Галоўная » Дом самагубцаў на Карла Маркса ў Магілёве. Нядзельная пужалка

Дом самагубцаў на Карла Маркса ў Магілёве. Нядзельная пужалка

Па Магілёву паўзуць нядобрыя чуткі пра дом, з якога суіцыднікі любяць рабіць свае спробы падвесці рахункі з жыццём. Упарта кажуць, што нібыта нядаўна там на вуліцы Карлы Марлы адбылася чарговая трагедыя – жанчына выкінулася ў вакно. Казалі нават, што гэтыя частыя выпадкі звязаны менавіта з назвай вуліцы. З-за таго што камуністы перайменавалі былую Зялёную ў Карла Маркса, які быў за рэвалюцыю і дыктатуру, і сталі адбывацца там частыя трагедыі. Плёткі аказаліся небеспадстаўнымі. 

Наша расследаванне праўдзівасці і каранёў гарадскіх чутак сутыкнулася з заслонай таямніцы і боязі работнікаў розных устаноў выносіць непрыемныя ці скандальныя падзеі на грамадскае абмеркаванне. Тым не менш, паступова акрэсліліся вытокі і карані гэтай гарадской плёткі. Як звычайна, нешта пацвердзілася, а штосьці аказалася дадумкамі. 

Паколькі вуліца Зялёная, якую за Саветамі празвалі Карла Маркса, адносна невялікая, а вышынных дамоў тут практычна няма, то прасцей за ўсё было падумаць, што ад перанапружання кідаюцца ў вокны работнікі абласнога ўпраўлення ўнутраных справаў. На яго і ўказаў нам першы апытаны жыхар вуліцы. Магчыма ён пажартаваў, хаця дом узапраўду высокі, а работа ў міліцыянераў сапраўды цяжкая. Да таго ж, у апошнія два гады ахоўнікам парадку прыходзіцца мець справу не столькі са злачынцамі, да якіх яны даўно ўжо прызвычаіліся, колькі са звычайнымі грамадзянамі. І вось нібыта з-за колькасці палітычных справаў вырасла і колькасць суіцыдаў сярод міліцыянераў, якім сорамна выконваць такую чорную непрыемную працу. Але кансультацыі з работнікамі сілавых структур нібыта абвяргаюць гэтую версію. Прынамсі, пра пацверджаныя выпадкі скокаў міліцыянераў з вокнаў гэтага будынку ў апошнія гады нам пакуль нічога не вядома. 

Іншы падыходзячы дом знаходзіцца на Карла Маркса 15. Гэта аднаўленчы корпус Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай дапамогі. Будынак вышынёй пяць паверхаў насамрэч нават значна вышэйшы за звычайную пяціпавярхоўку. Справа ў тым, што медычныя палаты ў шпіталях маюць вышыню тры і болей метры. З гэтай прычыны рэальна корпус на Карла Маркса – гэта па сваёй вышыні сяміпавярховы стандартны дом. Пагадзімся, што гэтай вышыні дастаткова, каб зрабіць ракавы скок. Да і сам будынак вонкава невясёлы, нейкі строгі, калі не сказаць што змрочны. 

Размовы з дактарамі і медсёстрамі гарадской бальніцы не далі пэўнага выніку. Яны, як кажуць, нядаўна падпісалі чарговы ліст “пра невыдаванне… і няўдзел…” Можа з гэтай прычыны па сутнасці адказваюць работнікі шпіталя толькі “так” або “не” на наводныя пытанні. Але і з гэтых няўцямных кароткіх адказаў зразумела, што спроба чарговага самагубства насамрэч была. Жанчына сярэдніх гадоў дзесьці два тыдні таму сапраўды выкінулася з акна менавіта на вуліцы Карла Маркса. Прычым у яе гэта была ўжо не першая спроба здзейсніць самагубства. На жаль, так часцяком бывае. 

Калі пра гэты выпадак медработнікі па сутнасці размаўляць адмаўляліся, то пра справы даўніх гадоў казалі больш ахвотна з уласцівым дактарам чорным медыцынскім гумарам. Найперш яны згадалі самагубства жанчыны з аднаўленчы корпуса два ці крыху болей гады таму. Трагічны скок яна зрабіла з тарца будынка. 

А вось самы для дактароў вясёлы самагубец патрапіўся гадоў 30 таму. Жыхар Партугаліі ехаў праз Магілёў і вырашыў развітацца з жыццём, для чаго ён скокнуў з цягніка на поўным ходзе. На дзіва, ён аказаўся жыўчыкам і з невялікімі траўмамі трапіў у шпіталь на Карла Маркса. У гэты жа дзень ён упарта вырашыў паўтарыць свой намер скончыць жыццё, забраўся на верхні паверх і скочыў уніз, але ізноў няўдала. Ён упаў на металічную рашотку пад домам, якая нейкім чынам амартызавала хуткасць падзення, і ён абышоўся абадранай скурай і чарговымі лёгкімі траўмамі. Трагікамічны анекдот пра няўдалага самагубца яшчэ доўга распавядалі ў бальніцы дактары і хворыя. 

Наша даследаванне паказала, што ў гарадскім шпіталі самагубствы пацыентаў адбываюцца ў сярэднім раз на два, максімум на тры гады. У шпіталь трапляюць розныя людзі, у тым ліку з псіхічнымі захворваннямі. А выяўленыя дыягназы бываюць яшчэ больш абвастраюць напружаны стан іх псіхікі. Адсюль і вынікаюць драматычныя ці трагічныя выпадкі. 

На сам рэч, такія выпадкі, на вялікі жаль, нярэдкія і ў іншых будынках і раёнах горада. Дастаткова зазірнуць у інтэрнэт, каб пераканацца, што ў Магілёве за апошнія гады з вокнаў выпадалі жанчыны, мужчыны і падлеткі. Гэты год таксама пачаўся з падзення з акна чацвёртага паверха інтэрната студэнткі, якая спрабавала выбрацца па вяроўцы, звязанай з адзення і прасцінаў. Як бачым, хтосьці робіць неабачлівыя ўчынкі, а хтосьці хоча падвесці рысу пад зямным жыццём. 

Што ж атрымалася ў выніку? Чуткі пра спробу чарговага самагубства ў гарадской бальніцы на Карла Маркса пацвердзіліся. Зразумелым стала і тое, што гэта не першая такая спроба ў шпіталі. Але імя Карла Маркса тут не пры чым. Проста цяжкі стан хворых людзей спрыяе абвастрэнню ўсялякіх дрэнных думак. Адсюль трагедыі і драмы схільных да самагубстваў людзей.

Стала зразумелым і тое, што менавіта завеса сакрэтнасці і спрыяе нараджэнню ўсялякіх чутак і пагалосак, гіпербалізацыі здарэнняў. Адкрытасць інфармацыі наадварот забівала б чуткі, спыняла пустыя размовы, як кажуць, “на пні”. 

Большай галоснасці хочацца пажадаць нашым кіраўнікам усіх узроўняў, каб не распавядалі потым усялякія байкі пра іх установы і пра іх саміх. 

Н.К.