Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, гісторык Ігар Марзалюк расказаў пра работу над першым томам Гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Гэта кніга, якая стане ідэалагічным базісам для вывучэння гісторыі ў школах і ўніверсітэтах.
Ігар МарзалюкСвае заявы ён зрабіў падчас адкрытага дыялогу на тэму «Станаўленне і развіццё беларускай дзяржаўнасці», арганізаваным БРСМ у Нацыянальнай бібліятэцы. Марзалюк на пытанні студэнтаў адказваў то па-руску, то па-беларуску, дадаўшы, што валодае яшчэ і нямецкай.
«Тое, што мы выводзім сваю гісторыю з Полацка, некаторым здаецца недарэчным, але [выводзіць] ад Ноўгарада — не здаецца», — рытарычна канстатаваў Марзалюк.
«Нацыя — гэта прадукт эпохі асветніцтва. Першая фаза ранненацыянальнага будаўніцтва пачынаецца ў эпоху рэнесансу, але росквіт — гэта канец 18-га, 19-е стагоддзе, у гэтым плане мы не недаспелыя, не пераспелыя — мы нармальныя, — працягнуў ён. —
Многія не разумеюць, што беларускія нацыянальны праект — фантастычна паспяховы. Мы доўга запрагаем, але хутка едзем.
Вацлаў Ластоўскі ў 1917 годзе ўпершыню агучыў думку, што Беларусь можа стаць незалежнай. Ні ў адной папярэдняй праграме нацыянальна-вызваленчага руху не ўздымалася пытанне аб незалежнасці краіны. І за сто гадоў прайсці шлях ад этнаграфічнай супольнасці, у якой не было ніякай формы дзяржаўнасці, да мадэрновай нацыі, незалежнай дзяржавы, з усімі атрыбутамі…
Беларусы — не менш нармальныя, чым ірландцы, але не ўсе ірландцы маюць дзяржаўнасць.
Як бы там ні было, як казаў Алег Латышонак, калі нарадзілася ягоная бабуля, быў Паўночна-Заходні край і усімі кіраваў Мікалай ІІ, калі памірала — мы другі раз абіралі прэзідэнта.
Гэта было каласальна важнае стагоддзе з усімі стратамі і здабыткамі. Мне надакучыла гэтая канфрантацыя і акопная страляніна — у адных толькі БНР, у другіх…
Гэта няправільна, ва ўсяго адныя вытокі — беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, часопіс «Гоман», нашаніўскі перыяд, Беларуская сацыялістычная грамада, кульмінацыя і вяршыня — Усебеларускі з’езд у 1917 годзе, які адбыўся тут, у Мінску. Хутка гэтую пазіцыю пачнуць крытыкаваць з усіх бакоў, некаторыя будуць называць гэта нацыяналістычным шабашам…
Паўтару метафару майго любімага Міхася Стральцова, што мы як трава — нас косяць, а мы ёсць. Гэта нашая неўміручасць, беларуская нацыя ёсць. Калі датэгуль не з’елі, то ўжо не з’ядуць».
«Вы, бачу, надзелі вышыванкі, але вы мусіце надзець мову сэрца яшчэ і на свае вусны, —
звярнуўся ён да актывістаў БРСМ. — Я хачу нагадаць прыклад габрэяў. Іўрыт, на якім гавораць у Ізраілі, — на ім ніхто не гаварыў, гэта была мова багаслужэнняў. Хто яго ведаў, хто разумеў? У нас сітуацыя лепшая за тую. Так, не кожны можа сказаць хораша і прыгожа, але ўсе разумеюць. І не трэба тут халоднай вайны, Беларусь адна — яна можа быць рознай па палітычных поглядах. Калі параўнаць з сімваламі веры, то сімвалы нашай нацыі — гэта гісторыя, павага да нацыі, павага сваёй дзяржавы.
Усялякі, хто адмаўляе факт існавання беларускай нацыі і культуры, — ён па-за канстытуцыйным перыметрам, ён павінен тлумачыць у іншых месцах, чаму [такія погляды]».
Крыніца: “Наша ніва”