Падземныя камунікацыі — абавязковы элемент кожнага горада, пасёлка гарадскога тыпу, аграгарадка… Яны маюць рознае прызначэнне, і пры размеркаванні па ступені неабходнасці ліўнёвая каналізацыя будзе ісці далёка не першым нумарам.
Аднак хібы ў яе рабоце ствараюць жыхарам дыскамфорт — і ён тым больш адчувальны, чым лепш ідуць справы ў іншых кірунках гарадскога добраўпарадкавання.
У мінулым годзе стан асіповіцкіх вуліц палепшыўся, сёлета змены чакаюцца яшчэ больш уражваючыя. Але ці тычыцца прагрэс нашай шматпакутнай ліўнёўкі?
Паразмаўляць на гэту тэму згадзіўся вядучы інжынер КУДП “Капітальнае будаўніцтва” Юрый Дзяргач:
— Для пачатку хацелася б нагадаць, што ў невялікіх гарадах краіны стварэнне ліўнёвай каналізацыі вельмі доўгі час лічылася неабавязковай раскошай. Такі падыход меў рацыю, бо вуліц з цвёрдым пакрыццём было няшмат, а гравійкам ды грунтоўкам яна непатрэбна. Потым, калі вуліцы і прыдамавыя тэрыторыі пачалі масава асфальтавацца, аказалася, што пракладваць паўнацэнную ліўнёўку праз ужо існуючую забудову дорага ды і не заўсёды магчыма. А далей набыў важнае значэнне геалагічны фактар. Калі горад пабудаваны на пясчана-друзавым узвышшы, вада праз яго пранікае лёгка і лужыны з вуліц знікаюць хутка. Асіповічам у гэтым плане не пашчасціла: пад намі шчыльныя гліністыя адкладанні. Да таго ж немалая частка тэрыторый горада месціцца ў паніжэннях рэльефу, дзе ападкавыя сцёкі назапашваюцца ў значных аб’ёмах.
Дзе магчыма — а гэта пераважна зоны “аднапавярховай” забудовы — была створана сістэма каналаў сукупнай даўжынёй каля 5 кіламетраў, якія адводзяць сцёкі ў рэчкі Сінюю і Трубінку. Гэты від ліўнёвай каналізацыі адносіцца да адкрытага тыпу. Яна самая простая, але пры адпаведным доглядзе працуе эфектыўна.
Дажджавая каналізацыя закрытага тыпу найбольш складаная. У ёй збор паверхневых сцёкаў ажыццяўляецца праз дрэнажную сістэму, якая ўваходзіць у канструкцыю тратуараў і праезных частак. Яна ахоплівае вуліцу Каралёва ў цэнтры горада, мікрараён вуліцы Чарняхоўскага ды невялікі кавалак мікрараёна № 1: стадыён “Юнацтва”, жыллёвы кааператыў “Артылерыст” і яшчэ некалькі дамоў на вуліцах Сташкевіча і Паркавай. Зліваецца вада адтуль у Трубінку.
Трэці тып асіповіцкай ліўнёўкі — дажджавыя калодзежы. Яны ўяўляюць сабой яміны глыбінёй каля 2 метраў, што дазваляе дасягнуць пранікальных для вады гарызонтаў грунту. Гэтыя калодзежы засыпаны друзам для лепшага дрэнажу і пераважна размяшчаюцца ў нізінах. Прызначаны яны, каб хутка “ўсмоктваць” атмасферныя ападкі і потым павольна “пераганяць” іх у грунтовыя воды. Аднак ёмістасць кожнага такога збудавання абмежаваная — каля 3,5 кубаметра, і са сваімі абавязкамі яны спраўляюцца не заўсёды. Мясцін, дзе перапоўненыя калодзежы і вялізныя лужыны над імі даводзіцца рэгулярна асушаць асенізацыйнымі машынамі, даволі многа ў мікрараёне № 1. Ёсць яны і на паўднёвым баку горада, у тым ліку каля комплексу раённай бальніцы. Участак вуліцы Кастрычніцкай паміж перакрыжаваннямі з вуліцамі Карла Лібкнехта і Розы Люксембург — якраз нізіна, што пастаянна знаходзіцца пад пагрозай затаплення. Каб зменшыць пікавы сцёк, падчас будаўніцтва новага корпуса медустановы тут зроблена пяць дажджавых калодзежаў. Дапамагае расцягваць у часе рух сцёкаў і пакінутае на вуліцы Розы Люксембург гравійнае пакрыццё. Канечне, з моцнымі працяглымі дажджамі і снегам, які інтэнсіўна тае, гэта сістэма не справіцца. Аднак у параўнанні з тым, што было раней, — прагрэс прыкметны.
Дзмітрый САЎРЫЦКІ
Крыніца: “Асіповіцкі край”