Галоўная » Дазасядаліся…

Дазасядаліся…

Разнастайныя нарады, пасяджэнні, семінары ў беларускага чынавенства ператварыліся ў асноўныя формы кіравання эканомікай і сацыяльнай сферай Беларусі. Гледзячы на павадкі кіраўніка краіны, які задае асноўны тон у падобных формах кіравання, імкнуцца не саступаць яму і чыноўнікі ніжэйшага рангу. Для беларускага чынавенства сталася за гонар прысутнічаць на нейкай нарадзе з удзелам А.Лукашэнкі, незалежна ад тэматыкі пытанняў і праблемаў, што там прагучалі, незалежна ад вынікаў гэтага мерапрыемства. Галоўнае – прысутнічаць.

 А што ў выніку – ды хоць трава не расці.

Так выглядае, што ў Беларусі, не падпарадкоўваючыся рэзалюцыям розных нарадаў, перастала ўжо і трава расці. Бо як разумець, што, пры такіх спрыяльных умовах надвор’я для нарыхтоўкі кармоў і ўтрымання жывёлы, статак буйной рагатай жывёлы краіны ў зімова-стойлавы перыяд 2019-2020 года ўтрымліваецца ўпрогаладзь.

Толькі праблемам аграпрамысловага комплекса (АПК) адной толькі Віцебскай вобласці ў апошнія тры месяцы было прымеркавана ажно дзве нарады з удзелам Лукашэнкі.

Не паспелі схлынуць эмоцыі ва ўдзельнікаў нарады ад мерапрыемства па праблемных пытаннях АПК вобласці, што прайшла ў лістападзе 2019 года, як іх у хуткім часе зноўку запрасілі ў Віцебск на чарговую нараду  – аб першачарговых мерах па забяспячэнні ўстойлівай работы АПК Віцебскай вобласці, што адбылася 28 студзеня 2020 года.

Такім чынам, да канца 2020 года, усе вобласці будуць ахоплены падобнымі нарадамі па праблемах АПК.

Ці будзе з гэта плён ??? Ды ні які !!!

Як паказаў час, у прамежку паміж першай і другой віцебскімі нарадамі стан аграпрамысловага комплекса Віцебшчыны яшчэ больш пагоршыўся.

Для АПК Віцебшчыны было бы больш карысці, калі б тоны паліва, сродкі, патрачаныя на падрыхтоўку і правядзенне нарады, сродкі на камандзіровачныя расходы чыноўнікаў былі накіраваныя ў гаспадаркі вобласці, дзе нярэдка адсутнічае тое ж самае паліва для трактароў, у звязку з чым жывёлаводы не могуць рэгулярна забяспечыць механізаванае кармленне жывёлы і вымушаны ўручную, у мяхах разносіць гэтыя кармы.  

Паспрабуем угадаць – якой вобласці Беларусі надалей выпадзе “гонар” прымаць чарговую нараду вышэйшага чынавенства з удзелам кіраўніка краіны па праблемах АПК і першачарговых мерах па забяспячэнні ўстойлівай работы аграпрамысловага комплекса.

Як паказваюць вынікі працы АПК, хутчэй за ўсё, такі “гонар” на гэты раз перападзе Магілёўшчыне.

Бо за студзень-верасень 2019 года задачы па тэмпу росту аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі сельгаспрадпрыемствамі не выкананы ні ў адным раёне Магілёўскай вобласці. Па выніках працы за 9 месяцаў мінулага года вытворчасць малака склала 483,6 тыс. тон, або 90,3% да адпаведнага перыяда 2018 года.

За 9 месяцаў 2019 г. сярэдні надой малака на адну карову зменшыўся на 275 кг. і склаў 2861 кг. Нават Бялыніцкі раён, які раней уваходзіў у дзесятку лідзіруючых па надоях малака сярод раёнаў краіны, атрымаў у мінулым годзе паказчыкі ніжэй сярэднеабласных – 2 409 кг.

Акрамя таго, за 9 месяцаў мінулага года па вобласці скарацілася на 4,4 тыс. колькасць буйной рагатай жывёлы, у т.л. кароў на 3,4 тыс. А агульная вытворчасць буйной рагатай жывёлы склала 44,0 тыс. тон, што адпавядае 99,0% да студзеня-верасня 2018 года.

Паказчыкі вытворчасці іншых відаў сельскагаспадарчай прадукцыі ў Магілёўскай вобласці таксама выглядаюць не лепш.

Мяркуецца, што падобная нарада на Магілёўшчыне адбудзецца ў красавіку 2020 года. Ізноўку будуць патрачаны тоны, так неабходнага для сяла, бензіна, тысячы і тысячы бюджэтных сродкаў на падрыхтоўку і правядзення мерапрыемства, а таксама на камандзіровачныя расходы ўдзельнікаў.

А што ў выніку ? А ў выніку будзе зноўку – пшык!

І такі пшык будзе працягвацца да той пары, пакуль кіраўніцтва краіны не ўсвядоміць неабходнасць правядзення рэформаў у аграпрамысловым комплексе ўсёй краіны, а не асобна ўзятай Віцебскай вобласці – праз фантазіі па стварэнні аграхолдынгу на ўсю тэрыторыю Віцебшчыны.

Можа пара, нарэшце, высокапастаўленым чыноўнікам звярнуць увагу на досвед нашых продкаў – нашых дзядоў і прадзедаў па арганізацыі вытворчасці ў кожным рэгіёне краіны тых відаў сельскагаспадарчай прадукцыі, якім адпавядаюць умовы рэгіёна. І пад вытворчасць прадукцыі – адпаведна ствараць перапрацоўку.

І, самае галоўнае, – зямлі неабходзен гаспадар. Без гаспадара на зямлі ніякія рэформы не будуць мець поспеху.

Рыгор Кастусёў