Без зменаў пакінуў суд вышэйшай інстанцыі (Магілёўскі абласны) прысуды магілёўскім актывістам па «народным» артыкуле 23.34 КаАП.
У чацвер 3 снежня прайшлі некалькі паседжанняў Магілёўскага абласнога суда па разгляду скаргаў на неабгрунтаваныя, па меркаванні актывістаў, рашэнні раённых судоў Магілёва. Карэспандэнт 6tv.by наведаў два працэсы, якія правёў суддзя Сяргей Мазураў.
На адным была разгледжана скарга супрацоўніцы Драмтэатру Волі Семчанкі, якую раней суд Кастрычніцкага раёну пакараў штрафам у 10 базавых за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».
Воля, як і на першым працэсе, не адмаўлялася ад факту ўдзелу, але настойвала на тым, што гэтым яна рэалізоўвала свае канстытуцыйныя правы і не парушала грамадскага парадку. Акрамя гэтага ў сваёй скарзе, якая займае 24 старонкі, яна вельмі падрабязна распісала, што менавіта сам «Закон аб масавых мерапрыемствах» парушае правы грамадзянаў, а праваахоўныя органы і суддзі павінны не караць людзей за выказванне сваіх поглядаў, а наадварот – ахоўваць і бараніць іх правы, якія запісаныя ў Канстытуцыі. Усе падобныя довады не паўплывалі на суддзю і ранейшы прысуд ён пакінуў без зменаў.
Наступнай па спісе суддзя Мазураў разгледзеў скаргу актывіста АГП Аляксандра Царука. 25 лістапада суд Кастрычніцкага раёну прысудзіў Аляксандру 10 сутак адміністратыўнага арышту за парушэнне «парадку правядзення масавых мерапрыемстваў», пры чым ужо па частцы трэцяй артыкулу 23.34 – за паўторнае парушэнне.
Доказам удзелу ў масавай акцыі сталіся аператыўныя відэа здымкі супрацоўнікаў міліцыі, на якіх Царук быў бачны літаральна некалькі секундаў, пры гэтым ён быў на вялікай адлегласці ад «масавай акцыі» і папросту ішоў адзін па пешаходнай Ленінскай вуліцы. Довады Аляксандра Царука, што ён у гэты дзень быў у горадзе па іншых справах, а на Ленінскую пайшоў наведаць некалькі крамаў і, калі пабачыў натоўп людзей, нават адмыслова пайшоў у бок ад яго, не былі прынятыя судом. На разглядзе скаргі прысутнічаў адвакат Царука, яна спрабавала пераканаць суддзю, што ў прадстаўленых відэа няма ніякіх доказаў парушэння закону, што пакаранне трэба скасаваць, бо няма складу правапарушэння. Але суддзя Мазураў пасля пяці хвіліннага перапынку, які абвесціў для прыняцця рашэння, і гэтую скаргу не задаволіў.
Воля Семчанка і Аляксандр Царук будуць абскарджваць і гэтыя рашэнні, пакуль, згодна працэдуры – у старшыні Абласнога суда.
Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара