Кіраўнікі дэмакратычных партыяў і рухаў Беларусі выступілі з супольнай заявай з нагоды затрыманьня старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.
Аб’яднаньні рознай палітычнай скіраванасьці выказваюць недавер да высунутых супраць лідэра БНФ абвінавачаньняў ў змове з мэтай гвалтоўнага захопу ўлады, а таксама заяўляюць агульную пазыцыю што да непрыняцьця гвалтоўных метадаў палітычнай барацьбы.
Супольную заяву падпісалі лідэры БСДП (Грамада), Беларускай партыі левых “Справядлівы сьвет”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі “Зялёныя”, Партыі БНФ ды грамадзкага аб’яднаньня “Рух “За Свабоду”, паведамляе narodny.org.
Патрабуем вызваленьня старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва
Мы, прадстаўнікі дэмакратычных партыяў і рухаў Беларусі, якія ў сваёй дзейнасьці ды ідэалёгіі прынцыпова стаяць на пазыцыях непрыманьня гвалтоўных метадаў палітычнай барацьбы, патрабуем вызваленьня і спыненьня крымінальнага пераследу старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.
Мы ведаем, што ў сытуацыі цяперашняга супрацьстаяньня ў беларускім грамадзтве Рыгор Кастусёў як кіраўнік Партыі БНФ, афіцыйна зарэгістраванай палітычнай арганізацыі, што будуе сваю дзейнасьць на нормах заканадаўства Рэспублікі Беларусь і ў адпаведнасьці з уласнымі статутам і праграмай, заўжды выступаў з заклікамі да дыялёгу і мірнага вырашэньня любых канфліктаў паміж прыхільнікамі розных палітычных поглядаў на падставе супольных інтарэсаў беларускага народа, неаднаразова заклікаў ўдзельнікаў палітычнага працэсу да стрыманасьці, падкрэсліваючы недапушчальнасьць распальваньня варажнечы ў беларускім грамадзтве.
Мы перакананыя, што Рыгор Кастусёў ніколі ня браў і ня мог браць ўдзелу ў змовах ці любых іншых дзеяньнях, скіраваных на захоп улады неканстытуцыйным чынам.
Ціск на легальныя і афіцыйна зарэгістраваныя палітычныя партыі зьяўляецца працягам ціску на ўсе незалежныя ад уладаў асяродкі, на грамадзянскую супольнасьць.
Мы заклікаем да спыненьня палітычных рэпрэсіяў і вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў, якія зьняволеныя за мірныя дзеяньні па выказваньні сваёй грамадзянскай пазыцыі згодна з нормамі пра свабоду мірных сходаў і свабоду слова.
Ігар Барысаў, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)
Юры Губарэвіч, старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Рух “За свабоду”
Мікалай Казлоў, старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі
Сяргей Калякін, старшыня Беларускай партыі левых “Справядлівы сьвет”
Зьміцер Кучук, старшыня Беларускай партыі “Зялёныя”
Аляксей Янукевіч, намесьнік старшыні Партыі БНФ