Гандлёвыя рады з выстаўкай сельскагаспадарчых машын 19 і 20 лістапада адкрыты ля Палаца культуры вобласці. Гэтая традыцыйная разрэкламаваная гандлёвая акцыя сёлета называецца абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2021”. Наведванне яго адных расчаруе, а другіх прыемна здзівіць.
У пятніцу і суботу ля Палаца вобласці працуюць гандлёвыя рады розных сельскагаспадарчых і гандлёвых прадпрыемстваў вобласці. Мерапрыемства звычайнае і традыцыйнае. Такія гарадскія кірмашы тут ладзяцца штогод і ўжо мала каго здзіўляюць. Апошнім часам і цікавасць да іх рэзка зменшылася, бо па такім самым кошце прадукты можна набыць у сваіх мікрараёнах ці замовіць іх прывоз да дому.
Магчыма для таго, каб павысіць цікавасць да сваіх мерапрыемстваў, сёлетняя акцыя названа гучна – Абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2021”.
Рэклама мерапрыемства абяцала, што можна будзе набыць прадукты: гародніну і садавіну; кулінарныя і кандытарскія вырабы; харчовыя і нехарчовыя тавары ў асартыменце; мясную, малочную прадукцыю, мёд і нават цацкі ды сувеніры.
Чаканні ад сёлетняга кірмашу таксама былі традыцыйныя – усё будзе па трафарэту апошніх гадоў: палаткі і пакупнікі сталага веку, шашлыкі, водка і іх аматары, папсовыя пераважна рускамоўныя спевы, выстава трактароў, сумныя чыноўнікі, якія чакаюць сканчэння прымусовай працы і штосьці п’юць, некалькі калектываў самадзейнасці, якія спяваюць для саміх сябе.
Але паколькі сёлета гэта не кірмаш, а фестываль, то захацелася мне на свае вочы пабачыць розніцу, знайсці так бы мовіць тры адрозніванні ад штогадовага фармату.
На першы погляд усё традыцыйна. На паркоўцы ля парку атракцыёнаў стаіць навюткая сельскагаспадарчая тэхніка, якая выпускаецца на беларускіх прадпрыемствах: у Магілёве, Гомелі, Лідзе, Пінску. Так было і раней. Усё, так бы мовіць, зроблена па кальцы. Асаблівай цікавасці яна ў магілёўцаў не выклікала.
Далей уздоўж праспекта Пушкінскі ў шэраг размешчаны мікразоны ўсіх раёнаў Магілёўскай вобласці. Нічога новага ці арыгінальнага і тутака няма. Як на рэспубліканскіх, так і на абласных дажынках так робіцца здаўна.
А вось і галоўнае здзіўленне – усе раёны маюць аншлагі з беларускамоўнай назвай: сядзіба, гасцёўня, падворак і нават фарпост. Штосьці ў іх можна і набыць, але па дробязі. Паўсюль спяваюць беларускамоўныя спевы калектывы самадзейнасці раённых дамоў культуры. Магчыма напрыканцы дня яны і заспяваюць традыцыйную рускую папсу, але напачатку, як па загадзе, спяваліся народныя і беларускамоўныя спевы. Усё гэта бліжэй да сапраўдных Дажынак. Прыемна. Так многа нацыянальнага на кірмашах у Магілёве даўно не было.
Адзін з чыноўнікаў адкаментаваў гэта так : “Трэнд такі сёлета!” Можа я штосьці прапусціла, але гэтага трэнду не бачыла за апошні год. Цікава… З чаго б гэта не было, але трэба прызнаць, што беларускага сёлета сапраўды значна болей. І людзям, як бачна, гэта спадабалася, бо слухалі і стаялі каля самадзейных артыстаў слухачы ахвотна. А артыстам, калі ёсць для каго спяваць, то выступ заўжды ў радасць! Да і раённыя дзеўкі і нават кабеты ў народных строях, трэба прызнаць, яшчэ тыя кралі.
Уздоўж вуліцы Гагарына размешчаны гандлёвыя палаткі. Паглядзеўшы іх магу засведчыць, што тут кірмаш прайграў сваім папярэднікам. Выбар сельскагаспадарчай прадукцыі даволі бедны. Той хто прыехаў толькі “затарыцца” – будзе расчараваны.
Шашлыкі безумоўна ёсць, але гэтым разам яны не галоўная падзея. Для часткі публікі – гэта таксама расчараванне. Некаторыя магілёўцы відавочна прыйшлі пабавіць час, выпіць і закусіць, а тутака – аблом, бо выбар небагаты.
Ці мае такая форма гандлю і баўлення часу права на жыццё? Безумоўна. Свае аматары кірмашоў, шашлыкоў і гарэлкі ёсць, пакупнікі прыйшлі. Праўда, сярод наведвальнікаў зусім мала моладзі і небагата людзей сярэдняга веку. Магчыма яны не паверылі, што будзе сапраўды нешта накшталт фэстывалю.
Застаецца адкрытым пытаннем: якая мэта была ў гучнай назве і навязлівай рэкламе?
Наўрад ці адказ – эканамічны прыбытак. Бо чамусьці склалася ўражанне, што не ўсе прадаўцы працуюць з задавальненнем, адчуваецца, што некаторыя палаткі пастаўлены не для сапраўднага гандлю, а па прымусе для справаздачы.
Найбольш верагодна абласныя ўлады з-за недахопу сродкаў вырашылі з найменшымі стратамі выйсці з немагчымасці правядзення сапраўднага свята дажынак, якое раней з помпай праходзіла ў краіне і было ледзь не галоўным святам года. Але гэтым разам, нечакана быў зроблены хаця б вонкавы акцэнт на народных беларускіх традыцыях, і гэта дадало арыгінальнасці фестывалю, ён не стаў банальным паўторам штогадовых кірмашоў.
Дарэчы, гандлёвыя рады працуюць 19 лістапада: – з 10.00 да 18.00, 20 лістапада – з 10.00 да 16.00.
Тася Лемон