“Магілёўліфтмаш” удастоены дыплома рэспубліканскага конкурсу на лепшую ідэю ў галіне папярэджання злачынстваў і карупцыі. Гэтае прадпрыемства вядома сваімі гучнымі карупцыйнымі справамі. Але ці можа прыгожы плакат вырашыць сістэмную праблему? Пакуль усё нагадвае імітацыю барацьбы з карупцыяй.
На Магілёўскім заводзе ліфтавага машынабудавання нарэшце вырашылі папярэджваць карупцыю. “Важны крок” у барацьбе з карупцыяй зрабіла кіраўніцтва некалі самага паспяховага і самага карумпаванага машынабудаўнічага завода Магілёва. Дызайнеры прадпрыемства распрацавалі плакат «Разрежь каррупционные нити», за які ў вялікай канферэнц-зале Прэзідыума Нацыянальнай Акадэміі навук у Мінску іх узнагародзілі граматай за найлепшую ідэю (навуковую працу, сродак нагляднай агітацыі) у галіне папярэджання злачынстваў і карупцыі. Да экспертнай ацэнцы было прынята 227 работ, з якіх прадстаўлены да ўзнагароджання 25 удзельнікаў. Работнікі ліфтмаша аказаліся ў ліку пераможцаў, аб чым з гонарам паведамляе сайт прадпрыемства.
Неабходнасць барацьбы з карупцыяй на вытворчым аб’яднанні “Магілёўліфтмаш” даўно наспела. За апошні дзясятак гадоў двойчы яго кіраўніцтва трапляла не проста ў скандалы, а на турэмныя нары. Апошняя карупцыйная справа 2020 года дагэтуль хвалюе магілёўцаў.
Нагадаем, што Генеральны дырэктар прадпрыемства «Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання» і экс-парламентары Барыс Кавалеўскі быў затрыманы ў маі 2020 года, а разам з ім яшчэ 12 чалавек. Напачатку паведамлялі пра карупцыю звязаную з пастаўкамі ліфтаў у Расію. Затрыманне кіраўніцтва завода было надзвычай гучным яшчэ і таму, што Аляксандр Лукашэнка ў 2014 годзе прызначыў Барыса Кавалеўскага на пасадзе гендырэктара «Магілёўліфтмаша», да таго ж топ-менеджару быў аказаны давер – яго прызначылі членам Савета Рэспублікі ў 2016-2019 гадах.
Праз год справа была разгледжана ў Магілёўскім раённым судзе. Акрамя Барыса Кавалеўскага на лаўцы падсудных было яшчэ чатыры чалавекі. Працэс прайшоў за закрытымі дзвярыма. Тым не менш, сродкі масавай інфармацыі паведамлялі пра тое, што фігурантам справы ўмянялася атрыманне хабару, дача ўзяткі паўторна або ў бййным памеры, пасобніцтва ў дачы ўзяткі і ўцягванне ў прастытуцыю альбо прымус да працягу занятку ёю. Толькі Барысу Кавалеўскаму ставілі ў віну 16 эпізодаў атрымання хабару. Сума разавага хабару складала 4 тыс. еўра. Пад вартай знаходзіліся двое з пяці абвінавачаных.
31 мая 2021 г. былому генеральнаму дырэктару «Магілёўліфтмаша» Кавалевскаму суд прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення свабоды на тэрмін 7 гадоў калоніі са штрафам у памеры 800 базавых велічынь (23 200 рублёў) і пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў тэрмінам на 5 гадоў. Да розных тыпаў пакарання былі прыгавораны і яго падзельнікі. Пры прызначэнні пакарання суд улічыў, што абвінавачаныя прызналі сваю віну, чыстасардэчна раскаяліся ў садзеяным, аплацілі ў бюджэт суму неабгрунтаванага прыбытку ў памеры 123,6 тыс. рублей.
Адкуль жа бяруцца такія карупцыянеры?
Калі паглядзець біяграфію Барыса Кавалеўскага, то як падаецца нічога не прадвызначала ягоную карупцыйную будучыню. Нарадзіўся ён у Зугдзідскім раёне Грузіі. Скончыў палітэхнічны тэхнікум і інстытут, інстытут павышэння кваліфікацыі, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Працоўную дзейнасць пачаў электраманцёрам, працаваў інжынерам-канструктарам, інжынерам па арганізацыі, эксплуатацыі і рамонту, вядучым інжынерам некалькіх прадпрыемстваў. На ліфтабудаўнічым заводзе прайшоў шлях ад начальніка аддзела да генеральнага дырэктара вытворчага аб’яднання «Магілёўліфтмаш». Быў узнагароджаны медалью «За працоўныя заслугі», граматамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Магілеўскага гарадскога выканаўчага камітэта. Такі чалавек з народу не павінен быў стаць карупцыянерам, але стаў.
Прыклад кіраўніцтва ліфтмаша паказальны. Перыядычна ўлады мяняюць кіраўніцтва прадпрыемстваў і ўстаноў, дзе ёсць праблемы з карупцыяй, найбольш злачынныя кіраўнікі нават аказваюцца за кратамі, улада ставіць на іх месца новае “чэснае” кіраўніцтва, а праз нейкі час усё паўтараецца нібыта па колу…
Так можа быць праблема носіць сістэмны характар? Відавочна, што не паходжанне і сацыяльнае становішча з’яўляюцца галоўнымі прычынамі карупцыі, а адчужэнне чыноўнікамі ўласнасці народа, якой затым распараджаюцца самі бюракраты і менеджары-дачаснікі, якія не вытрымоўваюць спакусы бескантрольнай улады на прадпрыемствах і ва ўстановах. За чыноўнікамі і кіраўнікамі няма дзейнага кантролю незалежных сродкаў масавай інфармацыі і грамадскіх інстытутаў. Інфармацыя пра іх даходы фактычна засакрэчана і г.д.
У такіх умовах ці магчыма сістэмную праблему перамагчы выпускам новага плакату, хай сабе і неблагога? Безумоўна не! Для барацьбы з сістэмнай карупцыяй трэба прымяняць сістэмныя крокі.
Вось так і атрымоўваецца, што конкурс мер па папярэджванню злачынстваў і карупцыі больш нагадвае імітацыю барацьбы. Каб вырашыць сістэмную праблему, трэба мяняць сістэму.
Наш кар.