Галоўная » Дзяўчына з Чавус захапілася беларускімі строямі. А пасля і беларускай мінуўшчынай

Дзяўчына з Чавус захапілася беларускімі строямі. А пасля і беларускай мінуўшчынай

Калі мы чуем беларускую мову, здаецца, з вуснаў гаворачага льюцца меладычныя напевы. У нашым горадзе нарадзілася і вырасла дзяўчына, якая шануе і захоўвае беларускую спадчыну. Яна жыве як сапраўдная беларусачка: захапляецца гісторыяй роднага краю і вельмі любіць прадмет «народная творчасць», хоць і вучыцца ў Акадэміі музыкі на музыказнаўца. Клічуць нашу беларусачку Ксенія Жаканава. Так як у дзяўчыны захапленняў даволі шмат, пачнем распавядаць пра вытанчанаю натуру па парадку.

Аб дзяўчыне мы даведаліся, дзякуючы яе маці Вользе, якая няўзнак распавяла нам, што ў дачкі ёсць беларускі строй, які дзяўчына пашыла самастойна. У наш час рэдка сустрэнеш моладзь, якая цікавіцца захаваннем беларускай спадчыны, таму мы вырашылі сустрэцца з Ксеніяй і пагутарыць. Некалькі такіх спроб былі няўдалымі: яна студэнтка, вучыцца ў Мінску, і перасекчыся нам не атрымлівалася. Тады мы наведалі яе маці Вольгу, якая нам паказала той самы беларускі строй і з задавальненнем распавяла пра дачку.

Яшчэ маленькай дзяўчынкай Ксенію па яе ж просьбе аддалі вучыцца ў Чавускую музычную школу. Дзяўчынка нарадзілася ў музычнай сям’і: дзядуля Фёдар граў на баяне і гармонікі, а маці – на домры. Усе мы ведаем, што ў любой справе важна сустрэць на шляху добрых настаўнікаў, якія дапамогуць выбраць правільны шлях у жыцці. Ксеніі Жаканавай ў гэтым плане пашанцавала. У апошні год навучання ў музычную школу прыйшла працаваць новы музыказнаўца Анастасія Хмара. Былыя вучні музычнай школы ведаюць, што самым нялюбым прадметам многія навучэнцы лічаць «сальфеджыа». Педагог знайшла падыход да кожнага вучня і захапіла сваім няпростым прадметам. Анастасія Хмара перавярнула свядомасць Ксеніі і, можна сказаць, вызначыла ўвесь яе далейшы жыццёвы шлях. Пасля 10-ці класаў дзяўчына паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны музычны каледж імя М.А.Рымскага-Корсакава на спецыяльнасць «музыказнаўства». Пасля заканчэння каледжа яна працягвала навучанне ў Акадэміі музыкі па той жа спецыяльнасці. Дарэчы, у групе на чацвёртым курсе вучыцца ўсяго толькі чатыры чалавекі.

Менавіта ў акадэміі Ксенія пазнаёмілася і пасябравала са студэнткай Вольгай Фёдаравай, якая глыбока зацікавіла яе гісторыяй беларускага касцюма. Так, наша Ксенія вырашыла уласнымі рукамі зрабіць беларускі строй, упрыгожыць яго арнаментам, які калісьці ў даўніну вышывалі на вопратцы жанчыны Чавускага павета.

Па фотаздымку старадаўняга чавускага фартуха Ксенія распрацавала схему арнаменту на сваім першым вырабе. Яна паўсюль шукала, дзе можна набыць даматканага палатна. Ёй пашчасціла, што некаторыя беларусы захоўваюць тканіну, якая засталася ад продкаў. Ксенія набыла таксама старадаўнія карункі ручной работы і акуратна прышыла іх на выраб, аздобіўшы яго. Асноўныя працэсы пашыву і крою Ксеніі дапамагла асвоіць яе сяброўка Вольга Фёдарава, на рахунку якой дзясяткі выкананых уласнымі рукамі вырабаў. У дзяўчыны ў выніку атрымалася бездакорная праца. З абодвух бакоў узор на фартуху глядзіцца так акуратна, што нават прычапіцца няма да чаго. А вышываць яго вельмі складана, так як зрэб’е мае вельмі дробнае перапляценне, і пралічыць кожную клетачку – сапраўды ювелірная праца. Вядома ж, фартух толькі падшпіліў дзяўчыну паглыбіцца ў веды аб старадаўняй вопратцы беларусак. Але мы памятаем, што гэта захапленне дзяўчыны, а галоўнае для яе – паспяхова атрымаць вышэйшую адукацыю.

Але так склалася, што яе хобі ў выніку дапамагло напісаць выдатную курсавую работу па фальклоры. Мы проста абавязаны крыху адступіць ад асноўнага захаплення Ксеніі Жакановой і расказаць даволі незвычайную гісторыю яе навуковай працы. Перабіраючы дыскі, на якіх былі зроблены фальклорныя запісы экспедыцый студэнтаў былых гадоў, Ксеніі сустрэлася прозвішча Жаканаў. Як аказалася, на дыску быў запіс 1977 года выканання твора скрыпачом, выхадцам з вёскі Вярбоўка Чавускага раёна, ён граў «кракавяк» і не толькі. Дзяўчына стала больш глыбока вывучаць матэрыял і даведалася, што скрыпач-самавук – яе прадзед Пётр па бацькоўскай лініі. Інфармацыі было вельмі мала і ёй прыйшлося збіраць факты па крупінках. Так Ксенія даведалася, што прадзед вырабляў і рэстаўраваў скрыпкі. Са слоў яго дачкі, якая жыве ў Мінску, апошнія дзве яго скрыпкі былі прададзеныя, праўда, жанчына не памятае, хто сталі ўладальнікамі інструментаў. Паводле яе ўспамінаў, з Чавускага раёна сям’я пераехала жыць у Мінск, прадзядуля працаваў на заводзе і кожны дзень пасля працоўнага дня ён прыходзіў дадому, браў у рукі інструмент і іграў.

Ксенія Жаканова марыць аб тым, каб знайсці ўладальніка прадзядулінай скрыпкі, каб выкупіць інструмент. Яе працу ўключылі ў кнігу «Фалькларыстычныя даследванні», яе матэрыял названы «Народны скрыпач з Чавушчыны Пётр Дзянісавіч Жаканаў». У сакавіку 2019 года ў Вільні праводзілася Навуковая канферэнцыя па музыказнаўству, на якой была прадстаўлена і праца Ксеніі пра прадзеда-скрыпача. У хуткім часе дзяўчына накіравалася на чарговы міжнародны конкурс з гэтай жа працай у Санкт-Пецярбург і атрымала там Дыплом III ступені. Падчас падрыхтоўкі да гэтага конкурсу ёй спатрэбіліся веды ў галіне харэаграфіі. У гэтым пытанні ёй змог дапамагчы этнахарэограф Мікалай Козенка. Дзяўчына захапілася і беларускімі народнымі танцамі. Так склалася, што Ксенію аднойчы запрасілі студэнты інстытута культуры Санкт-Пецярбурга сумесна выступіць у канцэрце. Яна з задавальненнем пагадзілася. Мы мелі магчымасць убачыць фотаздымак, на якім эфектна выглядае наш беларускі народны строй.
Вернемся ж да беларускага касцюма Ксеніі. Пасля фартуха яна была занятая кашуляю. Зноў спатрэбілася аўтэнтычная тканіна. На кашулі таксама вышыты чавускі арнамент, а вось на каўнеры – незвычайны ўзор, які нагадвае вішанькі. Так, дзякуючы карпатлівай доўгай працы ў Ксеніі Жаканавай маецца два «саяна», адзін з якіх суконны. Ён мае верхнюю частку («кабат») бардовага колеру, а ніжнюю частку («андарак») у клетку (у дзяўчыны яна цёмна-зялёная). Дарэчы, раней беларускі лічылі, што добры фартух нашмат каштоўнейшы за спадніцу.

У беларускіх строях дзяўчаты любяць калядаваць. Студэнты акадэміі штогод удзельнічаюць у гэтым абрадзе. А таксама выязджаюць у сельскую мясцовасць, дзе іх заўсёды рады бачыць. Сельскія жыхары іх сустракаюць як родных людзей.

А 30 жніўня 2019 года Ксенію Жаканаву запрасілі на вяселле сяброўкі, якое праходзіла ў нацыянальным стылі. Нявеста, Вольга Фёдарава, усіх гасцей апранула ў беларускія касцюмы, якія яна сама змайстравала за гады свайго захаплення. Атрымалася вясковае вяселле з мінулага.

У планах Ксеніі вырабіць сабе «гарсэт» і пояс для касцюма (мы ж параілі ёй звярнуцца да радамльскіх майстрых). Для завяршэння вобраза Ксенія набыла шыкоўныя каралі, у якіх выглядае яшчэ эфектней. А таксама ў яе ёсць спецыяльныя танцавальныя туфлі з натуральнай скуры з правільнай калодкай, у якіх яна танчыць народныя танцы.

Хацелася б адзначыць, што Ксенія – неактыўны карыстальнік сацыяльных сетак. Дзяўчына лічыць, што жыццё, поўнае жывых зносін, больш цікавае і насычанае …

Фота: chausynews.by

Людміла САЎЧАНКА

Крыніца: “Іскра”