Фрунзэнскі суд Менску 9 лютага пачне разглядаць крымінальную справу за «масавыя беспарадкі» супраць журналістак тэлеканалу «Белсат» Дар’і Чульцовай і Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай). Іх затрымалі 15 лістапада пасьля стрыму з «плошчы Пераменаў», дзе сілавікі разганялі дэманстрантаў, піша Радыё Свабода.
- Журналістак абвінавачваюць у «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
- Ім пагражае да 3 гадоў турэмнага зьняволеньня.
- Праваабаронцы абвясьцілі Андрэеву і Чульцову палітвязьнямі ды патрабуюць неадкладна іх вызваліць.
Напярэдадні судовага працэсу Свабода пагутарыла з маці і калегам Дар’і Чульцовай.
Падпрацоўвала на будоўлі, называла сябе праўдалюбкай
Дар’я родам са Шклова. 20 лютага ёй будзе 24 гады. Маці журналісткі Натальля Стэфанаўна кажа: дачка добразычлівая, мэтанакіраваная і самастойная. Яна ня любіць, калі ёй указваюць, што рабіць, і заўжды трымаецца свайго погляду на жыцьцё.
Каб быць фінансава незалежнай, на вакацыях у старшых клясах падпрацоўвала на будоўлі. Дар’я не выносіць несправядлівасьці і называе сябе праўдалюбкай.
Натальля Стэфанаўна прызнаецца: у падлеткавым веку дачка часьцяком сварылася зь ёю, а як перарасла яго, «крыху стала саступаць». Дзяўчына неахвотна дзялілася з роднымі патаемным, і яго «даводзілася выцягваць». Яна вяла дзёньнік і «свае думкі давярала больш паперы, чым блізкім», адзначае маці журналісткі.
«Калі не ў журналістыку, то нікуды»
Па словах Натальлі Стэфанаўны, журналістыку дачка ўпадабала ў старшых клясах. Тады больш рупліва ўзялася за вучобу. Налягала на літаратуру, хаця і да гэтага шмат чытала. Гісторыя ёй давалася лёгка, як і іншыя гуманітарныя прадметы.
Пра тое, што пойдзе вучыцца на журналістку, Дар’я расказала родным на выпускным. Маці ня ўтойвае: выбар дачкі яе агаломшыў. Родныя ў Дар’і былі «простымі людзьмі» і на жыцьцё зараблялі «сваім мазалём».
«Я была катэгарычна супраць і ня ведала, як яе адгаварыць. Пераканаць спрабавалі цётка і сястра, — згадвае Натальля Стэфанаўна, — Даша была катэгарычнай: калі не ў журналістыку, то нікуды».
Дар’я скончыла факультэт журналістыкі Магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова. Працавала ў мясцовым інтэрнэт-выданьні «Могилёв. Онлайн». Натальля Стэфанаўна адзначае: родныя казалі дачцэ, каб «уладкавалася на афіцыйную працу», але яна адказвала, што «хоча даносіць людзям праўду».
«Добра і хутка вучылася працаваць для тэлевізіі»
З тэлеканалам «Белсат» Дар’я пачала супрацоўнічаць у 2019 годзе. Пазнаёмілася і пасябравала з магілёўскім карэспандэнтам тэлеканалу Міхаілам Аршынскім.
Па словах Міхаіла, у Дар’і была прынцыповая пазыцыя працаваць толькі ў незалежных мэдыя і ён прапанаваў ёй зрабіць некалькі сюжэтаў для «Белсату». Дзяўчына дала рады і пасьля год рабіла ў Магілёве рэпартэркай «Белсату».
«Дар’я добра і хутка вучылася працаваць для тэлевізіі», — кажа ён.
Чульцова разумела, што супрацоўніцтва зь «Белсатам» стане нагодай для перасьледу і рэпрэсіяў. У Магілёве яе двойчы штрафавалі за працу без акрэдытацыі. Міхаіл кажа, што да пакараньня яна ставілася з гумарам і жаданьня знайсьці спакайнейшую працу ў яе не ўзьнікала.
Дар’я не зьбіралася заседжвацца ў Магілёве, працягвае Міхаіл. У ейных плянах быў пераезд у сталіцу, дзе больш магчымасьцяў для самарэалізацыі. У Менску хацела быць апэратаркай, таму ўзялася асвойваць гэтую прафэсію.
Урокі брала ў Міхаіла, які лічыць, што сучасны журналіст мае валодаць усімі навыкамі вырабу мэдыйнага прадукту. Паводле яго, калі Дар’я перабралася ў верасьні 2020 году ў сталіцу, то ўжо было падрыхтаванай апэратаркай.
Больш хвалюецца, як родныя перажываюць яе зьняволеньне
Пра арышт Дар’і родным стала вядома з SMS-паведамленьня ад праваабаронцаў. Спачатку, успамінае Натальля Стэфанаўна, спадзяваліся, што «ўсё абыдзецца», а калі дазналіся пра крымінальную справу, то жахнуліся. У вінаватасьць Дар’і яе маці ня верыць і настойвае: «Дачка выконвала сваю працу, трымаючы ў руках відэакамэру».
Па ейных словах, у лістах з жодзінскага СІЗА дачка ні на што ня скардзіцца. Піша, што яна ў парадку, здаровая.
«Хоць мы разумеем, што ёй там не салодка, — са сьлязьмі кажа маці журналісткі, — яна больш хвалюецца, як мы перажываем яе зьняволеньне».