Старшы следчы Бялыніцкага райаддзела Следчага камітэта Ю.Яцкоў перадаў арыштаваную маёмасць грамадскага актывіста Алега Мяцеліцы прадстаўніку Галоўчынскага сельсавета. Раней аграсядзіба “Старкі” у весцы Ягадка была на захоўванні ў былой жонкі Мяцеліцы Наталлі.
Аб перадачы арыштаванай нерухомасці актывіст, які зараз знаходзіцца ў Літве, даведаўся 13 жніўня 2021 года. Менавіта гэтай датай пазначана адпаведная пастанова следчага Яцкова. Згодна ёй, ад 30 ліпеня арыштаваную маёмасць, у тым ліку і аграсядзібу, пільнавала былая жонка. Аднак, праз два тыдні ўзніклі нейкая неабходнасць, з-за якой апячатаная цяпер аграсядзіба мусіць перайсці на захоўванне да прадстаўніка Галоўчынскага сельсавета.
Паводле Алега Мяцеліцы, яму невядома, з-за чага ўзнікла такая неабходнасць, і чаму яе не было напрыканцы ліпеня. Ён мяркуе, што мясцовыя сілавыя ведамствы такім чынам спрабуюць абабраць яго, згодна з вызначанай палітыкай тэрора іншадумцаў.
Актывіст распавеў, што не згодны з такімі дзеннямі сілавікоў, а яго была жонка мае намер абскардзіць пастанову.
Нагадаем, што ў ліпені стала вядома аб абвяшчэнні Алега Мяцеліцы ў вышук па крымінальнай справе аб паклёпе на намесніцу старшыні Бялыніцкага райвыканкама Ірыну Фурсаву. Паводле крымінальнай справы, узбуджанай па артыкуле 188 Крымінальнага кодэкса, нібыта Мяцеліца 18 жніўня 2020 года на вуліцы Савецкай у Бялынічах выказаў абразу ў адрас чыноўніцы.
Па інфармацыі “Магілёўскага рэгіёна”, на працягу апошніх месяцаў супрацоўнікі міліцыі неаднаразова прыходзілі да сваякоў Алега Мяцеліцы з мэтай высветліць яго месцазнаходжанне.
Між тым ні для каго ў Бялынічах не сакрэт, што ён даўно ўжо знаходзіцца за межамі Рэспублікі Беларусь. Больш за тое, у канцы мая Радыё Ўнэт расказала пра яго вяселле ў Вільні.
Бялыніцкі прадпрымальнік Алег Мяцеліца – актывіст дэмакратычнага руху з шматгадовым стажам. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года яму ўжо даводзілася пакідаць Беларусь з-за пагрозы арышту. У апошнія гады Мяцеліца цесна супрацоўнічаў з кампаніяй «Гавары праўду». Яго неаднаразова арыштоўвалі супрацоўнікі праваахоўных органаў, у тым ліку і ў мінулым 2020-м.
У сваёй аграсядзібе «Старкі» ў вёсцы Ягодка Бялыніцкага раёна Алег Мяцеліца рэгулярна праводзіў розныя культурныя і грамадскія мерапрыемствы.
Уладзімір Лапцэвіч