Галоўная » Ці хочуць магілёўцы дыхаць вольна?

Ці хочуць магілёўцы дыхаць вольна?

25 кастрычніка кандыдат у дыпутаты Таццяна Сівачэнка разам са сваёй ініцыятыўнай групай зладзілі перадвыбарны пікет. Кандыдат балатуецца ад Аб’яднанай Грамадзянскай партыі па 85-й цэнтральнай акрузе Магілёва.

Пікет прайшоў на Ленінскай вуліцы, пачаўся а 16-й гадзіне і доўжыўся да 18-ці.

Акцыя была тэматычнай – пікетоўцы падрыхтавалі плакаты ў абарону экалогія горада, бо менавіта экалагічная тэма складае і частку перадвыбарнай праграмы Таццяны Сівачэнкі.

Нажаль, і такая тэма, і ўвогуле ўся тэма выбараў, не надта турбуе магілёўцаў – за дзве гадзіны пацікавіцца падзеяй, нешта запытаць ці выказаць свае думкі да актывістаў падыйшлі літаральна некалькі чалавек. Але за тое ў сябраў Таццяны і ў яе самой быў час паразмаўляць з назіральнікамі ад АБСЕ, нешта расказаць пра сябе, пра нашу выбарчую сістэму, і ўвогуле, пра грамадска-палітычнае становішча ў краіне.

Не абыйшлося і без невялічкага інцыдэнту. Уладзімір Шанцаў, старшыня магілёўскай арганізацыі АГП і давераная асоба кандыдата, часова прымацаваў адзін з плакатаў на агароджу ўваходу ў кавярню. Амаль адразу з’явіўся чалавек, які прадставіўся гаспадаром ці арэндатарам гэтай установы і папросту сарваў агітацыйны плакат. На такое дзеянне быў выкліканы нарад міліцыі, які прыбыў прыкладна хвілін праз 30.

Міліцыянты агледзілі месца здарэння, прагледзілі відэазапіс інцыдэнту, а пасля, ужо ў офісе АГП, быў складзены пратакол. Удзельнікі пікета вырашылі не выказваць ніякіх прэтэнзіяў да таго чалавека, толькі папрасілі міліцыю правесці “тлумачальную размову” з ім. На думку палітыкаў, выбары – важная і адказная падзея ў жыцці дзяржавы, а кожны грамадзянін мусіць калі і не падтрымліваць саміх кандыдатаў, але спрыяць і не перашкаджаць самой выбарчай кампаніі, бо пікет быў цалкам законны і ўзгоднены з уладамі.

Алесь Сабалеўскі. Фота і відэа аўтара

 

Яшчэ фота: