Сёння 25 кастрычніка ў Магілёве ў кінатэтры Радзіма адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2021». У праграме запланаваны паказы конкурсных і фестывальных кінапраграм (ад 0+ да 18+), выставы творчых работ, майстар-класы, творчае выступленне.
Даведка. Першы фестываль адбыўся ў маі 1998 года ў Мінску. У верасні таго ж года фестываль пераехаў у Магілёве, з таго часу тут штогод прымаюць гасцей і ўдзельнікаў фестывалю анімацыйных фільмаў.
Ва ўмовах пандэміі ковіда і фінансавага крызісу лёс фестывалю сёлета доўга не быў вырашаны, прыём работ распачаўся толькі 4 жніўня, а праграма фестывалю скарочана да трох дзён.
Значна скарацілася і колькасць прадстаўленых работ.
Так, у мінулым годзе на конкурсах анімацыйных фільмаў і дзіцячай анімацыйнай творчасці былі заяўлены 283 фільмы з 45 краін, на конкурс дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці – 350 работ з Беларусі, Расіі і Казахстана.
Сёлета на конкурсы фестывалю прадстаўлена 180 работ з 28 краін свету. Сярод новых краін-удзельніц – Паўночная Македонія і Егіпет. Ад Беларусі ў конкурсы заяўлены 31 стужка – большасць у дзіцячым конкурсе, а ў асноўным конкурсе анімацыйных фільмаў удзельнічаюць тры стужкі вытворчасці кінастудыі “Беларусьфільм”, якія зняты цягам апошняга года.
Экспертная камісія адабрала 112 анімацыйных фільмаў з 19 краін. Журы абвесціць пераможцаў 27 кастрычніка на цырымоніі закрыцця фестывалю. Па шматгадовай традыцыі старшынёй журы асноўнага конкурсу анімацыйных фільмаў стаў вядомы расійскі рэжысёр Леанід Носыраў, у складзе журы – рэжысёр Алена Турава (Рэспубліка Беларусь), рэжысёр Патэй Сэмюэль (Швейцарыя), рэжысёр Эдвард Кульбаеў (Рэспубліка Казахстан).
З мэтай выяўлення і падтрымкі таленавітых дзяцей і падлеткаў сёлета павялічылася колькасць узроставых груп удзельнікаў конкурсу дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, а прымаць удзел у ім могуць дзеці ад 5 да 17 гадоў.
Магілёўскае дзяржаўнае прадпрыемства «Кінавідэапракат» запрашае магілёўцаў і гасцей горада на фестывальныя мерапрыемствы ў кінатэатры горада: “Чырвоная зорка”, “Радзіма”, “Космас” і “Ветразь”.