Інфармацыйна-прафілактычная акцыя «COVID-патруль» стартавала ў Магілёве. У буйных гандлёвых цэнтрах горада «Атрыум», «Гіпа», «Е-сіці», «Парк Сіці», там дзе абсталяваны пункты вакцынацыі, маладыя людзі праводзяць тлумачальную санітарна-прафілактычную работу.
У «COVID-патруль» увайшлі валанцёры арганізацыі «Добрае сэрца» старэйшыя за 18 гадоў. Гэтыя маладыя людзі маюць неабходныя сродкі абароны, адмысловыя бэйджы і апрануты ў заўважныя каляровыя камізэлькі чырвонага колеру. Яны сустракаюць магілёўцаў і інфармуюць іх пра неабходнасць захавання масачнага рэжыму, іншых санэпідмер. Таксама валанцёры распавядаюць пра важнасць своечасовай вакцынацыі, падказваюць магілёўцам, дзе можна зрабіць прышчэпку. У дадатак і ахоўнікі гандлёвых цэнтраў пачалі сістэмна папярэджваць наведвальнікаў пра неабходнасць быць у масках у грамадскіх памяшканнях.
Як паказала назіранне за іх працай, найперш актыўнасць патрульных накіравана на людзей без масак, якім яны нават уручаюць спецыяльныя брашуры. Хочацца верыць, што валанцёры, якія прайшлі спецыяльнае навучанне і інструктаж, зробяць усё магчымае для перадухілення распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі – па сутнасці выканаюць задачу, якую не здолелі вырашыць дзяржаўныя інстытуты.
Часам патрульным прыходзіцца стаяць без працы, і яны штосьці чытаюць у сваіх тэлефонах. А можа не ўсе з іх выйшлі на патруляванне па свайму жаданню?
У іх апраўданне, адзначым, што за апошнія дні сітуацыя ў гандлёвых цэнтрах заўважна змянілася да лепшага. Калі раней багата людзей апраналі маскі толькі каля касы, а моладзь увогуле бадзялася без іх, то цяпер амаль усе апранаюць сродкі абароны.
Акцыя працягнецца ў абласным цэнтры да паляпшэння эпідэміялагічнай сітуацыі па аўторках, серадах і чацвяргах.
Тася Лемон