Галоўная » Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў – свята міру ці вайны? Паслясвяточныя разважанні

Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў – свята міру ці вайны? Паслясвяточныя разважанні

Хваля мітынгаў пракацілася па Магілёўскай зямлі 15 лютага. Ва ўсіх гарадах і раённых цэнтрах у прысутнасці мясцовай грамадскасці прайшло ўшанаванне памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і прагучалі прамовы мясцовых чыноўнікаў. Здзівіла палярнасць меркаванняў на гэтых акцыях: ад мілітарысцкіх заклікаў да мальбы пра мір.

Акцыі праходзілі каля памятных знакаў “Воінам-інтэрнацыяналістам, якія выконвалі воінскі абавязак у Афганістане і іншых лакальных канфліктах”. Прагляд раённых сайтаў паказаў, што такія памятныя знакі і сапраўдныя мемарыялы з манументамі (як прыкладам у Магілёве) існуюць практычна ва ўсіх райцэнтрах вобласці. Камуністы за 70 гадоў кіравання БССР не здолелі ў кожным райцэнтры паставіць помнік Леніну, а “афганцы” змаглі ўвекавечыць памяць пра сваю вайну. Гэта відавочна сведчыць, што ўлады як СССР, так і сённяшняй Беларусі шануюць ветэранаў лакальных канфліктаў, а яны досыць аўтарытэтная для іх і прабіўная сіла. Любы, хто сутыкаўся з якой цяжкасцю ў вобласці прабіваюцца ідэі ўшанавання Аляксандра Дамбавецкага, Георгія Каніскага, Янкі Купалы, Цішкі Гартнага і іншых гістарычных ці нацыянальных дзеячаў, можа толькі па добраму пазайздросціць інтэрнацыяналістам.

Самі акцыі ўшанавання памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў паўсюль праходзілі досыць стандартна па ўжо ўсталяванаму гадамі трафарэту: воіны-інтэрнацыяналісты, прадстаўнікі раённай улады, дэпутацкага корпуса, сілавых структур, грамадскасці, моладзі і працоўных калектываў слухалі прамовы, а потым урачыста ўскладалі кветкі да памятных знакаў.

З прамовамі выступалі чыноўнікі і прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый. Выстпамі на такіх мерапрыемствах цяжка здзівіць, адны з іх навялі смутак, але некаторыя парадавалі. Прывядзем некалькі розных прыкладаў.

У Слаўгарадзе ветэран вайны ў Афганістане старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Васіль Саўчанка звярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу з пранікнёнымі і чулымі словамі:

“У Афганістане мы добрасумленна выканалі свой воінскі абавязак, ніхто з прысутных не перабег на бок ворага. Мы ніколі не забудзем пра таварышаў, з якімі прайшлі горан той вайны, якіх страцілі там. Жадаю ўсім здароўя, мірнага неба, няхай нашы дзеці і ўнукі ніколі не ўдзельнічаюць ні ў якіх ваенных дзеяннях”.

Пабудова прамовы і пачуцці ў словах адразу паказалі сапраўднага ветэрана баявых дзеянняў, які прайшоў шляхамі вайны, бачыў кроў і ваенныя жахі і таму не хоча іх паўтарэння. Пра гэта ж сведчыць і адкрыццё тэматычнай экспазіцыі “Горкая памяць Афганскай вайны” у раённым гісторыка-краязнаўчым музеі.

Па традыцыі ў Асіповічах памяць воінаў-афганцаў ушанавалі на Алеі Герояў. У прамовах было падкрэслена, што ўсяго па скалістых дарогах Афганістана прайшло каля 30 тысяч беларусаў, з іх 771 не вярнуўся да хаты, больш за паўтары тысячы атрымалі раненні і калецтвы, многія засталіся інвалідамі. І гэта страты толькі беларускага народа. Усяго ў Афганістане загінула больш за 14 тысяч савецкіх воінаў. Дзевяць сыноў Асіповіцкай зямлі аддалі сваё жыццё. Старшыня Асіповіцкага райвыканкама Канстанцін Жыгуцкі выступіў ужо не так адназначна, як ветэраны афганскай вайны:

Кроў, разлітая імі на чужой зямлі, для нас святая. Доўг беларусаў – памятаць пра ваяроў-афганцаў, якія з годнасцю прайшлі цяжкае выпрабаванне і па праве заслужылі бязмежную павагу. Таксама вельмі важна не забываць пра падзеі, якія былі крыху больш за тры дзесяцігоддзі таму. Бо наступная вайна пачынаецца тады, калі забываецца ранейшая”.

У цырымоніі ўскладання кветак да манумента воінам-інтэрнацыяналістам у Асіповічах удзельнічалі і вайскоўцы Расійскай Федэрацыі, якія пад горадам адпрацоўваюць ваенныя навыкі. Маёр Васіль Прыбытка – вайсковец вайсковай часці 61732 падкрэсліў вайсковую еднасць расіян і беларусаў, чым у святле ваеннай напругі паміж Расіяй і Украінай насцярожыў некаторых з прысутных:

“Наша сустрэча – даніна памяці ўсім, хто датычны да гераічнай і трагічнай афганскай вайны. Сённяшні дзень можна па праве назваць асаблівым, бо мітынг праходзіць падчас сумеснага аператыўнага вучэння “Саюзная рашучасць-2022”. І гэта паказальна, бо мы нашчадкі савецкіх воінаў. Беларусы і расейцы сёння зноў разам”.

Найбольш пампезнае мерапрыемства прайшло ў Магілёве. Дзеля яго нават перакрылі вуліцу Вялікая Чавуская. На набярэжнай Дняпра, дзе ўсталяваны помнік-капліца воінам-інтэрнацыяналістам, у 33-ю гадавіну вываду савецкіх войскаў з Афганістана сабраліся ветэраны вайны ў Афганістане, родныя і блізкія загінулых, кіраўніцтва вобласці і горада, а таксама прадстаўнікі маладзёвых і грамадскіх арганізацый. Было сабрана і пастроена ў калону некалькі сотняў чалавек. Ветэраны губляліся сярод чыноўнікаў. Надалей былі прамовы, прайшла хвіліна маўчання, адбылося ўскладанне кветак да манумента, артысты прысвяцілі падзеям у Афганістане некалькі кампазіцый. Усе па традыцыйнаму сцэнару. Вось толькі, як падалося, такім чынам арганізаваная акцыя не надта моцна кранала прысутных. Ва ўсім гэтым пафасе было штосьці ненатуральнае, штосьці празмернае і зробленае зусім не ў памяць пра тых маладых магілёўскіх хлапцоў, якія загінулі ў Афганістане.

Прамову, якую напісалі мясцовыя ідэолагі старшыні Магілёўскага гарвыканкама, некаторыя з прысутных назвалі мілітарысцкай. Уладзімір Цумараў справядліва адзначыў, што савецкія воіны-інтэрнацыяналісты з гонарам і мужнасцю выканалі свой абавязак, але затым чамусьці распавёў, як яны “жывым шчытом усталі на шляху міжнароднага тэрарызму, дапамаглі афганскаму народу абараніць сваё права на свабоднае і мірнае жыццё…” Пераказваць прамову не мае сэнсу, яна дзіўным чынам пераносіла ўяўленні чыноўнікаў пра Вялікую Айчынную вайну ў сучасныя рэаліі. На вялікі жаль, падобныя выступы гучалі і на многіх іншых мітынгах у вобласці. Прамоўцы на іх падмянялі паняцці, перакладалі адказнасць за кроў, смерць, жахі тых канфліктаў… Яны нават не разумеюць, за што іх потым крытыкуюць.

А адказ на тое, як трэба адзначаць такія даты быў. Паказалі яго старшыня гарадской арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Ала Багаценка і ваенны камісар Магілёва і Магілёўскага раёна Мікалай Гамолка. Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў яны ўручылі падарункі і сертыфікаты ЦУМа інвалідам баявых дзеянняў на тэрыторыі Афганістана – капітанам у адстаўцы Сяргею Капытову, Уладзіміру Трэйелю, Тамары Цыбулькінай – жонцы прапаршчыка Аляксандра Цыбулькіна, бартавога механіка верталётнай эскадрыллі, які загінуў у Афганістане. Яшчэ шасці воінам-інтэрнацыяналістам і сем’ям загінулых прэзенты ўручылі дома. Сапраўды, найперш важна памятаць пра самаахвярнасць землякоў і аказваць ім дапамогу, падтрымліваць у складаных жыццёвых сітуацыях.

Адзначэнне дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў яшчэ раз паказала, што нельга воінаў афганскага і іншых лакальных канфліктаў ХХ стагоддзя мераць адной меркай. Яны па рознаму паводзілі сябе ў гады выканання свайго воінскага абавязку, у пасляваенны час, у 2020-м годзе, і цяпер яны розныя. А вось прага ўладных структур прыхватызаваць памяць пра ваеннае мінулае СССР, уславіць і ўзвялічыць яго, перацягнуць усіх “афганцаў” на свой бок была прадэманстравана ўчора ўвачавідкі. Вось гэтая палітызацыя і параднасць дня памяці, яго мілітарызацыя і адштурхоўвае ад падобных мерапрыемстваў .

Учорашнія падзеі ў чарговы раз узнавілі пытанне: Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў – дзень міру ці вайны? Як актуальным застаецца і не менш філасофскае пытанне: Воіны інтэрнацыяналісты – абаронцы Айчыны, героі ці ахвяры палітычных гульняў? Адказаць на іх у невялікай нататцы немагчыма. Але адназначна шануючы памяць савецкіх воінаў, у тым ліку беларусаў, трэба казаць і пра тысячы і тысячы забітых, скалечаных, памерлых ад вайны афганцах. Інакш, ні пра якую сапраўдную памяць мы казаць не можам. А гэта пагадзіцеся, ужо зусім іншая размова і іншая гісторыя вайны.

Н.К.