Галоўная » Фельчар з Бабруйска: „Лекараў нават на вайне не чапаюць“

Фельчар з Бабруйска: „Лекараў нават на вайне не чапаюць“

Валянціна Алфёрава, 58 гадоў, фэльчар гарадзкой станцыі хуткай дапамогі, Бабруйск:

„Мяне затрымалі ў раёне ГЦ «Карона» 20 верасьня, калі ўдзельнікі мітынгу ўжо разыходзіліся. Выскачылі двое, рукі расставілі і пацягнулі.

Даставілі ў ГУУС на Менскую, 130. Там склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні (арт. 23.34 КаАП). Фармулёўка стандартная — прыняла актыўны ўдзел у масавым мерапрыемстве, усяляк імкнулася прыцягнуць да сябе ўвагу. Зьбіраліся везьці ў ІЧУ да суду. Зрабілі асабісты догляд, прымусілі разьдзецца.

Але мне ад усяго гэтага зрабілася дрэнна. І мяне адвезьлі ў лякарню, у мяне быў высокі ціск – 180/100. І там мяне шпіталізавалі. Так я прабыла на бальнічным да 19 кастрычніка. Увесь гэты час тэлефанавалі зь міліцыі і суду то на працу, то мне асабіста. Прапаноўвалі даць згоду на разгляд справы безь мяне. Я не згадзілася.

Суд прызначылі, як толькі мне закрылі бальнічны, — на 20 кастрычніка. Справу разглядала ў сваім кабінэце судзьдзя Тацяна Тарабуева.

Валянціна Алфёрава

Я адразу выказала недавер суду і падала хадайніцтва пра адвод, бо гэтая судзьдзя выносіць палітычна матываваныя рашэньні. Тарабуева палічыла, што мае довады надуманыя і прычынаў для адводу няма.

Я сказала, што вінаватай сябе не прызнаю. І ўказала на памылкі ў рапарце пра затрыманьне. Там пра мяне напісана «ён», «нёс на плячах бела-чырвона-белы сьцяг». Па-першае, ніякага сьцяга ў мяне не было, па-другое, дык хто я — ён, яна, яно? Хто і пра каго ўсё гэта пісаў?

Старэйшы ўчастковы інспэктар аддзяленьня міліцыі Першамайскага раёну Андрэй Комар патлумачыў, што ў рапарце былі памылкі, але ў пратакол яны не ўвайшлі.

Складаньне пратаколу таксама ішло з парушэньнямі. Мне не растлумачылі мае правы. Калі я на гэта ўказала, мне сказалі — адкрывайце інтэрнэт і чытайце. Што ж, калі ў вас здарыцца апэндыцыт, таксама адкрывайце інтэрнэт, дыягнастуйце і самі сабе рабіце апэрацыю.

Судзьдзя казала, што дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ня ёсьць прадметам разгляду і што на іх я ўжо даўно магла падаць скаргу.

Сьведкам выступаў начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі УУС Бабруйскага гарвыканкаму падпалкоўнік Сяргей Рудзько. Ён не прапускае амаль ніводнай справы паводле арт. ст.23.34 КаАП — альбо сам вядзе працэс, або прыходзіць як сьведка.

Ён казаў, што яны мяне папярэджвалі, а я працягвала хадзіць і размахваць шарыкам, паводзіла сябе нахабна, з выклікам, паказвала розныя жэсты на відэакамэру, кулак, напрыклад.

Пасьля перагляду фатаграфіяў і відэа з шэсьця Тарабуева абвясьціла рашэньне — штраф у 25 базавых або 675 беларускіх рублёў.

Тое, што адбываецца, проста шакуе. Што судзяць журналістаў, адбіраюць ліцэнзіі ў адвакатаў, што нам усім проста схлусілі на выбарах. Калі мяне затрымалі, я сядзела ў гэтым аддзяленьні міліцыі, глядзела на супрацоўнікаў і думала пра тое, што ў нас адбывалася 9-11 жніўня, пра тое, што тады рабіла міліцыя і што перажывалі мірныя людзі. Я не магу пра гэта ня думаць. І як мэдык не магу заплюшчваць вочы на тое, як людзей б’юць, чыняць над імі гвалт.

Тады, у жніўні, калегі выяжджалі на выклік да маладога мужчыны зь пераломам сьцягна пасьля сутычкі з АМАПам на плошчы. Гэты мужчына пытаўся, за што зь ім так. А яму матам адказвалі, каб замаўчаў, і каб было за што, увогуле забілі б. А міліцыянт, які яго суправаджаў, на пытаньне лекараў, што будзе тым, хто да такога стану пабіў чалавека, адказваў — нічога.

Я слухаю гэта ўсё, чытаю, бачу, і мой розум дагэтуль адмаўляецца гэта ўсё ўспрымаць, гэтую скрайнюю жорсткасьць. Сілавікі быццам ня думаюць, што яны робяць. Яны паводзяць сябе як рабы, якія прадаліся за гэтыя высокія заробкі, і цяпер робяць усё, што ім скажуць. І яны лічаць, што гэта дастатковае апраўданьне — маўляў, я ўсяго толькі выконваю загад, раблю тое, што скажа «гаспадар».

Лекараў нават на вайне не чапаюць, бо яны ратуюць усіх — і сваіх, і ворагаў, і злачынцаў, і міліцыянтаў. А ў нас не глядзяць ні на што. Караюць мэдыкаў і ня думаюць, што хутка ня будзе каму іх саміх лячыць і ратаваць.

Я спрабую ўявіць сабе, што б я адчувала, калі б мне давялося прыехаць на выклік да тых, хто мяне затрымліваў, да Рудзько таго ж ці да судзьдзі Тарабуевай, якая вынесла гэтае рашэньне пра мяне. Напэўна, у душы ў мяне была б бура. Але гэта ніяк не адбілася б ні на маіх паводзінах, ні на маіх словах — я б сумленна ратавала іхныя жыцьці, як і ўсіх іншых людзей у разе неабходнасьці.

Сума штрафу 675 рублёў — гэта месячны заробак фэльчара хуткай дапамогі.

Пасьля суду на разьвітаньне падпалкоўнік Рудзько сказаў мне: «У нас яшчэ шмат матэрыялаў на вас. Трымайцеся».

Але я хадзіла, хаджу і буду хадзіць на мірныя мітынгі. Мяне ня спыняць ні гэтыя пагрозы, ні суды і штрафы. Нам усім нельга здавацца. Трэба пратэставаць і далей. Як вядома, вада і камень точыць, нават па кропельцы. Таму нельга спыняцца“.

„Бобруйский курьер“