Галоўная » Дэвальвацыя 2020: наколькі абясцэніцца беларускі рубель?

Дэвальвацыя 2020: наколькі абясцэніцца беларускі рубель?

Працуем, зарабляем, а ў гаманцы грошай усё менее. З падзеннем курсу беларускага рубля заробкі ў доларавым эквіваленце змяншаюцца, а імпартныя тавары імкліва даражэюць.

«Калі вы зарабляеце, да прыкладу, 1000 рублёў, і гэта было недзе 500 $, то пры рэзкім падзенні курсу рубля ў вас можа апынуцца толькі 300 $. І калі за паўтысячы долараў вы маглі з’ездзіць, умоўна кажучы, у Егіпет, то цяпер ужо не. Гэта датычыць таксама і набыткаў, пакупкі рэчаў», – кажа эканамічны аглядальнік Аляксандр Заяц.

Беларусы пашыхтаваліся ў чэргі ля абменнікаў: хтосьці, каб перавесці свае рублёвыя ашчаджэнні ў валюту, іншыя – каб дзеля выезду за мяжу набыць долары і еўра, нехта сплочвае крэдыты ў валюце ці доларамі расплачваецца за здым жытла. Але ўзнікла іншая праблема – у абменніках і банках не стае наяўнай валюты. Як распавялі «Белсату» жыхары Магілёва, толькі ў адным з 5 абменнікаў атрымліваецца знайсці валюту. Не лепшая сітуацыя і ў іншых гарадах. У сувязі з гэтым Нацбанк заклікаў фінансавыя ўстановы стрымана ўстанаўліваць курсы валютаў ды інфармаваць людзей пра магчымасць безнаяўнага набыцця замежных грашовых адзінак. Самая ж галоўная фінансавая ўстанова краіны пакуль не прымае асаблівых захадаў для стрымання росту валюты.

«Нацбанк, навучаны горкім досведам 2011 года, пачаў праводзіць больш узважаную палітыку, згладжваючы толькі рэзкія ваганні. Палітыкі стрымання пакуль мы не назіраем», – кажа Аляксандр Заяц.

 

«Нацбанк не будзе стрымліваць курс»

Напярэдадні і Лукашэнка адзначыў, што кіраўніцтва краіны не мае намеру стрымліваць падзенне курсу рубля:

«Калі народ хоча купіць долар – калі ласка, ён сёння каштуе колькі каштуе. У нас плаваючы курс: попыт вялікі – значыць, даражэй будзе гэты долар або еўра, попыт меншы – значыць, будзе танней каштаваць. Мы, учапіўшыся рукамі, не стрымліваем курс рубля».

Фінансавы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб лічыць, што сапраўдная прычына – у сціплых фінансавых магчымасцях Нацбанку.

«Золатавалютныя рэзервы Беларусі цяпер каля $ 8 млрд – гэта не так і шмат. І я не думаю, што Нацбанк будзе проста так марнатравіць рэзервы, каб стрымліваць курс», – кажа Вадзім Іосуб.

А гэта значыць, што падаражэнне валют працягнецца. Гэтак дорага як цяпер еўра і долар не каштавалі яшчэ ніколі.

 

Рубель нясецца ў прорву

У некаторых абменніках долар прадаюць ужо па 3 рублі, а еўра – амаль 3,5. І гэта яшчэ не пік падаражэння, перакананыя эканамісты.

Рост долара за апошні месяц. Інфаграфіка nbrb.by

Аднак пахудзеюць не толькі гаманцы простых беларусаў, зменшыцца і дзяржаўны бюджэт.

«Дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту да канца года можа складці 6,5 %. Гэта вельмі шмат. А гэта значыць, што будзе змяншацца фінансаванне пэўных напрамкаў і даходы насельніцтва. Будзе паніжэнне ўзроўню жыцця, таму што інфляцыя і рост курсу валюты з’ядуць даходы насельніцтва», – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

 

Што рабіць людзям, каб не дайсці да галечы?

Эксперты кажуць, што дзейная ўлада загнала беларусаў у сітуацыю, у якой што б яны цяпер не зрабілі – усё адно будзе кепска.

«Калі ў вас на дэпазіце ляжыць $ 5 тыс. і вы баіцеся, што вам іх ніколі не вернуць, і калі вам зараз удалося б іх зняць, то што вы з імі зробіце? Дома захоўваць – рызыка, перавесці ў золата – рызыка, пакласці ў ячэйку – усе памятаюць гісторыю «Белгазпрамбанку», таму таксама рызыка», – адзначае Аляксандр Заяц.

«Калі даверыцца банкам, пакінуць там грошы, то няма гарантыяў, што валютныя ўклады не будуць замарожаныя або не будуць канвертаваныя ў рублі. З іншага боку, калі ўсе адначасова пабягуць у банкі за сваймі ўкладамі, банкаўская сістэма гарантавана ляжа і ўсе свае ўклады назад гарантавана не атрымаюць», – перакананы Вадзім Іосуб.

Гэтак жа «і так будзе кепска і гэтак не добра» датычыць усіх палітыка-эканамічных перспектываў нашай краіны: палітычны крызіс выклікае падзенне эканомікі і зніжэнне ўзроўню жыцця беларусаў, а гэта ў сваю чаргу выклікае яшчэ большае палітычнае напружанне. Незалежныя палітолагі і эканамісты сыходзяцца ў адным, што выйсце з гэтага замкнёнага кола толькі адно – змена ўлады. Бо толькі гэта гарантуе прыток інвестыцыяў у Беларусь, атрыманне замежнай дапамогі і танных крэдытаў на правядзенне рэформаў і развіцце краіны.

Карыкатуры: Дэ Лёс

ВС Belsat.eu