Галоўная » День будаўніка на Святой крыніцы

День будаўніка на Святой крыніцы

Калі ехаць праз Сож ад Крычава, то праз кіламетра тры трэба збочыць направа, каб праехаць да бліжэйшай вескі Прудок. Даехаўшы да згаданага месца можна завярнуць налева, у супрацьлеглы бок ад Прудка, дзе ў маляўнічым лясным краявідзе знаходзіцца мясцовая славутасць – Святы калодзеж. Гэта народная святыня пра якую рускі ваенны і гісторык саксонскага паходжання Андрэй Меер згадваў у сваёй працы «Описание Кричевского графства, или бывшаго староства», якая датуецца 1786 годам. Па словах этнографа і фалькларыста Таццяны Валодзінай, згадка пра Святую крыніцу пад Крычавам адна з самых першых на тэрыторыі Беларусі пра культ святых крыніц наогул.

Драўляная агароджа ля крыніцы

Амаль тыдзень таму, на выходныя прыехаў з сябрам на радзіму ў Крычаў і пасля невялікай экскурсіі па горадзе, вырашылі зладзіць роварную паездку да Святой крыніцы і Чорнага возера, што знаходзяцца блізка ля Прудка. Ужо пад’язжаючы пачулі гукі музыкі, якія разносіліся на ўсе наваколле. Падумалася што так “выкшталцона” адпачываюць мясцовыя, але ж памыліўся. Здавалася што ўбачу звыклую для сябе карціну на крыніцы: вытаптаная пляцоўка, альтанкі і спуск да крыніцы, закаванай у жалезны купал, а побач з ёй жалезны крыж.

Жалезны крыж ля крыніцы. 2017 г.

Але тое што ўбачыў моцна здзівіла. Як чалавек што цікавіцца тэмай культавых аб’ектаў, у тым ліку і святымі крыніцамі, наведваў неаднойчы Сіні Калодзеж (Блакітная крыніца) у Слаўгарадскім р-не і дапамагаў збіраць інфармацыю па сакральным аб’екце вядомаму этнографу Беларусі Рэгіне Гамзовіч. Больш таго ўжо на працягу 3 год сачу за станам Святой крыніцай ля Прудка і фіксую ўсе працэсы, што адбываюцца на ёй. Адзначу, што пляцоўку ля самой крыніцы я ўбачыў ўпарадкаваную і агароджаную драўляным плотам, а гэта прыблізна метраў сем, каб машыны не маглі пад’езжаць шчыльна да самой крыніцы. Гэта выключна пазітыўны момант, які, дарэчы, зроблены з падачы мясцовых ўладаў. З другога боку на крыжы зніклі аўтэнтычныя рушнікі, кавалкі матэрыі, якія вешаліся як аброк святому месцу. Павешаны адзін сучасны рушнік, што натуральна засмучае, але пакуль не дае магчымасці поўнасцю разабрацца ў сітуацыі.

Жалезны крыж ля крыніцы. 2018 г.

Адзначу і парадак вакол альтанак, дзе не было смецця, што натуральна пазітыўна. Праўда не трэба будаваць ілюзій наконт чысціні і ўпарадкаванасці пляцоўкі ля крыніцы, бо гэтае месца з’яўляецца зонай адпачынку, на яго тэрыторыі знаходзяцца альтанкі і перыядычна яно бывае засмечана людзьмі. Істотным будзе адзначыць, што да сённяшняга часу “Святая крыніца” ніяк не ахоўваецца дзяржавай і не мае ніякага ахоўнага статуса. Ілюстрацыяй такой сітуацыі будзе спецыяльны рэест “Асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый Магілеўскай вобласці”, дзе крыніца адсутнічае ў спісе. Больш таго, тэрыторыя крыніцы мае афіцыйны статус зоны адпачынку, пагэтаму не дзіва што гэта сталася нормай і для гараджанаў, якія прыязджаюць адпачнуць, і для мясцовых ўладаў.

Новая альтанка

Але ж вернімся да апісання ўбачанай мной карціны. Гучную музыку круцілі са сцэны якая была размешчана на пад’ёме з левага боку ад крыніцы, якая размешчана была ў метрах дзесяці. Сцэна і даўгая альтанка месцаў на 100, што размяшчалася побач з месцам выступлення. Злевага боку яшчэ з’явіліся дадатковыя альтанкі са сметніцамі, а імі знаходзіліся наметы з прадуктамі. Я сам таго не ведаючы патрапіў на падрыхтоўку адзначэння дня будаўніка. Прычым падрыхтоўка была ў самым разгары, бо ніхто асаблівай ўвагі не звярнуў калі я пачаў здымаць усё што адбываецца вакол. На сцэне пад дзяржаўным сцягам вылучыліся надпісы “С праздником» і “День строителя». На фоне гэтых надпісаў быў яшчэ фатаздымак новага цэментнага завода, што размяшчаецца пад вёскай Каменкай. Пры імправізаваным ўваходзе на тэрыторыі святкаванняў знаходзілася дзесятка два вялікіх разнакаляровых сцяжка.

Святочныя сталы

На пытанні зададзеныя мной арганізатары ад мясцовай улады адмовіліся адказваць, спасылаючыся на тое, што гэта месца адпачынку і галоўнае каб людзі не смецілі. А пытанне было досыць простае: “Ці можна рабіць у экалагічных месцах такія мерапрыемствы?” На вялікі жаль адказу я так не пачуў… А раз стала нормай называць помнік прыроды і гісторыі месцам адпачынку, дзе можна як заўгодна сябе паводзіць абы не смеціць, то з гэтым нешта трэба рабіць! Без умяшальніцтва экспертаў экологаў, этнографаў і кразнаўцаў справа не зрушыцца з месца. А аб’ект сапраўды ўнікальны, адна з тых крыніц хто была папулярнай на Магілёўскім Пасожжы на пачатку XX стагоддзя.

Сцяжкі ля ўваходу на тэрыторыю святкавання

Няўжо не было іншага месца для адзначэння прафесіянальнага свята будаўнікоў? Хутчэй за ўсё адным з арганізатараў гэтага святочнага балагану выступаў цемзавод, пры будаўніцтве новай часткі якога зусім не ўлічваўся экалагічны фактар! Гэтага аказалася мала і тэрыторыю яшчэ вырашылі скарыстаць для сваіх гульбішчаў. Даю характарыстыку падобным мерапрыемстваў менавіта такую, бо яны працягваюць “традыцыю” закладзеную ў савецкія часы. У часы ваяўнічага атэізма вялося ўпартае змаганне з народна-рэлігійнымі і царкоўнымі практыкамі, а вынікам гэтага сталася змена/трансфармацыя з культавага статуса воднага аб’екта на простае месца адпачынку. Такім чынам, савецкай уладай быў падменены рэлігійны сэнс святкаванняў ля крыніцы на свецка-ідэалагічны, зрабіўшы тамака народныя гулянні з нагоды прафесійных святаў. Адпаведна зона адпачынку “Святая крыніца” магла з’явіцца толькі ў тыя часы. Ці не здаецца дзіўным спалучэнне назвы крыніцы і яго афіцыйнага статуса (зона адпачынку “Святая крыніца”)? На вялікі жаль мясцовая ўлада зусім не заўважае, а мабыць проста і не ведае нічога пра гэтае месца. Сапраўдная місія павінна быць у захаванні аб’екта нягледзячы на тое, што за савецкім часам было зроблена шмат для практычнага знішчэння аб’екта гісторыі і экалогіі.

Аброкі на парэнчы ля крыніцы, 2017 г.

Адзначу папярэднія благія захады падчас добраўпарадкавання, калі ля крыніцы была вырыта экскаватарам яма, што неспрыяла добраму функцыянаванню прыроднага аб’екта. Гэтая яма па задумцы мясцовых ўладаў мусіла стаць купеллю, бо такую ідэю анансавалі яшчэ напрыканцы 2015 года, пэўна не без патрымкі мясцовай праваслаўнай царквы. Канава праіснавала даволі доўгі час (поўгады мінімум), а затым была закапана, бо хутчэй адсутнасць сродкаў вымусіла прыпыніць праект “стварэння” святога месца. Варта працытаваць словы беларускіх этнографаў, якія вельмі трапна адзначылі праблему піяру народных святыняў: “Небяспеку ўяўляе і бяздумная папулярызацыя культавых крыніц у сродках масава інфармацыі, дзе “вясковая святыня” разглядаецца як нейкі экзатычны турыстычны аб’ект і зусім не бяруцца пад увагу мясцовыя традыцыі шанавання гэтай крыніцы (“Святыя крыніцы Беларусі” – Мн.: “Беларуская навука”, 2016)

Выток вады з крыніцы і раскапаная канава. 2016 г. Будучая купель. 2016 г.

Алесь Крыжэвіч