Галоўная » Дзень адчыненых дзвярэй на аграсядзібах

Дзень адчыненых дзвярэй на аграсядзібах

Аграэкасядзібы Магілёўскай вобласці далучацца да рэспубліканскай акцыі “Дзень адчыненых дзвярэй”, якая пройдзе па ўсёй краіне заўтра 23 кастрычніка. 

З поўным спісам аграэкасядзібаў – удзельнікаў акцыі можна азнаёміцца на афіцыйным партале Нацыянальнага агенцтва па турызме.

Удзельнікамі стануць прыкладна 15 аграэкасядзіб з Магілёўскага, Бабруйскага, Быхаўскага, Дрыбінскага, Асіповіцкага і Чэрыкаўскага раёнаў з 240 у Магілёўскай вобласці . 

Для гасцей падрыхтуюць экскурсіі, майстар-класы, дэгустацыі традыцыйных беларускіх і рыбных страў, арганізуюць рыбалку і пачастуюць гарбатай з мёдам ўласнай вытворчасці. 

Так, напрыклад, у аграсядзібе “Рыбацкі падворак” у вёсцы Палуі Дрыбінскага раёна наведвальнікаў чакаюць з 12.00 да 17.00. Для іх правядуць экскурсію па тэрыторыі, пачастуюць стравамі ўласнага вырабу. Акрамя таго, можна будзе пракаціцца на маторнай лодцы і парыбачыць. 

У “Сядзiба “Шапавалы” у вёсцы Пакуцці гасцей пазнаёмяць з традыцыямі шапавальства, правядуць экскурсію па пчальніку, дзе раскажуць аб пчалярстве. Пасля гэтага ўсіх удзельнікаў пачастуюць духмянай гарбатай

У аграсядзібе “Шэрая Шыйка” Магілёўскага раёна пройдзе майстар-клас па вырабе абярэгаў. Тут можна пазнаёміцца з насельнікамі хатняга заапарка. 

У аграсядзібе “Бярмудскі трохкутнік” у вёсцы Смык Асіповіцкага раёна можна будзе ўбачыць плывучы дом і паспрабаваць юшку па фірмовым рэцэпце. 

ПЫТАННІ ЭКСПЕРТУ, члену грамадскага савета па аграэкатурызму Ігару Шаруху: “240 аграсядзіб ў вобласці. Гэта зашмат, ці мала? Як ацаніць гэтую колькасць? Якая роля аграсядзіб для эканомікі сельскіх раёнаў?”

Адказ: “На сёння на тэрыторыі Магілёўскай вобласці працуюць больш за 240 аграэкасядзібаў. Калі ўсяць апошнія 10 гадоў, то атрымаем адзін малюнак: гэта толькі на 10% больш, чым іх было на пачатку 2011 г., калі працавала 220 такіх сядзіб і меньш, чым іх было на канец 2011 г., калі было іх ужо 294. Калі параўноўваць са стартавым годам аграсядзіб, 2006 г., калі было ў вобласці толькі дзве сядзібы, то атрымаем рост за 2006-2021 г. у 120 разоў! Дынаміка за 15 юбілейных гадоў жыцця аграсядзіб такая: 2006 – 2 адзінкі, 2007 г. –14, 2008 г. –  16, 2009 г. – 75, пачатак 2011 – 220, канец 2011 – 294… Потым пачаўся спад цікавасці, кудысці знік азарт… 2012 г. у “жывых” 76 сядзіб. Потым 7 гадоў працы па аднаўленню пазіцый, і колькасць 209 сядзіб у 2018 г. Зараз, паўтаруся, каля 240. 

З узнікненнем сучаснага агратурыстычнага руху (зарадзіўся ў Заходняй Беларусі яшчэ ў 1920-1930-я), на аграсядзібы ўскладаліся вялікія надзеі Былі меркаванні, што яны могуць адыграць не апошнюю ролю ва ўстойлівасці сельскіх рэгіёнаў, у развіцці ўстойлівага (больш шырокае паняцце) і экатурызму (больш вузкае паняцце), у адраджэнні прыватніцкіх амбіцый гаспадароў, у захаванні, папулярызацыі прыроднай і гістарынай спадчыны. Мэтазгоднасць развіцця агратурызму мы абгрунтоўвалі з пункту гледжання сукупнасці абставінаў: 1) ўладанне значнымі прыроднымі рэкрэацыйнымі рэсурсамі сельскай мясцовасці; 2) ростам папулярнасці альтэрнатыўных відаў турызму; 3) значным жыллёвым фондам сельскіх рэгіёнаў; 4) адноснай таннасцю паслуг агратурызму; 5) неабходнасцю павышэння ўзроўню даходаў і занятасці сельскага насельніцтва. У якасці галоўнай задачы агратурызму бачылі, што трэба даць імпульс развіццю аграрных раёнаў шляхам арганізацыі новага спецыфічнага сектара сельскай эканомікі. 

Развіццё сельскага турызму накіравана на вырашэнне эканамічных, сацыяльных і экалагічных праблем, а таксама спрыяе: фарміраванню інфраструктуры ў сельскай мясцовасці; вырашэнню сацыяльных пытанняў; дыверсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці і стварэнню ў сельскай мясцовасці прыбытковага вытворчасці тавараў і паслуг; адраджэнню нацыянальнай культуры, рамёстваў і традыцый; прыпыненні працэсу урбанізацыі і развіццю сельскай мясцовасці. Уплыў агратурызму на развіццё сельскіх тэрыторый з’яўляецца шматаспектным, паколькі ахоплівае як эканамічныя (пашырэнне спецыялізацыі сялянскіх гаспадарак), так і сацыяльныя (дадатковы заробак, паляпшэнне добраўпарадкавання сельскіх паселішчаў) аспекты жыццядзейнасці сельскага насельніцтва. 

На сённяшні дзень агратурызм, у цэлым, перажывае не лепшыя часы. Але спадзяемся, што, як ноч змяняецца днём, так і агратурызм чакае сонечнае заўтра.