У Крычаўскім раёне з 16 чэрвеня па 16 ліпеня праводзіўся адкрыты архітэктурны конкурс на лепшы эскізны праект ўязнога знака ў Крычаве. Прычым эскізны праект павінен быць распрацаваны з улікам горадабудаўнічай сітуацыі і навакольнага ланшафта, а сам знак мяркуецца ўсталяваць па вуліцы Маскоўскай. Сапраўды практычна ва ўсіх гарадах уезд ў горад маркіруе ўязны знак. У Крычаве ў розных канцах горада знаходзяцца тры малыя архітэктурныя формы. Першы знак знаходзіцца пры ўездзе з боку Чэрыкава, другі – па дарозе з Расіі і Клімавіч у горад, і трэці – пры выездзе з Крычава ў бок Мсціслаўля.
Часта такія архітэктурныя формы робяць, каб перадаць асаблівасць горада (прамысловую, культурную, прыродную, нацыянальную і інш.), ці ствараюць знакі рознакалярова-пазітыўнымі альбо кідкімі і прывабнымі для зроку. Гэтыя аб’екты мусяць дапамагаць стварыць цікавы вобраз населенага пункта, “рэкламуючы” сябе.
На вуліцы Маскоўскай па дарозе з Расіі і Клімавіч у горад размешчаны ўяздны знак у выглядзе аркі з купалам. Гэты знак быў зроблены і пастаўлены ў 2015 годзе. Займалася рэалізацыяй гэтага праекта тагачасны старшыня раёнага Савета дэпутатаў Таццяна Марачкава. Уяздны знак у выглядзе аркі з праваслаўнай “цыбулінай” і крыжом на версе лакалізуецца недалёка ад абеліску ў памяць аб жаўнерах, якія загінулі пры абароне горада ад нямецкіх войскаў у 1941 годзе. У 2015 годзе мясцовая “раёнка” Крычава пісала: “Уже сейчас этот знак радует глаз и становится достопримечательностью Кричева. Проезжающие мимо с удовольствием около него фотографируются.”. Цяжка з такім меркаваннем пагадзіцца, бо ўяздны знак не адлюстроўвае ніякай гарадской асаблівасці, да і адметнасцю Крычава ён не стаў, а людзі на яго звяртаюць мала ўвагі.
Уяздны знак пры ўездзе з боку Чэрыкава, які паўстаў яшчэ ў савецкія часы, з поўным правам можна аднесці да катэгорыі малой архітэктурнай формы. Ён часам трапляў у гарадскія адметнасці, аднак проста добра маркіруе ўезд у горад, бо здалёк знак добра бачны на ўзбочыне дарогі і на сёння змяшчае на сабе герб горада. У верхняй частцы кампазіцыі вялікімі літарамі змешчана найменне паселішча “КРИЧЕВ”. Цяжка назваць абодва ўяздных знака візітнай карткай горада ці то надзвычай адметнымі мясцінамі, бо падобных кампазіцый можна нямала знайсці ў шматлікіх гарадах і мястэчках нашай Айчыны.
Хіба мала аднаго ўязднога знака па вуліцы Маскоўскай? І ці будзе новы ўяздны знак нечым адметным і нестандартным, што пачне прывабліваць гасцей горада і саміх крычаўлянаў? Бо трэба адзначыць, што пры ўсёй адметнасці згаданых уяздных знакаў нейкай разнастайнасці і нестандартнай ідэі ім дакладна не хапае.
Алесь Крыжэвіч