Апошнія падзеі сусветнай культуры напачатку кастрычніка ў гэтым годзе непарыўна звязаны з юбілеем выбітнага рок-музыканта, удзельніка легендарнай чацвёркі “Бітлз” – 80 гадоў з дня народзінаў. Як і шмат дзе па ўсім свеце, у Мінску 9 кастрычніка адбыўся канцэрт памяці Джона Ленана.
Шмат вядомых асобаў, культавых беларускіх музыкантаў прынялі ўдзел у імпрэзе. Чаго вартыя толькі імёны былых удзельнікаў “Песняроў” залатога веку гэтага ансамбля – Уладзімір Ткачэнка, Віктар Малчанаў, Валерый Дайнэка, Улад Місевіч. Ткачэнка і Малчанаў ужо не адно дзесяцігоддзе граюць “Бітлз” у інструментальным варыянце, як дуэт “Double Fantasy” (дарэчы, так называўся апошні альбом Джона Ленана).
Не меней знакамітымі былі ў свой час музыканты гурта “Сузор’е”. Андрэй Казлоўскі, адзін са стваральнікаў калектыва, – выйшаў на сцэну клуба “RE:PUBLIC”, дзе адбывалася імпрэза, са сваімі калегамі па сённяшнім калектыве – гуртом “Global Sound Band”. Яго родны брат Аляксей Казлоўскі (граў у “Сузор’і” з 1982 па 1991 год) прыслаў з Нью-Ёрку відэавіншаванне, якое паказалі на вялікім экране. Дарэчы, што тычыцца такога “он-лайн” відэа-канала, віншаванні былі таксама з Польшы, Украіны, Расіі, Італіі, Аргентыны, Сербіі, ЗША, Канады, Бельгіі, Англіі – ад музыкантаў, якія ў большасці прыязджалі ў Беларусь на знакаміты фэст “Beatles Forever”, што ладзіўся ў Беларусі ў 2000-х гадах.
Нязменным арганізатарам гэтага фестывалю з’яўляўся ў свой час Віктар Маразевіч. Ён родам з Магілёва, пасля школы скончыў машынабудаўнічы інстытут (зараз БРУ) і застаўся ў Мінску. Яго сябра і паплечнік Уладзімір Кутузаў зрабіў у Магілёве самы сапраўдны музей “Бітлз” – ён не мог прапусціць канцэрт у Мінску і прыехаў, прадстаўляючы, напэўна, самае сталае пакаленне магілёўскіх “бітламанаў”.
А ўжо прадстаўнікі наступных пакаленняў не толькі прыехалі, як ганаровыя госці, але і выходзілі на сцэну – музыкант з Бялынічаў Юры Несцярэнка выступіў у дуэце з Александрам Камлюком (экс-“Песняры”, экс-“Season Five”, экс-“Стод” ды інш.) Музыканты прадставілі кампазіцыі Джона Ленана на беларускай мове і ва ўласнай аранжыроўцы “I’m Losing You” (“Губляю цябе”) i “Jealous Guy ” (“Раўнівец”).
У канцэрце таксама прымалі ўдзел шмат вядомых музыканатаў: гурты “The Apples”, “Flat”, “Artefact”, выканаўцы з 60-х – 70-х гадоў Андрэй Плясанаў, Сяргей Занімонец, Ольга Аліпава, музыканты 80-х – 90-х – Аляксандр Церахаў, Аляксандр Мурашка, а таксама моладзь — Мікіта Найдзёнаў, таленавіты музыкант, паэт, у яго перакладах прагучала некалькі “бітлоўскіх” песен у выкананні розных артыстаў у гэты вечар і самая малодшая ўдзельніца – дзесяцігадовая Маша Шастакова, унучка Уладзімера Ткачэнкі, якая ў дуэце з дзедам выдатна выканала ленанаўскую “Imagine”.
Вікторыя Судзілоўская
Фота Андрэя Плясанава і Валерыя Мацюшэўскага