Выканаўца Дарыюш Гайдукевіч (Польшча) у праграме Florilegium musicum («Музычная анталогія») выканае 12 твораў 12 кампазітараў з 12 розных краін 24 кастрычніка ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава (Магілёў, вул. Камсамольская, 4). Арганны канцэрт распачнецца 16.00.
Дабрачынны марафон «Адбудуем Будслаў разам» праходзіць з 23 кастрычніка па 27 лістапада ў Беларусі. Восем канцэртаў арганнай і духоўнай музыкі адбудуцца ў Віцебску, Гродне, Лідзе, Магілёве, Мінску і Пінску. На працягу марафону ў розных святынях Беларусі таксама будзе праводзіцца выстава «Жыццё святога Яна Паўла ІІ».
Даведка. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі) у п. Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці – помнік архітэктуры позняга барока. Папа Рымскі Ян Павел II у 1996 годзе абвясціў Будслаўскі абраз Маці Божай патронкай Беларусі. 28 лістапада 2018 года ўрачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай («Будслаўскі фэст») была ўнесеная ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА.
11 мая 2021 года ў будынку касцёла ўзнік пажар, які знішчыў дах, моцна пашкодзіў скляпенні і іншыя будаўнічыя канструкцыі. У самім касцёле пацярпелі арганы, алтар, жывапіс. Быў распачаты збор сродкаў на аднаўленне пашкоджанай пажарам святыні. Да пачатку кастрычніка касцёл цалкам накрыты часовым дахам.
З моманту пажару зраблена неабходная праектная дакументацыя, у адпаведнасці з ёй усталявана кроквавая сістэма і базыліка накрыта часовым дахам. Для далейшых прац неабходны час і сродкі.
Праграма марафону ў Магілёве: Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава Магілёў, вул. Камсамольская, 4 :
- 16.00 – арганны канцэрт
Выканаўца Дарыюш Гайдукевіч (Польшча) з праграмай Florilegium musicum («Музычная анталогія») - 17.30 – выстава «Жыццё святога Яна Паўла ІІ»
- 18.30 – святая Імша
Алесь Верасень