Рэгіянальны фестываль «Дрыбінскія таржкі» пройдзе 15-17 жніўня ў Дрыбіне. Пра гэта паведамілі ў райвыканкаме.
Традыцыя праводзіць «таржкі» з’яўляецца гістарычнай. У XIX стагоддзі на дрыбінскай зямлі на дзень святога Іллі ладзіліся падобныя кірмашы, вядомыя ў акрузе і далёка за яе межамі. З усіх бакоў свету з’язджаліся купцы на Дрыбіншчыну.
Сёння гэты кірмаш атрымаў другое дыханне. Свята ў гэтым годзе адбудзецца ўжо ў дзявяты раз. Падрыхтоўка да форума ідзе поўным ходам. Фестывальныя мерапрыемствы будуць праходзіць у трохдзённым фармаце.
Першы дзень, 15 жніўня, будзе накіраваны на дзяцей. Ля возера Кропелька запланавана правядзенне творчых конкурсаў, майстар-класаў, фестывалю фарбаў, разнастайных забаўляльна-гульнявых праграм, дыскатэкі з удзелам ды-джэяў і МС. Таксама будуць працаваць «крамніцы» і фотазоны.
16 жніўня на цэнтральнай плошчы Дрыбіна арганізатары падрыхтавалі нямала мерапрыемстваў для моладзі. У гэты дзень будуць працаваць пляцоўкі па інтарэсах, арганізаваны спартыўныя спаборніцтвы, квэст-гульні, адбудзецца конкурс ды-джэяў «Дрыбін-драйв». Яркім момантам стане выступленне гурта «Дразды» і дыскатэка.
На працягу галоўнага фестывальнага дня на цэнтральнай плошчы Дрыбіна будзе панаваць атмасфера весялосці і творчасці. Гасцей сустрэнуць пастаянныя вядучыя Дрыбша і Сымоніха. Будуць працаваць шматлікія крамніцы. У горадзе майстроў умельцы прадставяць свае вырабы і правядуць майстар-класы. Нязменным атрыбутам мерапрыемства стануць падворкі ўстаноў і прадпрыемстваў Дрыбіншчыны. Сярод іх правядуць конкурс, а найлепшыя атрымаюць падарункі. Акрамя таго, госці свята змогуць пабываць на дэфіле валяных і саламяных вырабаў, наведаць выставу рэтра-аўтамабіляў 60-70-х гадоў і канцэрт народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленкі. Завяршальным акордам «Дрыбінскіх таржкоў» стане лазернае шоу і салют.
Крыніца: mogilev-region.gov.by