Галоўная » Фотарэпартаж з адкрыцця помніку Алесю Адамовічу ў Глушы

Фотарэпартаж з адкрыцця помніку Алесю Адамовічу ў Глушы

Бюст беларускаму пісьменніку і грамадскаму дзеячу Алесю Адамовічу ўрачыста адкрылі на яго радзіме – у пасёлку Глуша Бабруйскага раёна.

Цырымонія адкрыцця адбылася 9 лістапада і сабрала значную колькасць гасцёў з розных рэгіёнаў краіны. Бюст усталявалі на цэнтральнай вуліцы пасёлка, каля Дому культуры. Галоўным ініцыятарам ідэі ўсталяваць помнік знакамітаму беларускаму пісьменніку Алесю Адамовічу быў актывіст Андрусь Архіпенка, а сам бюст стварыў скульптар Генік Лойка, вядомы яшчэ і як аўтар помніку Тадэўшу Касцюшцы, што некалькі год таму ўсталявалі на радзіме нацыянальнага героя. Дарэчы, гэтак жа, праз народныя ахвяраванні, былі сабраныя і неабходная сродкі на помнік Алесю Адамовічу, а найбольшы ўнёсак у агульную справу зрабілі пісьменніца Святлана Алексіевіч і заснавальнік парталу Тут.бай Юрый Зісер.

Перад адкрыццём Галоўны ініцыятар ідэі – актывіст Андрусь Архіпенка Дачка пісьменніка Натальля Адамовіч Скульптар Генік Лойка Дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу і старшыня арганізацыі ТБМ імя Скарыны Алёна Анісім Старшыня Магілеўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Казека

На адкрыццё ў Глушу прыехала нямала вядомых людзей. Безумоўна, адным з галоўных арганізатараў усяго дзейства была дачка пісьменніка Наталля Адамовіч, улады прадстаўлялі Старшыня Глушанскага сельскага савету Марыя Сушчанка і начальнік аддзелу ідэалагічнай працы Бабруйскага райвыканкаму Галіна Чарнова. З віншавальнымі словамі выступілі дэпутат Палаты Прадстаўнікоў і старшыня арганізацыі ТБМ імя Скарыны Алёна Анісім, старшыня Магілёўскай  суполкі Саюзу пісьменнікаў Беларусі Алесь Казека.
Перад цырымоніяй адкрыцця помніка госці імпрэзы ўсклалі кветкі да мемарыяльнай брацкай магілы воінам і партызанам, што загінулі пад час вайны. Пасля ўсе разам наведалі глушанскія могілкі, дзе пахаваны побач з бацькамі і сам Алесь Адамовіч. Праваслаўны святар правёў на магіле памінальны абрад.

Кветкі да абеліску воінам, што загінулі ў баях Памінальная служба на магіле Алеся Адамовіча Каля магілы матулі пісьменніка

Трэба адзначыць, што ўсталяваны бюст – першы помнік Алесю Адамовічу не толькі на малой радзіме, але і ўвогуле ў Беларусі, і нават у свеце. Да гэтага ў памяць пра знакамітага пісьменніка была толькі ўсталяваная памятная шыльда ў Маскве. У мінулым годзе ў Глушы з’явіўся арт-аб’ект «Прыпынак Адамовіча», і так сама з ініцыятывы Андруся Архіпенкі. На прыпынку грамадскага транспарту ў пасёлку быў намаляваны партрэт пісьменніка і цытатай з ягонага твору.

Памёр Алесь Адамовіч 26 студзеня 1994 году ў Маскве. А ў 1996-м годзе, да 70-годдзя пісьменніка, месцячы прапанавалі перайменаваць у памяць Алеся Адамовіча цэнтральную вуліцу пасёлка – Кастрычніцкую, дзе зараз і ўсталяваны бюст, але на той момант улады не падтрымалі ініцыятыву. Зараз працягваецца збор сродкаў на стварэнне музею пісьменніка ў Глушы, які плануюць адкрыць у старым будынку былой аптэкі тут жа ў Глушы, дзе пад час вайны працавала маці Алеся Адамовіча.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара

 

Больш фота: