Рэкордна спякотнае лета для ўсёй планеты прагназуюць расейскі Гідраметцэнтр і амерыканскія навукоўцы. З імавернасцю 75%. Апошнія 25 гадоў кожнае лета сапраўды цяплейшае за папярэдняе. Прычына – змена клімату, паведамляе «Белсат».
«Змена клімату прыводзіць да таго, што ўварванне трапічных паветраных мас праяўляецца часцей, у вялікіх маштабах, т. б., захоплівае вялікія тэрыторыі. І такое спякотнае, сухое надвор’е ўстанаўліваецца на больш доўгі тэрмін», – тлумачыць эколаг Ганна Скрыган.
Празмерна спякотнае лета ў першую чаргу адаб’ецца на самаадчуванні людзей з сэрцава-судзіннымі захворваннямі. У спякоту спецыялісты раяць менш бываць на сонцы і замест халоднай вады піць гарачы зялёны чай.
«Другі момант, які нас непасрэдна закране – гэта нашы беларускія лецішчы і нашы падсобныя гаспадаркі. Мы за кошт гэтага выжываем. Якая тут асноўная праблема – што зімы не было, не было снегу. Значыць, амаль не папоўніўся першы ваданосны гарызонт, з якога дачнікі чэрпаюць ваду для сваіх агародаў», – кажа Ганна Скрыган.
Калі лета сапраўды будзе сухім, то дачнікам давядзецца думаць, дзе ўзяць ваду. Што пра гэта думаюць самыя дачнікі, мы запыталіся на вуліцах Магілёва:
– Гарачыні мы не баімся, у нас на пляцы выкапанае азярцо, і мы заўсёды з вадой.
«У мяне пад кожным вуглом стаяць бочкі, спадзяюся, што хоць нейкія ападкі будуць. Буду збіраць ваду і эканоміць».
– Баюся, бо не кожны раз там бываю, па выхадных толькі. Парнікі дапамагаюць суседзі адкрываць-закрываць.
Анамальная спякота закране сельскую, лясную і водную гаспадаркі. Кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі тлумачыць, як спякота адаб’ецца на сельскай гаспадарцы:
«Калі будзе вельмі спякотнае лета, зноў будуць галадаць жывёлы, як гэта адбываецца апошнія гады ў Беларусі». Мы можам назіраць скарачэнне пагалоўя жывёлы, малыя прыбаўленні. Калі карова можа даваць 10-12 тон малака за год, то мы глядзім у Магілёўскай вобласці, і гэта толькі 4 тоны».
Малая эфектыўнасць сельскай гаспадаркі, на думку эканаміста, адлюстроўваецца і ў скарачэнні долі галіны ў валавым унутраным прадукце. А далейшае пагаршэнне сітуацыі, уключаючы надвор’е, вядзе да павелічэння аб’ёмаў харчовага імпарту.
«У нас шмат асушаных зямель – трэба займацца водарэгуляваннем. Нават можа сёння падняць узровень вады ў каналах да максімальнага ўзроўню, каб гэтая вада працавала. Трэба ўсё ж нарошчваць аб’ёмы ўнясення арганічных угнаенняў», – кажа Пётр Мігурскі.
Каб выратаваць сельскую гаспадарку ад засухі, Пётр Мігурскі раіць таксама перайсці на максімальную сяўбу азімых культур і пачынаць сеяць як мага раней.
Вольга Васільева, «Белсат»