Галоўная » Дыктоўка да Міжнароднага дня роднай мовы прайшла ў Магілёве

Дыктоўка да Міжнароднага дня роднай мовы прайшла ў Магілёве

Больш за 70 чалавек прынялі ўдзел у традыцыйнай дыктоўцы, прымеркаванай да Міжнароднага дня роднай мовы, якая прайшла ў магілёўскім Палацы вобласці.

Дыктоўка праходзіць ужо ў трынаццаты раз, адзначыў напачатку мерапрыемства старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы (ТБМ) Алег Дзьячкоў. Кожна раз арганізатары выбіраюць ўрыўкі з твораў тых пісьменнікаў, якія звязаныя з Маглёўшчынай. Так, у 2019 годзе ўдзельнікі дыктоўкі пісалі на слых частку твора «Шчаслівае месца» Івана Чыгрынава, а сёлета – «Сівая легенда» Уладзіміра Караткевіча. Чытаў урывак настаўнік з 41-й школы Алесь Цітоў.

Пасля дыктоўкі ўсе жалаючыя маглі паглядзець спектакль на беларускай мове «Беларускі каляндар», наладжаны адміністрацыяй Палаца культуры.

«За гэтыя 13 гадоў змянілася ў значна лепшы бок стаўленне ўладаў магілёўскіх, чыноўнікаў да дыктоўкі. Прасцей стала арганізоўваць, яны самі прапануюць дапамогу. І тое, што яна праходзіць на прыстойным узроўні гэта, перадусім, дзякуючы нашым уладам, адміністрацыі і супрацоўнікам Палаца культуры вобласці», – заявіў «Магілёўскаму рэгіёну» Алег Дзьячкоў.

Паводле яго, раней многае рабілася выключна на энтузіязме актывістаў ТБМ і супрацоўнікаў палаца. «Зараз ёсць зацікаўленасць уладаў у тым, каб такія мерапрыемствы праходзілі», – упэўнены старшыня гарадской арганізацыі ТБМ.

Ён адзначае, што колькасць удзельнікаў дыктоўкі вагаецца ад 70 да 150 чалавек. Арганізатары не робяць шырокую рэкламную кампанію, арыентуючыся прыкладна на сотню ўдзельнікаў. Павялічыць іх колькасць ці ўвесці папярэднюю рэгістрацыю з пашырэннем рэкламы акцыі пакуль не плануецца. «Мы не ўводзім рэгістраыю, каб не было залішняй бюракратызацыі. Бо многіх гэта ўсё ж такі пужае, і многія з-за гэтага адмаўляюцца, напрыклад, людзі старэйшага ўзросту, якія не ўмеюць карыстацца інтэрнэтам і для якіх гэта праблема. А большая частка гэта ўсё ж такі людзі сталага ўзросту, якія не карыстаюцца інтэрнэтам. Але ёсць ядро – пару дзясяткаў чалавек, якія прыходзяць з года ў год. А многія паспрабавалі раз, два, а потым прыходзяць новыя людзі. Добрую палову людзей, якія сёння прыйшлі, я не ведаю», – кажа Дзьячкоў.

Паводле яго, дыктоўка спрыяе ўсведамленню, што «мы беларусы, што наша роўдная мова беларуская». Галоўны ж сэнс акцыі не ў граматычна бездакорным напісанні тэкста, а ва ўдзеле ў ёй.

Уладзімір Лапцэвіч

Фота Алесь Сабалеўскі