Галоўная » Ці з’явіцца ў Бялынічах плошча Льва Сапегі?

Ці з’явіцца ў Бялынічах плошча Льва Сапегі?

Жыхары горада запусцілі петыцыю да Дня беларускага пісьменства-2020. Прапановы тычацца арганізацыі свята і добраўпарадкавання горада.

Было сабрана 186 подпісаў, і заява ўжо пададзеная ў адпаведныя органы. Свой калектыўны зварот грамадзяне просяць разгледзець у тым ліку і ў рамках грамадскага абмеркавання рэканструкцыі вуліцы Савецкай у райцэнтры.

Сярод прапановаў – стварыць у горадзе веладарожку не за кошт ходнікаў, як запланавана, а за кошт крайніх палос праезнай часткі. Бялынічы – горад ровараў, большасць насельніцтва выкарыстоўвае менавіта гэты сродак транспарту. Аўтамабіляў тут ня так шмат, таму чатыры паласы для іх гэта ўжо занадта.

Таксама прапануецца выявіць размяшчэнне колішніх галоўных дамінантаў мястэчка – Кармеліцкага касцёла і царквы Раства Багародзіцы. У цёплы перыяд магчыма правесці раскопкі іх падмуркаў з мэтай магчымай музеефікацыі. У выглядзе муралаў у цэнтры горада прапануецца паўтарыць тры ўнікальныя фрэскі кармеліцкага касцёла, якія цудам былі выратаваныя ад знішчэння ў 1960-я гады (сабраныя па дробных кавалках дзве з іх захоўваюцца ў магілёўскім музеі Масленікава). Таксама было б ня лішнім усталяваць шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц па-беларуску. Але самае цікавае – наперадзе:

 

Аўтары петыцыі прапануюць прысвоіць пакуль безназоўнай плошчы перад кінатэатрам “Зорка” гістарычную назву – “Плошча Рынак”. І да таго ж разгледзець магчымасць прысваення плошчы перад райвыканкамам імя дзяржаўнага дзеяча Льва Сапегі, з чыім імём звязаны перыяд бурнага развіцця мястэчка. А парку на рагу вуліц Янкі Купалы і Гогаля прапануецца прысвоіць назву “Парк Агінскіх” у гонар роду Агінскіх, якім калісьці мястэчка і належала.

Што тычыцца добраўпарадкавання, то прапанавана нарэшце перастаць фарбаваць вапнай бардзюры, слупы и дрэвы – гэта безгутоўнае марнатраўства сродкаў. Лепей сканцэнтравацца на каларыстычным рашэнні фасадаў і рэкламным афармленні. З-за некантраляванай эклектыкі ў афармленні будынкаў і гандлёвых кропак Бялынічы сёння выглядаюць проста жахліва. Праз месяц аўтары петыці мусяць атрымаць адказ. Тады стане вядома, ці прыслухаўся выканкам да меркавання гараджанаў.

Аляксандр Весялоўскі