Галоўная » Дракахруст: Інтэграцыйны туман

Дракахруст: Інтэграцыйны туман

Паперу Лукашэнка і Пуцін 8 сьнежня падпішуць чыста рытуальную, няважную. А туман у чым? У тым, што будзе потым. І гледзячы па ўсім, як той казаў, «сэрца супакоіцца» на тым, што Мядзьведзеў на леташнім саюзным саўміне назваў «кансэрватыўным варыянтам». Пiша на Радыё Свабода Юры Дракахруст.

Свой выступ на пасяджэньні саюзнага саўміну беларускі прэмʼер Сяргей Румас пачаў са шматзначнай мэтафары. Ён сказаў, што калі яго самалёт падлятаў да Масквы, быў моцны туман.

«Гэта ня нашыя выхадкі» — адрэагаваў Дзьмітры Мядзьведзеў. На што Румас сказаў, што на падʼезьдзе да ўрадавай рэзыдэнцыі Горкі туман расьсеяўся. «А нашая двухбаковая сустрэча паказала, што туману ў нас у адносінах зусім няма» — канстатаваў кіраўнік беларускага ўраду.

Аднак з заяваў прэмʼерам дзьвюх краінаў вынікала хутчэй адваротнае.

Варта нагадаць, што на гэтай сустрэчы Румас і Мядзьведзеў павінныя былі давесьці да канчатковага выгляду праграму паглыбленьня інтэграцыі. Мяркуецца (прынамсі, меркавалася), што кіраўнікі дзяржаваў Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін падпішуць яе 8 сьнежня, у 20-ю гадавіну стварэньня саюзнай дзяржавы (і ў 28-ю гадавіну Белавескіх пагадненьняў).

Па ідэі праца над праграмай на ўзроўні ўрадаў мусіла быць скончаная менавіта сёньня.

Год пасьля «ультыматуму Мядзьведзева»

Амаль год таму, 14 сьнежня 2018 году, на папярэднім пасяджэньні саюзнага саўміну Мядзьведзеў агучыў сэнсацыйную прапанову — вярнуцца да саюзнай дамовы 20-гадовай даўніны і рэалізаваць яе пункты, якія прадугледжвалі пераход на адзіную валюту, стварэньне адзінай мытні, словам, істотна больш глыбокую, чым зараз, інтэграцыю.

Тады расейскі прэмʼер даў зразумець, што гэтая больш глыбокая інтэграцыя ёсьць умовай захаваньня і нават павялічэньне расейскай дапамогі Беларусі. Тады ж ён сказаў і пра магчымасьць «кансэрватыўнага» варыянта — узровень інтэграцыі захоўваецца, але расейская дапамога не павялічваецца, а тое і зьмяншаецца.

Гэты выступ расейскага прэмʼера быў названы ў беларускіх СМІ «ультыматумам Мядзьведзева».

Дык і які вынік амаль гадавой працы над гэтай прапановай?

Мядзьведзеў:

– Хачу наўпрост сказаць, што хапае сыстэмных пытаньняў, якія яшчэ стрымліваюць узаемны гандаль, інвэстыцыі і якія мы рэгулярна абмяркоўваем. Гэта датычыцца і расейскага боку, і беларускага боку.

– Умовы субсыдаваньня і крэдытаваньня, фінансавыя ўзаемаадносіны, пытаньні доступу да дзяржаўных закупках — тэмы няпростыя. Трэба па ўсіх гэтых тэмах шукаць кампрамісы і ўзаемапрымальныя рашэньні. Імкнуцца, каб нашы кампаніі былі ў раўнапраўных і спрыяльных умовах.

Румас:

– 6 верасьня мы з Вамі, Дзьмітрый Анатольевіч, парафіравалі праект сумеснай праграмы дзеяньняў па рэалізацыі дамовы аб саюзнай дзяржаве, пасьля чаго пачалася праца па падрыхтоўцы 31 «дарожнай мапы».

– Ня ўсё ішло проста па шэрагу палажэньняў гэтых карт. Бакамі выказваліся дыямэтральна супрацьлеглыя ідэі інтэграваньня. Па шэрагу «дарожных карт» і цяпер застаюцца нявырашаныя пытаньні.

– Далейшая інтэграцыя магчымая толькі ва ўвязцы з рашэньнем найбольш вострых пытаньняў двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва. Сюды мы адносім фармаваньне цэнаў на нафту і газ, барʼеры па доступе тавараў на ўнутраныя, нацыянальныя рынкі, умовы падтрымкі вытворцаў, у тым ліку за кошт субсыдый.

– Пакуль ня ўсе гэтыя пытаньні вырашаныя ў падрыхтаваных «дарожных картах», і па некаторых мы маем розныя тэрміны іх выкананьня.

– У той жа час для Рэспублікі Беларусь асаблівую значнасьць набываюць умовы функцыянаваньня эканомікі ўжо ў 2020 годзе, паколькі наступствы рэалізацыі ў Расейскай Фэдэрацыі падатковага манэўру маюць нарастаючы адмоўны эфэкт для Беларусі.

Калі б прэмʼеры ўжывалі падобныя фармулёўкі паўгода таму ці год таму, гэта не выклікала б зьдзіўленьня — ёсьць праблемы, яны вырашаюцца, магчыма, будуць вырашаныя ў дакумэнце, які падпішуць прэзыдэнты.

Але такія словы гаворацца за лічаныя тыдні да падпісаньня, падчас, так бы мовіць, навядзеньня на пагадненьне апошняга глянцу. Аднак хіба апошняга? Паводле Мядзьведзева трэба яшчэ шукаць кампрамісу. Значыць, дагэтуль яго няма.

Яшчэ больш рэзкім быў Румас. «Бакамі выказваліся дыямэтральна супрацьлеглыя ідэі інтэграваньня». А зараз яны ад іх адмовіліся, прыйшлі да кампрамісу? Пра гэта нічога не было сказана. «Далейшая інтэграцыя магчымая толькі ва ўвязцы з рашэньнем найбольш вострых пытаньняў двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва». І высьвятляецца, што ня ўсе яны вырашаныя.

А калі ня ўсе будуць вырашаныя да 8 сьнежня, то далейшая інтэграцыя будзе немагчымая?

Ну і нарэшце — прамы напамін пра нэгатыўныя наступствы ад падатковага манэўру. І ізноў жа — дык гэтае пытаньне вырашанае ці не за тры тыдні да падпісаньня лёсавызначальнай праграмы далейшай інтэграцыі?

«На храна патрэбны такі саюз?»

Так выглядае, што не. Гэта пацьвярджаюць і словы Аляксандра Лукашэнкі, сказаныя 17 лістапада: «Калі ня будуць вырашаныя прынцыповыя моманты — пастаўка вуглевадародаў, адкрыцьцё рынкаў для нашых тавараў, зьняцьцё гандлёвых бар’ераў — ніякія дарожныя мапы ня могуць быць падпісаныя… Нам кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем. Прабачце, на храна патрэбны такі саюз?»

17 лістапада Лукашэнка кажа, што калі ня будуць вырашаныя прынцыповыя пытаньні, то «дарожныя мапы» ня могуць быць падпісаныя«, 19 лістапада Румас кажа, што далейшая інтэграцыя магчымая толькі ва ўвязцы з рашэньнем найбольш вострых пытаньняў. У абодвух выпадках — умоўная форма: калі ня будзе таго і гэтага, то далейшай інтэграцыі з «мапамі» ня будзе?

19 лістапада, так можна зразумець, няма адказу на пытаньне — дык тое і гэтае будзе?

Тут можа і ня варта прыдзірацца. Цяперашняя сытуацыя — усё ж лепш, чым калі б спадар Румас рапартаваў: усе спрэчныя пытаньні вырашаныя, мара беларускага і расейскага народаў аб яднаньні 8 сьнежня зьдзейсьніцца.

Зразумела, ёсьць імавернасьць, што ўсе сёньняшнія заявы Румаса і Мядзьведзева — хітрая маніпуляцыя, спроба схаваць аншлюс, словам, навесьці туману. Але дзеля чаго? Навошта хаваць, калі 8 сьнежня высьветліцца, што ўсё ж падпішуць кіраўнікі дзяржаваў? Нашто хаваць, калі абодва бакі сьвята вераць у плён паглыбленьня інтэграцыі? Навошта Мядзьведзеву хаваць, што Беларусь атрымае і кампэнсацыю на манэўр, і танныя нафту і газ, і неабмежаваны доступ на расейскі рынак, калі Крэмль на гэта пагадзіўся?

«За туманом, за мечтами и за запахом тайги»

Туману там і насамрэч хапае, але выглядае, што ён ня тычыцца зьместу папераў, якія Лукашэнка і Пуцін падпішуць 8 сьнежня. А падпішуць яны даволі пустую паперу пра гарманізацыю, паглыбленьне, збліжэньне і г. д.

Ускоснае пацьверджаньне гэтаму — паведамленьне, што 9 сьнежня ў Парыжы адбудзецца саміт «нармандзкай чацьвёркі». Гэта безумоўна важная падзея: першая сустрэча Пуціна з Уладзімірам Зяленскім, першы саміт «чацьвёркі» за некалькі гадоў, ну і тэма — Украіна, адно з ключавых пытаньняў глябальнай палітыкі.

І за дзень да гэтага Пуцін падпіша з Лукашэнкам ня менш лёсавызначальнае пагадненьне? Так у сусьветнай палітыцы проста ня робіцца. Два надзвычай важных, прычым зьмястоўна не зьвязаных паміж сабой, саміты не праводзяць адзін за адным з адным з ключавых сусьветных гульцоў.

І што ж з гэтага вынікае? А тое, што паперу Лукашэнка і Пуцін падпішуць чыста рытуальную, няважную. Ня ў тым справа, што Беларусь няважная. Ня будзем прымяншаць — сама па сабе дастаткова важная, але каардынацыя, гарманізацыя і паглыбленьне зь ёй дакладна няважныя. Ну а адбыўшы гэты рытуал, Пуціну можна будзе і ў Парыж – за сапраўднай палітыкай.

А туман у чым? У тым, што будзе потым. І гледзячы па ўсім, як той казаў, «сэрца супакоіцца» на тым, што Мядзьведзеў на леташнім саюзным саўміне назваў «кансэрватыўным варыянтам». Папросту кажучы, Расея не атрымае паглыбленай інтэграцыі, Беларусь не атрымае столькі грошай, на колькі спадзявалася. Нешта і атрымае. Але менш, чым хацелася. За манэўр хутчэй за ўсё наагул нічога.

А вось за што і колькі ўсё ж грошай будзе — вось у гэтым і туман.

І прыгадваюцца радкі папулярнай рамантычнай бардаўскай песенькі 60-х, якая вельмі добра апісвае і сёньняшні візыт у Маскву Румаса, і будучую паездку туды Лукашэнкі 8 сьнежня:

— Память, грусть, невозвращённые долги…

А я еду, а я еду за туманом,

За мечтами и за запахом тайги.