23 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму запрасіў пракурор для Уладзіслава Казакевіча. Прычым першыя пяць гадоў ён мусіць правесці ў турме, піша tut.by са словаў адвакатаў абвінавачанага. Нагадаем, што Казакевіча, вядомага як “хлопец з бензапілой”, судзяць за напад на супрацоўнікаў калоніі.
Хлопца вінавацяць у падрыхтоўцы да забойства і замаху на забойства двух чалавек у сувязі з іх службовай дзейнасцю асобай, якая раней учынiла забойства. Таксама яго вінавацяць у нападзе на прадстаўніка адміністрацыі папраўчай установы з боку асуджанага.
Па версіі абвінавачання, 12 кастрычніка 2017 года падчас выхаду на прагулку Казакевіч дастаў з рукава нож і напаў на двух кантралёраў. Псіхолага-псіхіятрычная экспертыза прыйшла да высновы, што Казакевіч падчас гэтых дзеянняў мог цалкам усведамляць свае дзеянні і кіраваць імі.
Суд над Казакевічам пачаўся ў Магілёве 11 красавіка. Яго абаронай займаюцца адвакаты Аляксандр Галіеў, Таццяна Савіцкая і Уладзімір Сташкевіч. Дарэчы, Сташкевіч абараняў яго і падчас суду па справе аб нападзе на наведвальнікаў ГЦ “Еўропа”. Абарона лічыць, што Казакевіч псіхічна нездаровы і яго трэба лячыць у спецыялізаванай установе.
Аднак дзяржэкспертыза паставіла хлопцу дыягназ “змяшаны разлад асобы” — гэта азначае, што малады чалавек кіруе сваімі дзеяннямі і ўсведамляе іх наступствы. А значыць, ён павінен несці за іх пакаранне.
Казакевіч больш вядомы як “хлопец з бензапілой”. 8 кастрычніка 2016 года ён напаў на наведнікаў гандлёвага цэнтра “Еўропа” ў Мінску. Пры гэтым загінула 43-гадовая прадавачка Алена Александронец, яшчэ дзве жанчыны пацярпелі. На момант злачынства хлопцу было толькі 17 гадоў, таму суд прызначыў яму максімальна магчымае пакаранне для непаўналетняга — 15 гадоў пазбаўлення волі.
Крыніца: euroradio.fm