Галоўная » Дэлегаты з Магілёўшчыны прынялі актыўны ўдзел у З’ездзе ТБМ

Дэлегаты з Магілёўшчыны прынялі актыўны ўдзел у З’ездзе ТБМ

У Мінску 18 кастрычніка 2020 года адбыўся ХIV З’езд ГА “Таварыства Беларускай мовы імя Францішка Скарыны”

 У справаздачным дакладзе старшыні таварыства Алены Анісім былі адзначаны наступныя падзеі:

  • Старшыня ТБМ Алена Анісім 25 сакавіка 2018 года выступала з вітальным словам на святкаваннях 100-годдзя БНР ля Опернага тэатра ў Мінску.
  • 25 красавіка 2018 года Алена Анісім выступала ў Страсбургу на пасяджэнні Камітэта па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы.
  • 25-26 лістапада 2017 года па ініцыятыве ТБМ і Аргкамітэта па стварэнню ўніверсітэта з беларускай мовай навучання была арганізавана канферэнцыя “Нацыянальны ўніверсітэт: місія і выклікі”. Члены Рэктарата Універсітэта імя Ніла Гілевіча наведвалі навучальныя ўстановы Польшчы і Даніі, вывучалі іх досвед і дзяліліся ім у Беларусі.
  • Спадарыня Анісім актыўна працавала як дэпутат Палаты Прадстаўнікоў праводзячы сустрэчы ў рэгіёнах.

Намеснік старшыні ТБМ, рэдактар газеты “Наша слова” Станіслаў Суднік распавёў пра выдавецкую і культурна-асветніцкую дзейнасць Таварыства, развіццё сайта, пра шматлікія літаратурныя мерапрыемствы, якія актыўна ладзілі па ўсёй краіне сябры арганізацыі разам з Міхасём Скоблам, Леанідам Дранько-Майсюком, Эдуардам Акуліным, Антанінай Хатэнка і іншымі пісьменнікамі і паэтамі, пра паспяховае правядзенне агульна-нацыянальных дыктовак у бібліятэках і ўстановах культуры, усталяванне помнікаў выбітным гістарычным асобам. У гэтым годзе Таварыствам выдадзены Летапіс дзейнасці Грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”. 2014 – 2019. Гэта 4-е выданне “Летапісу ТБМ”.

Актыўны ўдзел ў працы з’езда прынялі дэлегаты з Магілёўшчыны Алег Дз’ячкоў і Міхась Булавацкі. Як і іншыя выступоўцы яны выказалі агульную думку, што сённяшні ўздым грамадскай актыўнасці павінен надаць належнае месца ў дзяржаве беларускай мове. Па прапанове ганаровага старшыні ТБМ кандыдата гістарычных навук Алега Трусава з’езд выступіў за вяртанне Канстытуцыі 1994 года, у якой беларуская мова мела статус адзінай дзяржаўнай мовы.

Алег Дзьячкоў
Міхась Булавацкі
Алег Трусаў

Таксама на з’ездзе асобным сябрам Таварыства былі уручаны Падзякі за адраджэнне і пашырэнне беларускай мовы ў духоўным і грамадскім жыцці народа.

Алесь Грудзіна і Міхась Булавацкі

У выніку выбараў на з’ездзе старшынёй ТБМ на наступныя тры гады зноў была абраная Алена Анісім.

Алесь Грудзіна, дэлегат з’езда