўладарства Пацёмкіна над Крычаўшчынай?

Ці будзе адзначацца час пачатку ўладарства Пацёмкіна над Крычаўшчынай?

У 1772 годзе адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай, па якім Крычаўскае староства ўвайшло ў склад Расійскай імперыі. Першы час ім кіраваў ранейшы ўладальнік Ежы Мнішак, але з-за яго адмовы прысягнуць на вернасць Кацярыне ІІ, гэтая ўласнасць у 1775 годзе была канфіскаваная на карысць дзяржавы.

Пазней у 1776 годзе імператрыца падарыла гэтыя ўладанні свайму фаварыту Рыгору Пацёмкіну. Менавіта сёлета спаўняецца 245 год, калі Крычаўскае староства было аддадзена “светлейшему князю” Пацёмкіну ва ўладанне.

Пасля атрымання Крычаўскага староства ў сваю ўласнасць Пацёмкін адмяніў Магдэбурскага права, пазбавіўшы горад самакіравання, а мяшчанаў ператварыў фактычна ў бяспраўных прыгонных. Аднак крычаўцы не скарыліся і 18 год вялі судовыя цяжбы супраць Пацёмкіна. Перамогі ў аднаўленні ўласных правоў і самакіравання ў горадзе на жаль дасягнуць не ўдалося.

Разам з тым дзякуючы графу Рыгору Пацёмкіну ў канцы XVIII ст. мястэчка стала важным цэнтрам мануфактурнай прамысловасці, тут працавалі суднаверф, а таксама вінакурны, цагельны, шкляны, гарбарны і медналіцейны заводы, млыны. Праўда частка мануфактур працавала на патрэбы расійскага флота, а не на патрэбы мясцовых жыхароў. Тым не менш у часы Пацёмкіна адбыўся прамысловы ўздым Крычава і ваколіцаў. Таксама у час ўладарання Пацёмкіна быў пабудаваны палац у стыле класіцызма ў перыяд з 1778 па 1787 гады па праекце аўтара Таўрыйскага палаца Івана Старова, у якім сёння знаходзіцца гістарычны музей г.Крычава. Будынак у плане мае выгляд манаграмы «П» і «Е» (ініцыялы графа і імператрыцы). Побач быў разбіты сядзібны парк, ад якога цяпер захаваліся толькі асобныя дрэвы. Аднак нязначнасць Крычаўскага староства ўласна для Пацёмкіна пацвярджаецца фактам, што ў канцы XVIII стагоддзя Пацёмкін прадаў альбо нават прайграў у карты свае крычаўскія ўладанні шляхцічу Яну Галынскаму. Такім чынам, гэты гістарычны персанаж даволі неадзначначны для мясцовай гісторыі, аднак памяць пра якога трэба захоўваюць. Якая павінна быць памяць трэба вясвятляць прафесійным гісторыкам і мясцовым краязнаўцам.

Гістарычны музей Крычава наадварот на сёння актыўна выкарыстоўвае асобу Пацёмкіна для папулярызацыі дзейнасці культурнай установы, як і асобу рускай імператрыцы Кацярыны ІІ. Прыкладам можа стаць ініцыятыва мясцовага гістарычнага музея па стварэнні пакояў Кацярыны II, якая на шчасце рэалізавана не была. Ідэя, мякка кажучы, дзіўная. Сапраўды, Кацярына аднойчы была ў горадзе, бо нават адна са старых дарог, насыпы ад якой бачны да сённяшняга часу, называецца Кацярынінскім шляхам. Але ці варта адзін візіт манарха іншай дзяржавы да свайго палюбоўніка графа Пацёмкіна музеефікаваць? Сёння ўжо не выклікае здзіўлення, што ў палацы Пацёмкіна-Галынскіх, дзе знаходзіцца і мясцовы аддзел ЗАГСа, праводзяцца мерапрыемствы ў стылі Кацярыны ІІ і Пацёмкіна, што не толькі не актуалізуе беларускую гісторыю, а прапагандуе гістарычныя персанажы іншай краіны. З сумам толькі магу канстатаваць, што часта ініцыятывы ў сферы гістарычнай памяці ў горадзе вылучаюцца недарэчнымі прапановамі, а часам і адыёзнасцю.

Не выключана, што ў музейных сценах ці нават на ўзроўні аддзела культуры і ідэалогіі будзе нейкім чынам адзначаны час пачатку ўладарання Пяцёмкіна на беларускай Крычаўшчыне. Тым больш, што мясцовыя вертыкальшчыкі абсалютна абыякава ставяцца да багатай гісторыі горада, а сённяшні дырэктар гістарычнага музея Уладзімір Мішчанка – член Камуністычнай партыі Беларусі і ўдзельнік антынароднага т.зв. “Усебеларускага народнага схода”.

Хведар Прылёпаўскі