У Беларусі кожны год чыноўнікамі рознага ўзроўня прымаюцца і зацвярджаюцца дзесяткі, а мо і сотні разнастайных праграмных дакументаў. Бо па наяўнасці разнастайных праграмаў ацэньваецца якасць працы чынавенства, іх заробкі, прэміі, павышэнні па службовай лесвіцы, незалежна ад узроўня і якасці іх выкананння.
Зразумела, што і магілёўскае чынавенства імкнецца не адставаць ад сваіх калегаў, каб даказаць на практыцы свае здольнасці ў паператворчасці.
Так, напрыклад, рашэннем Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў ад 22 чэрвеня 2017 года за №28-2 была зацверджана Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёўскай вобласці на 2016-2020 гады.
З улікам зменаў, згодна рашэнняў Магілёўскага аблсавета ад 11.10.2017 за №30-13 і ад 26.12.2017 за №32-10, канчатковы варыянт Праграмы быў сфармаваны толькі напрыканцы 2017 года. Гэта значыць, што Магілёўская вобласць амаль два гады з указанай пяцігодкі развівалася без “каштоўнаснага” праграмнага дакумента.
Згодна рашэння аблсавета, дэпутаты адважыліся абавязаць Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт прыняць меры па рэалізацыі дадзенага рашэння. І, нават, кантроль за выкананнем рашэння аблсавета ўсклалі на абласны выканаўчы камітэт і пастаянную камісію па эканоміцы і камунальнай маёмасці Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, забыўшыся, што такой камісіі ў аблсавеце не існуе.
Ды што там для нашых абласных дэпутатаў неіснуючая камісія, калі аблсавет ужо больш года не можа вызначыцца з кандыдатурай на пасаду старшыні. Мабыць, як паказвае практыка з мінулых кадэнцый, дэпутаты зразумелі, нарэшце – ёсць старшыня абласнога Савета дэпутатаў, няма старшыні – якая розніца. Усё роўна ён нічога не вырашае, а для бюджэта вобласці – гэта эканомія фінансавых сродкаў.
Рэалізацыя дадзенай праграмы, па сцвярджэннях дэпутатаў, павінна была дазволіць забяспечэнне устойлівага і эфектыўнага развіцця эканомікі, сацыяльна-эканамічных прыярытэтаў Магілёўскай вобласці і дасягнуць галоўнай мэты пяцігодкі (2016-2020) – роста дабрабыту і паляпшэння ўмоваў жыцця жыхароў Магілёўшчыны.
Зусім нядаўна завяршыўся 2020 год – апошні год мінулай 5-годкі, а разам з ім і рэалізацыя планаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёўскай вобласці на 2016-2020 гады, што дазваляе зрабіць ацэнку “паспяховасці” працы магілёўскага чынавенства па паляпшэнні ўмоваў жыцця грамадзян і росту іх дабрабыту.
Вынікі мінулага году сведчаць аб поўным правале Праграмы.
А “падарункі” да новага, 2021 года жыхарам Магілёўшчыны разам з усімі грамадзянамі Беларусі ад беларускіх уладаў у выглядзе павышэння коштаў на шматлікія тавары і паслугі – яскравае падцвярджэнне гэтаму.
У чарговы раз з 1 студзеня 2021 года на 6 месяцаў павысіўся пенсійны ўзрост для грамадзян краіны, узрасла базавая велічыня, а за ёй памеры падаткаў і штрафаў, павялічаны падаткі для ІТ-кампаніяў, сотавых аператараў, прадпрымальнікаў, прадстаўнікоў іншых прафесій.
Адбыўся чарговы рост коштаў на камунальныя паслугі, на лекі і медыцынскія вырабы ў звязку з павышэннем падаткаў на іх, паслугі сувязі, на электраэнэргію, іншыя тавары. Штомесяц адбываецца павелічэнне коштаў на прадукты харчавання.
А колькі эйфарыі і абяцанняў паніжэння коштаў на электраэнэргію гучала ад прадстаўнікоў улады ў сувязі з будаўніцтвам Беларускай атамнай электрастанцыі? У выніку – станцыю ніяк не могуць вывесці на планавую магутнасць, і кошты на электраэнэргію ўсё растуць.
Мінімальная заработная плата ў Беларусі з 1 студзеня 2021 года будзе адной з самых нізкіх сярод краін Усходняй Еўропы і ніжэй, нават, чым ва Украіне.
Беларускія ўлады, і ў т.л. магілёўскае чынавенства, засведчылі такім чынам сваю поўную няздольнасць да эфектыўнага кіравання эканомікай і сацыяльнай сферай краіны. Бо ні дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў як і іх калегі іншых рангаў, ні чыноўнікі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта разам з прадстаўнікамі іншых структур выканаўчай улады не прадстаўляюць інтарэсы грамадзян Магілёўшчыны і не нясуць адказнасць перад імі. Яны ўсе падсправаздачны тым, хто іх прызначае на гэтыя пасады, і выконваюць іх волю.
Рыгор Кастусёў